Беларускі софт #2. "Правапіс"

Дзень добры, шаноўнае спадарства. Працягнем разгляд беларускага праграмнага забеспячэння, якое можа быць карысным для чытачоў.

Сення мы разгледзім прыладу, якая не з'яўляецца асобнай і самадастатковай праграмай. Пра яе мы пісалі ўжо неаднойчы, але ж чытачоў, якія часам прагнуць яе знайсці, менш не становіцца, нягледзячы на тое, што спасылка на яе знаходзіцца нават на галоўнай старонцы беларускага парталу TUT.BY. Гэтая прылада - "Правапіс", набор слоўнікаў для Microsoft Word, якія дапамагаюць ў выпраўленні граматычных і арфаграфічных памылак у дакументах на беларускай мове. Дарэчы, у наборы гэтага артыкула мне вельмі дапамагаў той самы "Правапіс", бо без яго немагчыма уявіць колькасць памылак, якія зваліліся б на галаву чытача, які яго зараз чытае.

Знайсці "Правапіс" у інтэрнэце можна па адрасу pravapis.tut.by, але ж для ўладальнікаў dial-up, якіх у нашай краіне пакуль што пераважная большасць, трэба адразу папярэдзіць, што важыць "Правапіс" амаль 10 Мб (а пасля ўсталеўкі - аж 150!), таму праз тэлефонную сетку пампаваць яго трэба доўга. Яшчэ адно папярэджанне, ужо для усіх: спампаваць "Правапіс" можна толькі пасля рэгістрацыі, якая, дзякуй Богу (і распрацоўшчыкам), бясплатная. Не зусім зразумела, навошта гэтая рэгістрацыя патрэбная. Як гаворыцца на сайце "Правапісу", "гэтыя дадзеныя дазволяць нам своечасова паведаміць Вас аб з'яўленні новых версій праграмы". Але ж новых версій ужо даволі даўно не з'яўлялася...

Слоўнікі, якія і складаюць "Правапіс", распрацаваныя на аснове выдання "Слоўнік беларускай мовы" пад рэдакцыяй М. Бірылы (Мінск, БелСЭ, 1987 - 782 cтар.), якое ўтрымлівае каля 120 тысяч слоў і словазлучэнняў (ці, як гавораць філолагі, слоўных адзінак). Але ж праца стваральнікаў "Правапісу" не скончылася на перакладзе гэтага выдання ў лічбавы выгляд, што і само па сабе не так ужо і легка. Як гавораць яны самі, "у адпаведнасці з мэтамі гэтай працы для кожнай рэестравай адзінкі былі ўтвораны адпаведныя словаформы. Змены рэдакцыйнага характару не ўносіліся, за выключэннем выпраўлення яўных памылак". У выніку пленнай працы распрацоўшчыкаў карыстальнікі "Правапісу" маюць сучасную арфаграфічную сістэму, слоўнік якой налічвае больш за 4 мільены (!) слоўных адзінак.

"Правапіс" падтрымлівае дзве формы беларускай арфаграфіі: сучасную (таксама названую аўтарамі "афіцыйнай") і класічную ("тарашкевіцу"). Акрамя праверкі правапісу паводле гэтых формаў, карыстальнік мае магчымасць перайсці з адной на другую з дапамогай убудаваных у "Правапіс" макрасаў, якія пераводзяць словы згодна з фармальнымі правіламі, а таму гэта, канешне ж, не заўседы працуе без памылак. Акрамя гэтых двух, у калекцыі карысных макрасаў "Правапісу" - праверка канчатковага у/ў, расстаноўка пераносаў і рэдагаванне слоўніка карыстальніка.

 

Дарэчы, забыўся яшчэ адзін момант: "Правапіс" не працуе з версіямі Microsoft Word, старэйшымі за 2000. Гэта значыць, што калі на вашым кампутары стаіць Office 97, то правапіс працаваць не будзе. Але ж на двары - 2006 год, таму трэба, мабыць, задумацца пра змену праграмнага забеспячэння амаль дзесяцігадовай даўніны на больш новае.

