Беларускі софт #24

Вітаю вас ізноў, шаноўнае спадарства. Пасля чарговага перапынку артыкул пра праграмнае забеспячанне, што створана ў нашай з вамі роднай краіне, ізноў з'явіўся ў "Кампутарных вестках". Спадзяюся, што перапынак не надта вас засмуціў, а наадварот, паспрыяў большай цікавасці артыкулаў пра софт, створаны землякамі. Сёння я хачу прапанаваць вашай увазе дзве вельмі цікавыя праграмы, якія будуць карыснымі для амаль што ўсіх нашых чытачоў.


Finity

Сайт: finity.at.tut.by
Памер: 115 Кб
Кошт: бясплатная

Гэтая праграма будзе надзвычай карыснаю для карыстальнікаў інтэрнэту, а таму я вырашыў спачатку расказаць менавіта пра яе. Не сакрэт, што дагэтуль не надта вялікая частка жыхароў нашай краіны мае доступ у Сусветную сетку праз ADSL, кабельнае тэлебачанне ці іншыя хуткасныя шляхі інфармацыйных зносін. Таму даводзіцца карыстацца звычайным мадэмам, які не дазваляе нават патэлефанаваць чалавеку, калі той сядзіць у інтэрнэце, і чакаць па некалькі хвілін загрузкі галоўнай старонкі ТУТбая. Неяк палепшыць жыццё тых карыстальнікаў Сусветнага павуціння, якія ўваходзяць у яго праз dial-up, павінна гэтая праграма. Не, канешне, яна не здолее падняць хуткасць мадэмнага злучэння да хуткаці вылучанага доступу, але ж затое раскажа, колькі гэта будзе каштаваць.

"Праграма Finity, пішуць на сайце гэтай праграмы яе распрацоўшчыкі, Віктар Грынчык і Васіль Пастухоў, прызначаная для простага і дакладнага ўліку выдаткаў пры падлучэнні да сеткі Інтэрнэт з дапамогай камутаванага беспарольнага і парольнага доступу ад Белтэлекома". Пэўна, больша дакладна тое, чым займаецца гэтая праграма акрэсліць амаль што зусім немагчыма. Усяго ў праграме ёсць магчымасць уліку чатырох варыянтаў тарыфаў: беспарольнага доступу для фізічных асоб, беспарольнага доступу для юрыдычных асоб, парольнага доступу для фізічных асоб і, адпаведна, парольнага доступу для юрыдычных асоб.

 

Правабная Finity тым, што яна сама запускаецца пры старце аперацыйнай сістэмы Windows, а калі выяўляе актыўнае падлучэнне, то пачынае без лішніх напамінкаў сама адлічваць грошы, якія вы павінны будзеце заплаціць "Белтэлекому". Як гавораць аўтары, пры гэтым усе тарыфы не прыдуманыя кімсьці невядомым, а ўзятыя з афіцыйнага сайта РУП Белтэлеком. У Finity таксама ўбудаваная функцыя паўаўтаматычнага аднаўлення тарыфаў, і яе трэба час адсчасу выклікаць.

Вось такая цікавая і карысная праграму. Скажам дзякуй яе распрацоўшчыкамі і пойдзем далей, бо другая праграма з гэтага артыкула таксама заслугоўвае таго, каб на яе звярнулі ўвагу.


HTMLReader

Сайт: manticora.ru
Памер: 3.2 Мб
Кошт: бясплатная

Гэта ўжо больш сур'ёзная распрацоўка - сапраўдны HTML-рэдактар. Не Dreamweaver і не GoLive, але ж і не Notepad. Прынамсі, трэба расказаць падрабязней, каб было зразумела, што ж гэта за праграмуліна.

