Беларускі софт #15

Распрацоўкі ALIN Software

Газета "Кампутарныя весткі" працягвае публікацыю матэрыялаў аб праграмах, што створаны айчыннымі сафтовымі майстрамі. Дзякуй, паважаныя чытачы, за дасланыя вамі лісты са спасылкамі і прапановамі. Вельмі прыемна, што вам падабаецца бачыць родную мову на старонках любімай газеты, а таксама прыемна, што на Беларусі шмат людзей, якія здольныя стварыць добрую канкурэнтаздольную праграму для персанальнага кампутару. Нагадваю, што я заўсёды рады атрымаць ад вас спасылкі (іх колькасці віртуальна не абмежаваная, чым больш - тым лепш!) на праграмнае забеспячэнне, распрацаванае жыхарамі Беларусі. Мой электронны паштовы адрас - dreamdrusch@tut.by.

Сёння, паважаныя, я раскажу вам аб даволі цікавых распрацоўках, створаных кімсьці з горада Баранавічы. На жаль, я не ведаю, як гучаць імя і прозвішча гэтага чалавека. Ён (яна?) такі скромны, што нават на сайце, прысвечаным гэтым распрацоўкам, не пажадаў (пажадала?) раскрыць таямніцу сваіх пашпартных даных. Таму, думаю, будзе зусім нядрэнна стварыць на старонках "КВ" гэткі "помнік невядомаму праграмісту" (адразу ж узгадваецца Алекс Экслер з яго "Запіскамі нявесты праграміста") у выглядзе артыкула аб яго ці яе распрацоўках.

Знайсці гэтыя распрацоўкі ў Сусветнай сетцы можна па адрасу alinsoft.narod.ru. Нават ня ведаю, чаму беларускія распрацоўшчыкі так любяць карыстацца сервісам narod.ru для размяшчэння сайтаў са сваімі распрацоўкамі. У Байнэце (хто не ведае - гэта назва беларускага сектара інтэрнэту) есць выдатны партал TUT.BY, на якім таксама можна атрымаць бясплатны хостынг (гэта значыць, магчымасць выкласці сайт у сусветнае павуцінне). Але ж вось чамусьці аўтар праграм сённяшняга агляду выбраў расейкі хостынг.

Але ж гэта так, лірыка, калі дазволіце такі выраз. На самой справе, канешне ж, больш важна не тое, дзе праграмы размешчаны, а тое, як яны працуюць і што добрага могуць прапанаваць карыстальнікам. Вось зараз я вам аб гэтым і распавяду.

 


Улік даверанасцяў

Назва першай праграмы, прадстаўленай на сайце - "Улік даверанасцяў". Думаю, глянуўшы на гэтыя словы, ня цяжка здагадацца, для чаго гэтая прылада можа спатрэбіцца. Сапраўды, калі вы падумалі, што яна патрэбная для ўліку даверанасцяў, вы не памыліліся.

Па-першае, пасля ўсталёўкі праграма не хоча запускацца. Гэта лёгка выправіць: дастаткова стварыць у папцы, куды яна была ўсталяваная, новую папку "Base" і перанесці ў яе файл "dover.d". Канешне, гэта даволі малы недалік, але ўжо з яго пачынае псавацца ўражанне ад праграмы.

Але прылада надзвычай простая. Яна вядзе ўлік усіх такіх дакументаў з дапамогаю базы даных. Кожная даверанасць захоўваецца такім чынам, што указваецца асоба, на якую яна выдадзена (прозвішча, імя, нумар паспарту і іншыя неабходныя звесткі), дата, калі яна выданая, і дата, па якую яна будзе дзейнічаць. Паколькі гэтая праграма прызначана для прадпрыемстваў і арганізацый, таксама указваюцца назва гэтага прадпрыемства, разліковы рахунак і банк, у якім ён размешчаны, а таксама іншыя звесткі. Захоўвае праграма і інфармацыю аб назве тавару і яго колькасці - гэта значыць, аб тым, на што, уласна кажучы, выдадзеная гэтая даверанасць.

