Беларускі софт #4. "Кітайскі арнамент" (КВ-Лайт)

Дзіўныя людзі кітайцы. Мала таго, што жыве іх на нашай планеце больш за ўсе іншыя народы, дык яшчэ і праславіліся яны на ўвесь свет сваім вынаходніцтвам. Сярод найбольш знакамітых рэчаў, якія вынайшлі кітайцы, - порах, компас, гарбата і "культурная рэвалюцыя". Але ж не ўсе з гэтых цікавых рэчаў мелі такі вялікі рэзананс, як тыя, якія я толькі што ўзгадаў. І пра адну з такіх вынаходак мы сёння з вамі, шаноўнае спадарства, і пагутарым.

Прадбачу пытанні, якія адразу ўзнікаюць: так, мы з вамі сёння, як і ў папярэдніх трох артыкулах, будзем разглядаць распрацоўку беларускага праграміста, але ж гэтая праграма самым непасрэдным чынам звязаная з кітайцамі і з іх знакамітаю Кнігаю Змен. Вось што піша сам аўтар пра сваю распрацоўку: "Праграма Chinese Pattern (Кітайскі арнамент) сваёй мэтай ставіць вядзенне вынікаў варажбы па Кнізе Змен. Прычым варажба можа здзяйсняцца як праграмным спосабам, пры дапамозе Chinese Pattern, так і ручным уводам, з захаваннем выніку ў базе дадзеных". Сам яе аўтар у акне "Аб праграме" свайго імя і прозвішча не раскрывае, а падпісваецца як MANTICora Software. Усталёўшчык праграмы "важыць" каля двух з паловаю мегабайтаў, а атрымаць яго можна на сайце htmlreader.codeby.net.

Вы можаце сказаць, паклаўшы руку на сэрца, што вас не цікавіць уласная будучыня? Асабіста я не магу. І думаю, большасць людзей падпішацца пад гэтымі словамі. А ўжо наколькі будучыня цікавіць чалавека, стварыўшага такую прыладу, нават уявіць страшна. Мабыць, гэта проста яго хобі. Як гаворыць сам аўтар, у яго распрацоўцы робіцца акцэнт як на момант варажбы, так і на вядзенні вынікаў гэтай варажбы, з наступнай апрацоўкай і аналізам. Для тых, хто не вельмі разумее, як гэтыя вынікі апрацоўваць, у праграме ёсць тры варыянта іх трактоўкі: заходні варыянт Барбары Хэйсліп, кананічны тэкст і адаптаваны кітайскі варыянт Ю. К. Шчуцкага. Трэба адзначыць, што асабіста мне найбольш зразумелым падаецца заходні варыянт, бо кананічны занадта ўжо лаканічны (вось як - нават у рыфму), а адаптаваны кітайскі, наадварот, адмыслова вялікі.

Не буду прыводзіць вынікі сваіх эксперыментаў з "Кітайскім арнаментам", але трошкі ўсё ж раскажу. У галоўным акне (гл. ілюстрацыю) трэба ўвесці сваё пытанне, потым шэсць разоў націснуць кнопку "Варажыць", і ў асноўнай частцы акна будзе відаць вынік варажбы. На маё пытанне "Калі павялічыцца заработная плата?" (зразумела, мая ўласная, а не ва ўсім свеце адразу) "Кітайскі арнамент" выдаў такую вось сентэнцыю (у заходнім варыянце): "Ваш час прыйшоў, актыўна прымайцеся за справу, але, зразумела, памятаючы аб неабходнай прадбачлівасці, інакш усё намаганні пойдуць прахам. Не прымайце занадта паспешліва тыя прапановы, якія вам толькі што зрабілі або вось-вось зробяць. Цалкам магчыма, што яны значна меней выгодныя вам, чым на першы погляд падаецца. Тое ж самае ставіцца да вашых новых любоўных і сяброўскіх сувязяў. Разумныя і рэальныя жаданні выканаюцца. Для падарожжаў, далёкіх паездак час непрыдатны. Памятайце прыказку: не рой іншаму яму, сам у яе патрапіш". Нават не ведаю, як з такімі разумнымі словамі паспрачаешся.

Вось так, хочаце - верце, хочаце - не, як гаварыў персанаж кінафільму "Паласаты рэйс". Калі вы прафесійна займаецеся варажбой, думаю, вас гэтая праграма абавязкова зацікавіць, а калі яна вам яшчэ і спадабаецца, у вас ёсць рэальны шанец аддзячыць за яе аўтару, які просіць усіх: "Аўтар праграмы шукае малюнкі карт I-Ching, адсканаваных у рэальным памеры і з добрай якасцю. Калі ў гэтым вы можаце дапамагчы аўтару, звяжыцеся з ім і прынесяце рэальную дапамогу ва ўдасканаленні праграмы".

