Беларускі софт #6

У нашай сінявокай краіне сустракаецца нямала майстроў-праграмістаў, якія ствараюць добрае і карыснае праграмнае забеспячэнне. У цыкле артыкулаў "Беларускі софт" я спрабую расказаць вам пра лепшае з таго, што легальна стварылі айчынныя майстры кампілятара і адладчыка. І сёння я распавяду вам, паважаныя чытачы, пра дзве чарговыя праграмы, створаныя распрацоўшчыкамі з Беларусі. Нават, хутчэй, паўнавартаснай праграмай можна лічыць толькі адзін з гэтых прадуктаў, бо другі з'яўляецца бібліятэкай для тых, хто сам распрацоўвае праграмнае забеспячэнне. Але ж давайце лепш пра усё гэта не адразу, а па чарзе.


Uninstall Tool

Думаю, шмат хто з тых, хто будзе чытаць гэты артыкул, ведае пра існаванне такой праграмы, як Your Uninstaller (www.ursoftware.com). Асноўнае яе прызначэнне - дапамога карыстальніку ў выдаленні праграмнага забеспячэння з сістэмы Windows. Праграма пашырае магчымасці стандартнага сістэмнага сродку "Усталёўка і выдаленне праграм". Але ж гэтая праграма платная, і, на мой погляд, яе кошт даволі-такі значны для тых функцый, якія яна выконвае. Канешне, можна яе "зламаць", тым больш, зломаў да яе ў iнтэрнэце - вялікае мноства. Але навошта парушаць закон, калі можна абысціся бясплатнымі прыладамі, якія нічым амаль што не горш? Давайце будзем пазіраць у іх бок.

Праграма, якая замяняе буржуйскі Your Uninstaller, завецца Uninstall Tool. На момант напісання артыкула самая свежая версія мела нумар 1.6. Знайсці праграму можна на сайце www.crystalidea.com, а важыць яна... не зваліцеся з таго месца, на якім сядзіце! Усяго толькі 130 кілабайтаў! Можна нават зняць капялюш перад майстэрствам распрацоўшчыка, які здолеў стварыць даволі карысную прыладу такога малога памеру. А завуць яго Parniuk Ilya (не перакладаю, каб не абразіць аўтара магчымым няправільным перакладам). З ім вы можаце звязацца праз электронную пошту (адрас: utool@crystalidea.com) ці праз ICQ (нумар: 5450197).

Выгляд праграмы даволі звычайны і, як мне падаецца, адзіны натуральна магчымы для такой праграмы. Працуе яна значна хутчэй за сістэмную прыладу і нават хутчэй за Your Uninstaller. Пры гэтым, у адрозненні ад апошняга, можа паказваць і ўтоеныя праграмы, якія не будуць бачныя з сістэмнага сродку выдалення праграм. Сярод такіх, напрыклад, апынуліся Outlook Express, WebFolders XP і некаторыя іншыя. Паказаць-та іх паказвае, але выдаліць, на жаль, не можа. Для ўсіх астатніх праграм, акрамя непасрэднага выдалення, падтрымліваюцца яшчэ дзве функцыі: паказ запісу аб усталёўцы ў рэестры Windows, пераход на сайт праграмы ці да папкі, у якой яна змяшчаецца. Акрамя таго, можна захаваць спіс усіх усталяваных праграм у HTML-файл. Тады можна будзе яго некаму адаслаць (калі, напрыклад, узнікнуць нейкія канфлікты паміж праграмамі, і проста неабходна будзе з кім-небудзь параіцца). З іншых уласцівасцяў можна адзначыць падтрымку перакладу інтэфейсу на іншыя мовы (але ж беларускай сярод тых перакладаў, што ідуць разам з Uninstall Tool, чамусьці няма). А, вось яшчэ забыўся: праграма не будзе працаваць на сістэмах Windows 95, 98 і Millennium Edition (ME).

 

На гэтым пра Uninstall Tool, здаецца, ўсё. Проста невялічкая прылада, але, думаю, для большасці нас, карыстальнікаў Windows, яна ўсё ж акажацца карыснай.

А цяпер пра другога ўдзельніка нашага артыкула.


