Беларускі софт #12

Дзень добры, я ізноў рады вітаць вас у рубрыцы "Беларускі софт". Сёння ў нас з вамі чарговы шэраг праграм ад беларускіх аўтараў, і, думаю, не марнуючы час, я адразу перайду да расповеду пра іх. Мабыць, гэты артыкул можна назваць "Софт па заяўках", бо спасылкі на ўсе праграмы, трапіўшыя ў агляд, былі дасланыя нашымі чытачамі, за што ім шчыры дзякуй. Праграмы ў артыкуле будуць размешчаны ў храналагічным парадку, таму першымі будуць ісці тыя праграмы, якія былі рэкамендаваны карыстальнікамі раней.


MtsSms

Першай стала менавіта гэтая невялічкая праграмуліна, атрымаць якую можна з сайту truba7.narod.ru. Важыць яна каля 360 кілабайтаў, а прызначаная, як можна здагадацца, для дасылкі праз Інтэрнэт SMS-паведамленняў абанентам беларускай сеткі МТС. Праграма вельмі простая, але менавіта гэтым і прывабная: дастаткова толькі ўказаць тэлефонны нумар і тэкст паведамлення, і, канешне ж, націснуць кнопку "Адправіць". Налады праграмы датычацца толькі выкарыстання проксі, таму разабрацца ў іх не надта цяжка. Цалкам, нядрэнная прылада, але ж незразумела, што рабіць з абанентамі Velcom, Diallog і БеСТ.


SMSSender

Наступная праграма была дасланая іншым чалавекам, але ж функцыянальнасць яе амаль што не адрозніваецца ад першай, акрамя выпраўлення той праблемы, пра якую я ўзгадаў падчас расповеду аб MtsSms. Тут ужо няма абмежаванняў на аператараў, а таксама прыемна, што можна ўказаць не толькі нумар тэлефону, але і дату і час, да якога паведамленне павінна быць дастаўлена. Знайсці гэту прыладу можна ў Інтэрнэце па адрасу mad-zone.narod.ru, а важыць яна нават менш за першага ўдзельніка агляду - ўсяго толькі 220 кілабайтаў. Але ж ёсць і праблемы. Як зазначае распрацоўшчык SMSSender'а на сваім сайце, "на жаль, праграма ў дадзены момант не працуе з-за таго, што зачынілі SMS-гейт, які яна выкарысто ў вала. Калі знайду новы бясплатны, то абнаўлю праграму, калі ведаеш які-небудзь - напішы - убачыш сябе ў сааўтарах SMSSender'a. Прыношу выбачэнні за нязручнасці...".

 

Так што, як бачыце, абедзве праграмы для дасылкі SMS маюць свае мінусы. З гэтай прычыны няблага будзе ўзгадаць іншую праграму для гэтых жа мэтаў, пра якую я расказваў на старонках "Кампутарных вестак" ужо параўнальна даўно - ў трэцім выпуску "Беларускага софту". Называецца гэтая прылада VMS і працуе лепш за абедзве, ўзгаданыя ў гэтым артыкуле. Таму лепш знайдзіце яе на сайце zedlik.com і карыстайцеся ёю.


Electronical Map of Lida City

Ведаю, ведаю, па-англійску правільна пісаць "electronic", а не "electronical". Але ж такую назву прыдумаў сваёй распрацоўцы сам аўтар, таму я не палічыў магчымым яе мяняць. Тым больш, размаўляем мы не па-англійску... Але ж, на жаль, у асноўным і не па-беларуску...

Як можна здагадацца з назвы (ведаючы, канешне, англійскую мову), гэтая прылада - электронная мапа горада Ліды. Знайсці яе можна на сайце lidacity.of.by, усталёўшчык мае памер каля двух мегабайтаў. Таксама там можна спампаваць неабходную для працы праграмы бібліятэку GDI+. Апошняя версія праграмы адносіцца да чэрвеня бягучага года. Паколькі сам я з'яўляюся жыхаром Менску, не магу сказаць, ці адпавядае бягучая версія мапы рэчаіснасці Ліды, але ж, думаю, значна састарэць яна наўрад ці паспела.

Цалкам карта добрая, але ж выклікае здзіўленне той факт, што працуе яна значна павольней за мапы Менску ці Магілёву, пра якія я пісаў у сёмым артыкуле цыкла "Беларускі софт". Але ж асноўныя функцыі прысутнічаюць: схема транспарту, міні-мапа, пошук аб'ектаў. Пры гэтым магчымасці пошуку значна перавышаюць аналагічныя для менскай і магілёўскай мапаў. Можна шукаць не толькі вуліцы, але ж і ўсе аб'екты па зададзеным якасцям: напрыклад, будынкі зададзенай паверхавасці, альбо нумары аўтобусаў, якія ходзяць праз пэўныя прыпынкі. Сапраўды, гэта цікавая і актуальная магчымасць, і было б зусім ня дрэнна, калі б і іншыя распрацоўшчыкі электронных мапаў узялі яе на ўзбраенне.