Асаблівую павагу выклікае кансультацыйны савет, створаны распрацоўшчыкамі "Правапісу", каб сачыць за далейшымі зменамі ў праграме і за тым, каб яна не састарэла і мела актуальны слоўнікавы запас. Глядзіце самі, хто ўваходзіць у склад кансультацыйнага савету:

  • Бернік Васіль Іванавіч, д-р фіз.-мат. навук, прафесар;
  • Гілевіч Ніл Сымонавіч, народны паэт Беларусі, канд. філ. навук, прафесар;
  • Запрудскі Сяргей Мікалаевіч, дактарант БДУ;
  • Рагойша Вячаслаў Пятровіч, д-р філалагічных навук, прафесар;
  • Сапегін Леанід Міхайлавіч, д-р біялагічных навук, прафесар;
  • Цыхун Генадзь Апанасавіч, д-р філалагічных навук, прафесар.

Сапраўды, такім людзям можна даверыць сачыць за "Правапісам" і адборам новых слоў для яго. Але ж дапамагаюць развіццю "Правапісу" не толькі яны. Сярод тых, каму аўтары выказваюць падзяку, можна ўбачыць грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", рэдакцыю газеты "Звязда", Вінцука Вячорку і шматлікіх іншых людзей, якія бескарысна дапамагалі ці дапамагаюць "Правапісу". Мабыць, калі вы дапаможаце распрацоўшчыкам, то праз пэўны час зможаце ўбачыце сябе ў спісе падзяк сярод тых, каго я ўзгадаў вышэй.

На сваей старонцы ў інтэрнэце, адрас якой я ўжо даваў вышэй, аўтары размясцілі таксама спіс магчымых праблем, з якімі могуць сутыкнуцца карыстальнікі правапісу. Асноўнае - гэта, канешне, праблемы з кірылічнымі шрыфтамі, якія часам узнікаюць пад Windows 9X/ME. Яшчэ распрацоўшчыкі звяртаюць увагу на магчымыя праблемы з апострафам. Справа ў тым, што у некаторых тэкстах для пазначэння апострафа могуць выкарыстоўвацца нестандартныя сімвалы, якія не падтрымліваюцца праграмай праверкі беларускай арфаграфіі. Замест звычайнага знака "'" (код якога 27) могуць выкарыстоўвацца як "`" (код 96), так і "‘" (код 145 - кірылічны апостраф, пераўтвораны рэдактарам Word функцыяй аўтафармату). Для бездакорнай працы праграмы праверкі трэба той дакумент, які вы будзеце правяраць, спачатку выправіць, замяніўшы непадыходзячыя сімвалы на неабходныя. Для гэтага скарыстайцеся панеллю "Праўка" -> "Знайсці" -> "Замяніць на". Могуць таксама ўзнікнуць праблемы з ужываннем лацінскага "і" замест беларускага, што з пункту гледжання "Правапісу" з'яўляцца парушэннем арфаграфічных нормаў. Праблема таксама легка вырашаецца праз "Замяніць на".

Што ж, спадзяюся, праграма "Правапіс" будзе карыснай для чытачоў. Яшчэ раз нагадаю, што буду рады дасылцы на маю электронную паштовую скрыню (dreamdrusch@tut.by) спасылак на нейкія праграмныя прадукты, легальна распрацаваныя ў Беларусі. Артыкул у цыкле "Беларускі софт" - рэальны шанец данесці вашу распрацоўку да шматтысячнай аўдыторыі чытачоў газеты.

Вадзім СТАНКЕВІЧ

Версия для печатиВерсия для печати

Номер: 

16 за 2006 год

Рубрика: 

Software
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!
 

Комментарии

Аватар пользователя viz
Давно хотел заиметь такую программу. Большое спасибо автору, что обратил на нее внимание.