Беларускі софт #3. "Драўляны Зэдлік"

Сення я працягну свой расказ аб праграмным забеспячэнні, якое стварылі нашы айчынныя распрацоўшчыкі. У трэцім артыкуле цыкла "Беларускі софт" я хачу расказаць вам, шаноўнае спадарства, пра праграмы з сайту "Драўляны Зэдлік" (www.zedlik.com). Нельга сказаць, каб там іх было зашмат, але, як гаворыцца, не колькасцю, а майстэрствам. Мне здаецца, гэтыя прылады могуць значна дапамагчы некаторым з нашых чытачоў.

На жаль, я не ведаю нават імя чалавека, які іх стварыў. Ен (ці яна?) ставіць просты і скромны подпіс пад сваімі распрацоўкамі: "Copyright (c) 2004-2005 j.Zedlik. Усе правы належаць праваўладальніку".

Першая з распрацовак (на сайце, як можна здагадацца, усе яны знаходзяцца у раздзеле "Праграмы") - VMS 2.0.3. З яе дапамогай вы можаце адпраўляць праз інтэрнэт SMS-паведамленні на тэлефоны беларускіх аператараў сотавай сувязі. Нельга сказаць, што ідэя праграмы такая ўжо занадта арыгінальная, але ж карыснай гэтую прыладу робіць арыентацыя менавіта на Беларусь. Многія з аналагічных праграм, распрацаваных за мяжой, трэба доўгі час наладжваць перад тым, як перайсці да актыўнага карыстання. З VMS гэтай праблемы не ўзнікне: як спампавалі з інтэрнэта - адразу пачынайце карыстацца, нават спецыяльна ўсталеўваць не трэба, дастаткова куды-небудзь распакаваць. У апошняй версіі, якую можна знайсці на сайце аўтара, праграма падтрымлівае дасылку на тэлефоны, якія належаць да сетак Velcom, МТС і Diallog. Сетка БеСТ яшчэ не падтрымліваецца, але не думаю, што гэта можа выклікаць у кагосьці нейкія праблемы, бо колькасць абанентаў БеСТ зараз яшчэ не надта вялікая.

Для таго, каб абанент мог атрымаць SMS-паведамленне, адпраўленае з дапамогай VMS, у яго мусіць быць актывізаваная паслуга атрымання SMS-паведамленняў з сайта аператара. Інфармацыя пра актывізацыю паслугі прыведзена на сайтах усіх аператараў.

З прыемных асаблівасцяў праграмы хочацца падмеціць тое, што прысутнічае падтрымка тэлефоннай кнігі (на жаль, нічога, акрамя прозвішча і нумару тэлефона, у яе дадаць нельга), а таксама падтрымка шматбайтавых сімвалаў Unicode. Праграма можа карыстацца HTTP і HTTPS Proxy, аўтаматычна выконваць транслітарацыю, аўтаматычна дадаваць да паведамленняў загадзя ўведзены карыстальнікам подпіс, і чамусьці мае асобныя налады для кожнага з аператараў. Для Velcom можна ўказаць, які набор сімвалаў дасылаецца - кірылічны ці лацінскі; для МТС можна ўказаць дату і час, да якіх трэба паспець даставіць паведамленне і скарэктаваць час даслання (па змаўченню - на 60 хвілін). Для Diallog - тое ж, што для МТС, плюс яшчэ можна адкласці адпраўку на пэўны час.

Інтэрфейс праграмы просты, але дастаткова прыемны. Акрамя самой праграмы і неабходнай для яе работы бібліятэк, аўтар укладае ў архіў з ею тэкставы файл з парадамі і падказкамі. Сярод іх есць, напрыклад, такое: "Праз пэўныя гейты (або на пэўных тэлефонах) не праходзяць кірылічныя літары І, і, Ў, ў. Таму варта або не выкарыстоўваць іх, калі ня ўпэўнены дакладна, або ўводзіць аўтазамену". Там жа аўтар папярэджвае: "Літара "M" у назве праграмы да назвы кампаніі МТС ня мае абсалютна ніякага дачынення".

Таксама прыемна зазначыць, што праграма, відавочна, распрацаваная з дапамогаю Borland Delphi. Адкрыта гэта не гаворыцца, але ў тэксце акна "Аб праграме" узгадваюцца TntWare Delphi Unicode Controls і TntWare Delphi Unicode Controls, таму можна зрабіць такое заключэнне.

Сярод іншых праграм на сайце "Драўляны Зэдлік" можна знайсці канвертар з кірыліцы ў лацінку Kir2Lac. Праграма дазваляе канвертаваць файл на кірылічнай беларускай мове ў такі ж, але з лацінскімі літарамі. Гэта адрозніваецца ад простай транслітарацыі, бо ніякі транслітаратар не ператворыць літару "ў" у літару "U" (магчыма таксама ператварэнне ў "W"). Карацей кажучы, нічога добрага не атрымаецца, калі вы паспрабуеце правесці транслітарацыю беларускамоўнага тэксту з дапамогай нейкай рускамоўнай праграмы. Таму лепш скарыстаць распрацоўку беларускага праграміста, тым больш што з рускамоўнымі тэкстамі яна працуе без аніякіх праблем.

Дарэчы, амаль усе распрацоўкі з сайта "Драўляны Зэдлік" (акрамя VMS) датычацца беларускай лацінкі. Напрыклад, на гэтым сайце можна знайсці праграму "Раскладка клавіятуры беларускай лацінкі для Windows 2000/XP". Фактычна, гэта драйвер для працы з беларускай лацінкай праз раскладкі клавіятуры - як, напрыклад, вы працуеце, чаргуючы рускую і англійскую мову праз Ctrl+Shift ці Alt+Shift. Да яго нармальнай усталеўкі трэба будзе таксама спампаваць з сайта распрацоўшчыка спецыяльную прыладу для гэтага, якая называецца "Keyboard Layout Tool for Win2k/XP". Дарэчы, з дапамогай апошняй прылады можна ўсталяваць у сістэму любую раскладку клавіятуры ад пабочных распрацоўшчыкаў.

Што ж, гэта ўсе, што я меў сення вам распавесці. Дарэчы, забыўся яшчэ вось на што: усе праграмы, якія вы можаце атрымаць на zedlik.com, абсалютна бясплатныя. Таму можаце свабодна карыстацца імі і расказваць пра іх сябрам.

Вадзім СТАНКЕВІЧ

Версия для печатиВерсия для печати

Номер: 

18 за 2006 год

Рубрика: 

Software
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!