Але ж, здаецца, гэта амаль што адзінае, што прываблівае. А вось мінусаў шмат. Па-першае, хутка надакучвае банер, які праграма дэманструе ў верхняй частцы акна. Нават калі кампутар адключаны ад Інтэрнэту, праграма спраўна мяняе яго праз пэўны час на іншы, і мільгаценне банераў не надта падымае настрой. Але ж гэта, як і не надта вялікая хуткасць прамалёўкі мапы, яшчэ толькі кветкі. Самае дрэннае - кожныя пяць хвілін праграма патрабуе рэгістрацыі, і нават кнопка "Activate" не дапамагае. Як гэта тлумачыцца - невядома, на сайце распрацоўшчыка я не знайшоў звестак на гэтую тэму. Да таго ж інтэрфейс праграмы (канешне ж, за выключэннем назваў вуліц і іншых рэчаў гэтай жа катэгорыі) выкананы цалкам на англійскай мове. Таму аўтару праграмы ёсць над чым працаваць. Тым не менш, жыхарам Ліды і гасцям гэтага горада праграма спатрэбіцца і ў сённяшнім сваім выглядзе.


Генератар святаў

Наступная праграма, якая адначасова з'яўляецца і апошняй у сённяшнім аглядзе, адносіцца да катэгорыі забаўляльных праграм. Канешне, яна можа быць карыснаю і для таго, каб нагадваць карыстальніку аб нейкіх святочных датах у яго жыцці (напрыклад, дзень шлюбу) ці ў жыцці яго сяброў, калегаў, сваякоў (гэта, канешне ж, часцей за ўсё дні нараджэння). Але ж з гэтым добра справіўся бы і ўбудаваны ў сістэму планіроўнік заданняў, ці нейкі каляндар. А вось разлічыць, калі вашаму каханаму чалавеку споўніцца роўна мільён мінут ці дзесяць тысяч дзён без гэтай прылады даволі складана.

Спампаваць яе можна з сайту ochelove.chat.ru, вага праграмы - ад 200 да 500 кілабайтаў (прыкладна, канешне ж). Для працы праграмы неабходна мець усталяваны ў сістэме Microsoft .NET Framework 2.0, які можна знайсці па адрасу www.microsoft.com. Усталёўка для праграмы не з'яўляецца абавязковаю, таму лепш спампаваць архіў, а не ўсталёўшчык, бо важыць ён менш у два з гакам разы.

Афарбоўка праграмы даволі незвычайная: блакітны колер, але ж пры гэтым аніякіх скіноў няма. Канешне, ў наладах можна выставіць нейкі іншы колер, калі блакітны падаецца вам нязручным. Праграма падтрымлівае шматкарыстальніцкі рэжым працы. Гэта значыць, што калі некалькі карыстальнікаў запускаюць праграму з-пад аднаго ўліковага запісу карыстальніка Windows, то праграма здолее захоўваць налады і святы для кожнага з іх асобна. Святы і нагадванні лёгка ўключыць і адключыць, а таксама ўказаць, як часта трэба адзначаць нейкае свята. Інфармацыю аб святах можна экспартаваць у файл фармату RTF, з якім проста працаваць пры дапамозе Microsoft Word.

Увогуле, канешне ж, цяжка сказаць, што праграма "Генератар святаў" надта карысная і кожны павінны мець яе на сваім кампутары. Але ж яна даволі цікавая з пункту гледжання сваёй незвычайнасці і падаецца даволі забаўнаю.

Вось агляд і скончыўся. Спадзяюся, што здолеў расказаць вам штосьці новае і карыснае. Калі вы маеце нейкую праграму, распрацаваную жыхаром Беларусі, і вам яна таксама падаецца карыснаю і зручнаю, калі ласка, не палянуйцеся даслаць на адрас dreamdrusch@tut.by ліст са спасылкаю на гэтую праграму. Ці, можа, вы самі пішаце праграмы і хочаце, каб чытачы "КВ" пра іх даведаліся? Раю вам зрабіць тое ж самае! Краіна будзе ўдзячна тым, хто распрацоўвае праграмы для яе кампутарных карыстальнікаў - для нас з вамі!

Вадзім СТАНКЕВІЧ

Версия для печатиВерсия для печати

Номер: 

38 за 2006 год

Рубрика: 

Software
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!
 

Комментарии

Аватар пользователя SINTEZ
Прывітанне. Мой каментар датычыцца праграмы MtsSms. Ёсць больш функцыянальная праграма, якая завецца VMS. Дазваляе дасылаць SMS паведамленні на тры сотавыя аператары: Diallog (aka BELCEL), VELCOM, MTS. На BeST шлюза для дасылання SMS паведамленняў пакуль няма. Чакаем...