Беларускі софт #8. KSSWare

Дзень добры, шаноўнае спадарства! Мы працягваем разглядаць праграмнае забеспячэнне, распрацаванае праграмістамі з нашай сінявокай краіны. Дарэчы, звярніце ўвагу, што фармальна валодаць правамі на гэтыя прадукты могуць і рэзідэнты іншых краін. Так атрымалася як раз з тымі праграмамі, якія мы з вамі разгледзім сёння. Чалавек, які стварыў іх, жыве ў Беларусі, але распаўсюджваюцца яны амерыканскай фірмаю. Мы ж будзем лічыць гэтыя праграмы беларускімі на падставе таго, што створаны яны нашым земляком. Таму мы іх зараз, уласна кажучы, і разглядаем.

Знайсці ўсе тры прылады з гэтага агляду можна на сайце www.kssware.net. Для іх працы неабходна мець усталяваны Microsoft .NET Framework 2.0, які можна атрымаць на сайце карпарацыі Microsoft. Пры гэтым усе тры праграмы не патрабуюць спецыяльнай усталёўкі: дастаткова распакаваць архіў у нейкую папку і запусціць праграму.


Easy Phone Number

Першая праграма, якую мы разгледзім сёння з вамі, на першы погляд падаецца дзіўнай і незвычайнай. Яе задача - пераводзіць тэлефонныя нумары з лічбаў у тэкст. Не, не трэба думаць, што гэта проста запіс лічбы пры дапамозе лічыльнікаў (рус. числительных). Напрыклад, калі мы ўвядзем у поле нумара "5779273", то у выніку атрымаем спіс словаў, першым з якіх будзе "KSSWare". Але ж далёка не ўсе тэлефонныя нумары здольныя ператварыцца ў такую простую і зразумелую камбінацыю літар. Часцей мы атрымліваем штосьці падобнае на "DR-8-LG-57" ці "5-ELL-V1M". Мабыць, амерыканцу ці жыхару Заходняй Еўропы запомніць такую камбінацыю будзе лягчэй за тэлефонны нумар, але асабіста мне (і, я так думаю, большасці з нашых чытачоў) гэтая праграма наўрад ці спатрэбіцца. Таму заканчваю распавядаць пра яе і пераходжу да наступнай прылады.


Extended IP Filter & Monitor

 

Думаю, гэтая праграма будзе больш цікаваю для большасці з нашых чытачоў. Як бачна з назвы, асноўная функцыя гэтай прылады - сачыць за ўваходным і выходным трафікам вашага кампутара, калі той знаходзіцца ў сетцы, і фільтраваць гэты трафік. Для чаго такая праграма можа спатрэбіцца? Канешне ж, каб кантраляваць трафік. Каб мець магчымасць спыняць дзейнасць шкодных праграм ці проста тых праграм, якія дарэмна марнуюць трафік. Каб ведаць, хто і куды лазіць у сетцы ў той час, калі вы адсутнічаеце. Ды й увогуле хіба ж мала спраў, у якіх такая праграма можа спатрэбіцца?

Працуе праграма толькі на аперацыйных сістэмах Windows 2000, XP і 2003. Гэта звязана з тым, што яна карыстаецца ўбудаванымі ў сістэму функцыямі, якіх у ранейшых версіях проста не было. Але ж затое можна карыстацца гэтаю прыладаю і на 64-бітных версіях сістэм (на архітэктуры AMD64).

Магчымасці ў KSSWare Extended IP Filter & Monitor даволі неблагія. Сярод пратаколаў, кантроль за якімі можна ажыццяўляць, TCP/IP, UDP, ICMP і нават ICQ. Пры гэтым можна кантраляваць хуткасць пратаколу TCP, а для ICQ можна кантраляваць трафік асобна для кожнага карыстальніка (праз яго UIN). Можна фільтраваць змесціва ўваходнага трафіку: напрыклад, забараніць загрузку файлаў з пашырэннямі AVI, MP3, WMA, WMV, ZIP, RAR, EXE. Налады фільтру можна захоўваць у файл і потым загружаць іх адтуль.