Kryvich's Delphi Localizer

На гэтую праграму я ў свой час наткнуўся ў сусветна вядомым архіве для Delphi-праграмістаў Torry's Delphi Pages (www.torry.net). Але ж афіцыйны сайт гэтай бібліятэкі для стварэння шматмоўных інтэрфейсаў у праграмах, распрацаваных на Delphi, такі: www.free2w.com/kryvich. Там можна прачытаць сёе-тое пра гэтую бібліятэку, а таксама спампаваць яе саму. Важыць яна таксама мала (~160 Кб) і змяшчае версію кампанентаў для Delphi 2006 для Win32. Бібліятэка бясплатная, але распаўсюджваецца без зыходных тэкстаў.

Да EXE-файла, які стварае кампілятар, бібліятэка дадае ўсяго каля 6 кілабайтаў. Пры гэтым карыстацца ёю зусім ня цяжка, дастаткова дадаць у праграму наступны код:

FreeLocalizer. AutoTranslate := True;
FreeLocalizer.LoadLanguageFile ('myapp.english.lng');

Размесціць гэтыя радкі трэба ў галоўным тэксце праграмы, перад канструкцыяй Application.Run. Пераклад будзе аўтаматычна загружаны з файла "myapp.english.lng", дзе myapp - імя вашай праграмы. Пераклады захоўваюцца ў звычайных тэкставых файлах фармату INI і ствараць іх таксама зусім ня цяжка. Для гэтага трэба толькі ўключыць у наладах праекту генерацыю дэталёвага MAP-файлу, пабудаваць праграму разам з гэтым MAP-файлам, а пасля запусціць з каманднага радку (пункт "Выканаць" у меню "Пуск") з той папкі, куды вы распакавалі Kryvich's Delphi Localizer (KDL), такую каманду: "kdlscan myapp.exe". Застанецца толькі перакласці атрыманы файл на іншыя мовы. Калі файл перакладу ўжо створаны, то абнавіць яго можна такой камандай: "lngupdate myapp.english.lng myapp.lng -m", дзе замест English можна ўпісаць назву любой мовы. Тут, як і ўсюды, myapp - назва вашай праграмы.

Увогуле, карысць ад такой прылады, як паказвае практыка, звычайна даволі вялікая, таму - не лянуйцеся ёю карыстацца. Выкананне лакалізацыі праграмы не стандартным для Delphi спосабам, а праз INI-файлы, можа значна паспрыяць росту папулярнасці праграмы, бо карыстальніку лёгка самому перакласці такі файл, не карыстаючыся нічым, акрамя звычайнага "Блакноту". Пры гэтым лакалізацыя не залежыць ад мовы самой сістэмы, таму карыстальнік зможа выставіць у праграме сваю родную мову, нават калі Windows стаіць англійская. Як бачыце, мае рацыю выкарыстанне KDL замест стандартнага Integrated Translation Environment з Delphi.

Што ж, на гэтым мы, думаю, завершым чарговы агляд беларускага праграмнага забеспячэння. Дзякуй за ўвагу. Калі ў вас ёсць спасылкі на нейкія іншыя праграмы беларускіх распрацоўшчыкаў, дасылайце іх мне на адрас dreamdrusch@tut.by.

Вадзім СТАНКЕВІЧ

Версия для печатиВерсия для печати

Номер: 

24 за 2006 год

Рубрика: 

Software
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!
 

Комментарии

Аватар пользователя Michail
"Теперь банановый!" ;)

KDL уже поддерживает и Delphi 7.

См. офсайт.

Аватар пользователя Вадзім Станкевіч
Дзякуй за інфармацыю.

Але лепш бы лінк на нейкі софт беларускі даслалі...

Аватар пользователя Serge
Дарэчы, а цi ёсьць ангельска-беларускi it-слоунik?
Аватар пользователя Savely
Нету..
Аватар пользователя Вадзім Станкевіч
Ёсць слоўнік для агульнага ўжывання, паглядзіце, мага быць, будзе карысны: http://biaroza.sourceforge.net/
Аватар пользователя Vasil Mikulich
Можете глянуть на сайт www.exlade.ru - там программы тоже белорусского разработчика :)
Аватар пользователя SF
А с чего взяли, что белорусского?
Аватар пользователя Vasil Mikulich
Ну, скажем, можете поверить на слова :)