 

Калі ж не займаецеся варажбой прафесійна, то праграма для вас усё роўна карысная. Гэта - бясплатны астрапрагноз на кожны дзень, на ўсе магчымыя выпадкі развіцця абставін. Таму не праходзьце міма, качайце і карыстайцеся!

Яшчэ раз нагадаю, што працягваецца прыём спасылак на праграмы беларускіх распрацоўшчыкаў. Дасылайце мне іх на адрас dreamdrusch@tut.by.

Вадзім СТАНКЕВІЧ


Кніга-аракул

Некалькі слоў пра саму Кнігу Змен. Інфармацыю я атрымаў пераважна з дапамогі да праграмы, а таксама з iнтэрнэту. Папярэджваю, што гэта проста звесткі, якія не адлюстроўваюць ні майго асабістага погляду, ні, напэўна, рэальнага раскладу спраў.

І-цзін (Кніга Змен) - кніга-аракул. Яна была створаная і вытлумачаная ў Кітаі больш за 3000 гадоў таму. Яна не проста апісвае перамены, а ўдзельнічае ў іх, з'яўляючыся часткай працэсу, які мадэлюе. Раючыся з ёю, вы пазнаеце чыннікі сітуацыі, у якой находзіцеся, і шляхі выхаду з яе. Гэта люстэрка, якое паказвае працу ўтоеных сіл, рухаючых пераменамі, што адлюстроўвае тое, што дзеецца ў вашай падсвядомасці. Па вераваннях старажытных кітайцаў, спачатку светабудова складалася з драбнюткіх часціц "ці". Сярод гэтых часціц былі лёгкія, светлыя (ян) і цяжкія, цёмныя (інь). Падзяліўшыся, першыя ўтварылі Неба, другія - Зямлю. Пасля утварэння Неба і Землі з розных камбінацый усё тых жа часціц ян і інь, з узаемадзеяння светлага і цёмнага, мужчынскага і жаночага пачаткаў з'явілася ўсё жывое і нежывое, паўстала прырода і яе з'явы, рухі і супакой, цеплыня і холад, дабро і зло. Стыхійнасць, непрадказальнасць суадносін розных сіл, з'яў, учынкаў выклікалі ў людзей натуральнае жаданне ўлавіць хоць нейкую заканамернасць, якую можна было б паскладаць у зразумелую і стройную сістэму. Роля гэтай сістэмы ў Старажытным Кітаі адыграла класічная Кніга Змен. "Кніга" складаецца з 64 знакаў, кожны з якіх выяўляе тую або іншую жыццёвую сітуацыю ў часе з пункта погляду яе паступовага развіцця. Знакі складаюцца з шасці рысаў кожны; і гэтыя рысы пазначаюць паслядоўныя прыступкі развіцця дадзенай сітуацыі. У аснове "Кнігі перамен" ляжаць гексаграмы, якія складаюцца з шасці суцэльных і перарваных рыс. Вынаходства гэтай варажбы, паводле паданню, прыналежыць легендарнаму кітайскаму правіцелю Фу Сі, уладарыўшаму, як прынята лічыць, з 2852 па 2737 г. да н. э. Аднойчы, каштуючы на беразе ракі Хуанхэ, Фу Сі ўбачыў выплыўшую вялізнаю чарапаху (у іншых крыніцах згадваецца дракон, у трэціх - конь), на спіне якой былі напісаныя таямнічыя знакі, якія складаліся з суцэльных і перарваных пасярэдзіне рыс. У іх спалучэннях Фу Сі ўбачыў сістэму знакаў, адпаведных яго ўяўленням аб светабудове, дзе галоўнае месца належыла Небу і Зямлі, з узаемадзеяння якіх нараджалася ўсё жывое і нежывое, усё з'явы і рэчы.Кожны з гэтых знакаў меў сваё значэнне, паказваў на вызначаную ўласцівасць і выяўляў пэўную выяву. Чаму Кніга І-цзін працуе? Яна здзяйсняе доступ да вашага несвядомага. Адказы на ўсе пытанні - унутры нас. Несвядомае кожнага з нас злучанае з агульным інфармацыйным полем. І менавіта адтуль мы чэрпаем пэўныя адказы на свае пытанні з дапамогай інтуіцыі або мантычных тэхнік, адной з якіх і з'яўляецца І-цзін.

Версия для печатиВерсия для печати

Номер: 

20 за 2006 год

Рубрика: 

Software
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!