Акрамя магчымасці фільтрацыі трафіку, у праграму убудаваны IP-манітор, які дазволіць сачыць за ўсімі падзеямі, адбываючыміся з гэтым пратаколам. Манітор можа весці запіс набытай інфармацыі ў log-файл, весці статыстыку пакетаў, а таксама паказваць, якому працэсу і нават акну які трафік належыць. На жаль, апошняя магчымасць будзе даступна толькі карыстальнікам Windows XP і 2003.

Працуе праграма даволі хутка і не перашкаджае іншым прыкладанням. Але ж праца з ёю патрабуе папярэдняй падрыхтоўкі - трэба ўсталяваць драйвер, які пастаўляецца разам з самой праграмай. Зрабіць гэты не складана: пасля запуску Extended IP Filter & Monitor трэба ў меню "Driver" выбраць пункт "Install", а перад выхадам у тым жа меню націснуць "Uninstall".

Яшчэ трэба дадаць, што гэтая праграма, як і першая, цалкам бясплатная, у адрозненні ад трэцяй у гэтым артыкуле. Дарэчы, зараз мы да яе і пяройдзем.


ICQ Sniffer

Каштуе гэтая праграма $39, і давайце паглядзім, што нам прапануюць за гэтыя грошы. Фактычна, гэтая прылада - шпіён за пратаколам ICQ. Навошта такая рэч увогуле можа быць патрэбна? Як напісана на iнтэрнэт-старонцы праграмы, яна распрацавана спецыяльна для кіраўніцтва кампаній, якое хоча кантраляваць зносіны сваіх супрацоўнікаў паміж сабою і з кліентамі, якія вядуцца праз ICQ. Праграма будзе сачыць за ўваходам у ICQ, можа рэагаваць на нейкія выразы, якія сустракаюцца ў паведамленнях. Пры гэтым той, хто сочыць за пратаколам пры дапамозе гэтай праграмы, можа прагледзіць адразу ўсе паведамленні ці адфільтраваць іх нейкім чынам: ад каго, каму, ці адразу два гэтых параметра.

Праграма сочыць за пратаколам, таму будзе працаваць незалежна ад таго, якім ICQ-кліентам карыстаецца той, за кім вы сочыце. Таксама, зразумела, праграма ніякім чынам не залежыць ад сродку доступу ў Сусветнае Павуцінне. Пры гэтым усе паведамленні захоўваюцца ў log-файлах, так што можна будзе потым іх усе прагледзіць у спакойнай абстаноўцы і разабрацца, хто вінаваты і каго пакараць.

Я, канешне, не юрыст, і таму не магу сказаць, як ставіцца закон да такой праграмы. Гледзячы ж з пункту простай чалавечай этыкі, можна з упэўненасцю сказаць, што ўжыванне такой праграмы парушае чалавечае права на прыватнасць зносін. Але ж бізнес ёсць бізнес, і што не зробіш дзеля таго, каб ён квітнеў.

Што ж, гэта амаль што ўсё. Хачу дадаць, што ўсе праграмы вельмі невялічкія, таму спампаваць іх будзе даволі лёгка. Але ж, як я ўжо казаў у пачатку артыкула, для іх запуску трэба мець усталяваны .NET Framework 2.0, а ён важыць ня слаба. Да таго ж інтэрфейс усіх праграм выкананы цалкам на англійскай мове, і таму, як зазначае сам аўтар, у краінах, дзе размаўляюць на іншых мовах, яны вялікім попытам не карыстаюцца.

Нагадваю таксама, што прыём спасылак на распрацоўкі беларускіх праграмістаў працягваецца. Дасылайце лісты на адрас dreamdrusch@tut.by.

Вадзім СТАНКЕВІЧ

Версия для печатиВерсия для печати

Номер: 

29 за 2006 год

Рубрика: 

Software
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!