Пры працы з гэтаю прыладай трэба мець на ўвазе, што аднойчы ўведзеныя даныя нельга будзе потым паправіць: толькі выдаліць і дадаць зноўку. Не ведаю, спецыяльна гэтак было зроблена ці аўтар проста забыўся на гэты момант.

Спіс даверанасцяў можна надрукаваць, і, трэба адзначыць, што друкарскія магчымасці праграмы даволі неблагія. Але ж надрукаваць саму даверанасць не атрымалася, хаця ў спраўцы да праграмы напісана, што такое зрабіць можна.

Увогуле, кажучы шчыра, праграма выглядае даволі сыраватай. А расказаў я пра яе так падрабязна толькі з адной прычыны - яна зацікавіць прынамсі супрацоўнікаў розных арганізацый, якія адказныя за дакументазварот. А можа, і не зацікавіць... Хто ведае?


Info-clock

А вось у гэтай праграмуліны ёсць патэнцыйная магчымасць ахапіць больш шырокую аўдыторыю карыстальнікаў. Бо спатрэбіцца такая праграма можа амаль кожнаму.

Info-clock - гэта прылада для нагадвання карыстальніку аб нейкіх падзеях. Яна сядзіць у сістэмным трэе (побач са стандартным гадзіннікам Windows і іконкаю ICQ) і пры наступленні прызначанага часу выкідвае акно з нагадваннем. Нельга сказаць, што такіх праграм мала, але ж, мага быць, вас зацікавіць магчымасць усталяваць "напаміналку", створаную ў Беларусі.

Магчымасці праграмы, калі сказаць шчыра, зноў-такі не надта ўражваюць. Яны, што тут хаваць, трывіяльныя. Можна задаць толькі звычайнае тэкставае нагадванне, якое будзе паказана ў зададзены час. Таксама можна задаць прыярытэт нагадвання. Праграма ўмее запускацца аўтаматычна, разам з сістэмаю, але ж гэтым сучасных карыстальнікаў таксама наўрад ці здзівіш.

Але ж плюсы таксама ёсць. Галоўны з іх у тым, што праграма надзвычай простая. Разабрацца з ёю будзе не складана нават таму, хто адчувае сабе не надта ўтульна побач з "разумнаю машынай". А па-другое - праграма (як і іншыя праграмы гэтага агляду) цалкам бясплатная.


Таксафоны

Трэцяя і апошняя ў сённяшнім аглядзе праграма - даведнік таксафонаў, размешчаных у горадзе Баранавічы. Дарэчы, асабіста я ў гэтым горадзе ніколі не быў, не гледзячы нават на тое, што калісьці на першым курсе мне падабалася адна дзяўчына з яго... Так, штосьці ізноў мяне пацягнула на лірыку. Мабыць, надвор'е вінаватае... Прабачце, выпраўляюся. Аб чым я там гаварыў? А, аб таксафонах...

Дык вось, па словах аўтара, даведнік будзе карысны для тых жыхароў Баранавічаў, якія маюць тэлефонныя апараты з аўтаматычным вызначальнікам нумару (АВН) і хочуць ведаць, з якога аўтамата ім тэлефануюць. Трэба зазначыць, што аўтаматаў у базе нямала, але ж не ведаю, наколькі даныя ў праграме адпавядаюць сучаснаму іх размяшчэнню. Па базе нумароў і адрасоў можна ажыццяўляць пошук.

Што ж, гэта ўсё аб праграмах, створаных жыхаром Баранавічаў, імя якога мы не ведаем. Спадзяюся, яны прыйдуцца вам да спадобы. Нагадваю, што прыём спасылак на праграмы, распрацаваныя ў Беларусі, працягваецца. Краіна павінна ведаць тых, хто стварае для яе софт!

Вадзім СТАНКЕВІЧ

Версия для печатиВерсия для печати

Номер: 

46 за 2006 год

Рубрика: 

Software
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!