Праца з HTML-старонкамі ў гэтым рэдактары арганізаваная амаль так жа, як і ў іншых падобных праграмах, дзе карыстальнік павінен сам пазначаць HTML-тэгі. Без іх ведання з HTMLReader'ам будзе цяжкавата знайсці агульную мову. Але ж калі вы ведаеце HTML-тэгі як уласныя пяць пальцаў, то хутка з гэтаю праграмай пасябруеце. Але ж тое, што карыстальнік вымашаны працаваць з кодам старонкі, трохі выкупаецца падртымкай папярэднега прагляду з дапамогаю ўбудаванага ў праграму браўзера. Ён, дарэчы, у адрозненні ад іншых такіх убудаваных браўзераў, працуе не толькі з Internet Explorer'ам, але і з Gecko - HTML-рэндарарам, які выкарыстоўваецца ў прадуктах Mozilla. Убудаваны браўзер, дарэчы, нават мае рэжым працы, які з нацяжкай можна назваць візуальным рэдагаваннем старонак.

Для тых, хто не проста робіць новыя старонкі, але і перарабляе створаныя кімсці раней, будзе зручным канвертаванне тэксту ў розныя кадоўкі рускай мовы. Падрымліцаюцца Win, KOI, Dos, ISO і трансліт (лацінка). Таксама досыць карыснаю здаецца праверка коду ўбудаванаю ў рэдактар вядомаю прыладаю TIDY з русіфікаваным пратаколам выніку праверкі. Для тых, хто не лянуецца пісаць HTML-код уласнымі рукамі (ну, менавіта на такіх карыстальнікаў HTMLReader і разлічаны), пэўна, карыснымі будуць і такія функцыі, як аўтазамена тэкставых выразаў або тэгаў і хуткая ўстаўка тэгаў са спіса, які карыстальнік можа задаць раней. Падтрымлівае праграма і такую, здавалася б, невялічкую, яле ж вельмі прывабную рэч, як карыстальніцкія "гарачыя клавішы" на дзеянні рэдактара.

Канешне, падтрымліваецца і стварэнне старонак па шаблоне, захоўванне і прагляд шаблонаў. Таму, калі вы маеце шаблоны старонак для бізнес-сайту, то можаце смела скідваць іх у папку, куды ўсталявалі HTMLReader, бо адтуль іх будзе больш зручна адчыняць гэтай праграмай. Даволі цікаваю падаецца такая рэч, як майстар падрыхтоўкі стварэння старонак, але асабіста мне цяжка сказаць, чым падрыхтаваная ім старонка так ужо адрозніваецца ад той, якую ім не рыхтавалі. Значна больш жыццяздольным мне падаўся прылада для стварэння meta-тэгаў, які дазваляе хутка вылучыць ключавыя словы, напісаныя на вашай старонцы. Таксама напісанне HTML-коду спрашчаецца з дапамогаю такіх рэчаў, як інспектар тэгаў і іх атрыбутаў і каляровая палітра з магчымасцю ўстаўкі шаснаццатковага кода колеру.

Прысутнічае ў HTMLReader'е і праверка правапісу з дапамогаю ўсталяванага на кампутары Microsoft Office, што таксама спрыяе паляпшэнню якасці ствараемых з яго дапамогаю старонак. Праграма таксама ўмее шыфраваць E-mail адрасы з мэтаю абароны ад спама, устаўляць Flash-ролікі, весці спіс спраў, якія яшчэ трэба зрабіць пры працы над канкржтным сайтам (так званы To-Do List).

Акрамя самога HTMLReader, на сайце распрацоўшчыка гэтай праграмы можна знайсці розныя прылады для больш зручнага рэдагавання HTML-старонак, якія чамусці не ўвайшлі ў сам рэдактар. Але ж гэтыя праграмы не настолькі цікавыя, как пра іх тут распавядаць, таму, калі хто зацікавіўся, зможа азнаёміцца з імі самастойна.

Што ж, на гэты раз пра беларускі софт досыць. Спадзяюся, абездве праграмы, пра якія я вам расказаў, будуць для вас карыснымі і цікавымі. Калі вы маеце нейкія праграмы, створаныя вамі ці вашымі знаёмымі, якія жывуць у Беларусі, то дасылайце мне спасылкі на іх. Краіна павінна ведаць тых, хто працуе для яе карыстальнікаў!

Вадзім СТАНКЕВІЧ,
dreamdrusch@tut.by

Версия для печатиВерсия для печати

Номер: 

25 за 2008 год

Рубрика: 

Software
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!