Навіны вольнага ПЗ

На мінулым тыдні з невялікім зпазненнем адбыўся выпуск версіі ядра Linux 3.1. На жаль, працягваецца сумная чарада адыходу вялікіх дзеячаў камп'ютэрнага свету. 24-га кастрычніка ва ўзросце 84 гадоў памёр адзін з выдатных патрыярхаў IT-індустрыі Джон Макарці. Аднак яго ідэі працягваюць жыць, пра што ў прыватнасці сведчаць і навіны вольнага ПЗ у гэтым аглядзе.


"Хмарныя" весці

Тыя, хто чытае рэгулярна гэтую рубрыку навін FOSS, павінны ўжо былі заўважыць, што ў апошні час тэме "хмарных" тэхналогій надаецца вялікая ўвага. Гэты напрамак ІТ-індустрыі перажывае цяпер бурны перыяд станаўлення. Таму, вядома ж, нельга праходзіць міма "хмарнай" тэматыкі.

Развіццё "хмарных" інфраструктур было прадказана яшчэ ў мінулым стагоддзі. Прарокам гэтых тэхналогій апынуўся Джон Макарці (John McCarthy), які вядомы як вынаходнік мовы праграмавання Lisp і аўтар вядомага тэрміна "штучны інтэлект". Да ўсяго гэтага ён таксама з'яўляецца і прадракальнікам мадэлі цэнтралізаваных кампутарных вылічэнняў, якія цяпер і называюць "хмарнымі". Менавіта Макарці пачаў казаць аб мадэлі дыстрыбуцыі вылічальных рэсурсаў выдаленым карыстальнікам,падобнай на працу сучасных электрастанцый.

Гэты выдатны вучоны памёр на мінулым тыдні ва ўзросце 84 гады. І ў цэлым на гэтую восень прыйшлося шмат журботных дат, звязаных з адыходам выдатных дзеячаў ІТ-свету.

 

Цяпер ужо зусім не трэба валодаць дарам прароцтва, каб убачыць патрэбнасць цэнтралізаваных вылічэнняў ў IT-галіне. Напрыклад, мяне ў гэтым нядаўна яшчэ раз пераканала падслуханая ў грамадскім транспарце размова двух сісадмінаў, якія скардзіліся адзін аднаму на сваю цяжкую долю. Бо камп'ютэрная інфраструктура сярэднестатыстычнага прадпрыемства цяпер уяўляе сабой цэлы "букет" разнастайных рашэнняў, аперацыйных сістэм, прыкладных праграм, сетак і кампутарнага парка машын рознай ступені старажытнасці. Адміністраваць ўвесь гэты інфармацыйны "вінегрэт" становіцца ўсё цяжэй. Таму нават частковае ўкараненне "хмарных" вылічэнняў павінна паменшыць галаўны боль сістэмных спецыялістаў.

Хаця ў кароткатэрміновай перспектыве зусім не відавочна, якія з прадстаўленых цяпер "хмарных" праектаў заваююць месца пад сонцам, а якія не. Таксама шмат намаганняў трэба будзе зрабіць у дачыненні да неабходных "хмарных" стандартаў. Адзінае, у чым я ўпэўнены, гэта тое, што адкрытае ПЗ у "хмарных" сферах будзе гуляць важную ролю.

У якасці прыкладу, што пацвярджае гэтую важнасць адкрытага ПЗ, можна назваць прадстаўлены кампаніяй IBM новы "хмарны" прадукт InfoSphere BigInsights. Прадукт прызначаны для аналізу вельмі вялікіх аб'ёмаў дадзеных, у першую чаргу фінансавых. Асновай InfoSphere BigInsights з'яўляецца свабодны Java-фрэймворк кластарных вылічэнняў Apache Hadoop. А сам прадукт функцыянуе ў "хмарнай" інфраструктуры IBM SmartCloud.

Фрэймворк Apache Hadoop з'яўляецца рэалізацыяй парадыгмы MapReduce, што выкарыстоўваецца для арганізацыі буйнамаштабных размеркаваных кластарных вылічэнняў. Згодна з гэтай парадыгмай прыкладанне падзяляецца на вялікую колькасць невялікіх заданняў, кожнае з якіх можа быць выканана на любым з вузлоў кластара. У выніку Apache Hadoop дазваляе прыкладанням лёгка маштабавацца да ўзроўню тысяч вузлоў і апрацоўкі петабайт дадзеных.

Дзякуючы "хмарнасці", як не без гонару заяўляюць у самой IBM, доступ да апрацоўцы і аналізу ўсіх гэтых петабайтаў інфармацыі можна ажыццяўляць з любога месца. Прычым тэрміналам InfoSphere BigInsights можа стаць нават хілы "айпэд". Напрыклад, кампанія падрыхтавала спецыяльнае ПЗ для карыстальнікаў мабільных прыладаў, якое дазваляе выкарыстоўваць і атрымліваць выгаду ад "хмарнай" бізнэс-аналітыкі, што называецца, на хаду ў мабільным рэжыме.

Такім чынам "хмары" і open source, як бачыце, даюць магчымасць прынесці рэальную карысць народнай гаспадарцы нават на планшэтах.


Linux 3.1

З некаторым спазненнем з'явілася ядро Linux 3.1. Затрымка выпуску была звязана з доўгім разглядам наступстваў узлому сайту kernel.org.

У новым ядры кантрыбьютарамі гэтага вольнага праекту было ўнесена шмат змен. Калі казаць аб асноўных функцыянальных новаўвядзеннях, то ядро версіі 3.1 утрымлівае наступны функцыянал:

  • падтрымку пратаколу і чыпаў NFC, якія забяспечваюць абмен дадзенымі паміж прыладамі на вельмі блізкіх адлегласцях да 10 см;
  • рэалізацыю новага пратаколу iSCSI, які ўключае ў сябе транспартны пратакол для SCSI паверх TCP і механізм інкапсуляцыі SCSI-каманд у IP-сеткі;
  • рэалізацыя праграмнага RAID абзавялася алгарытмамі кантролю дэфектных блокаў на дысках;
  • падтрымку адкрытага мікрапрацэсара OpenRISC, які распрацоўвае супольнасць OpenCores.

З выхадам версіі 3.1 трэба адзначыць не толькі функцыянальнае развіццё ядра, але і арганізацыйнае ўдасканаленне асобных ініцыятыў у экасістэме Linux. Арганізацыя Linux Foundation прапанавала ініцыятыву пад назвай LTSI (Long Term Support Initiative). Гэтая ініцыятыва прадугледжвае штогадовы выпуск "доўгайграючых" версій ядра, якія будуць мець працяглы тэрмін падтрымкі ў 2 гады. У гэтую падтрымку будуць уваходзіць не толькі абнаўленні бяспекі, але і даданне функцыяналу з наступных версій.

LTSI з'яўляецца галіновай ініцыятывай, у якой зацікаўлены вытворцы бытавой электронікі, што выкарыстоўваюць ядро Linux у якасці ўбудавальнай сістэмы. Да ініцыятывы падключыўся цэлы шэраг вытворцаў электронных прыладаў, сярод якіх NEC, Sony, Hitachi, LG Electronics, Renesas, Panasonic, Qualcomm, Samsung, Toshiba.

Да гэтага ўжо існавалі версіі "доўгайграючых" ядраў. Напрыклад, Linux-ядро 2.6.35 мела такі статус. Але іх падтрымка ажыццяўлялася на ўзроўні энтузіязму некаторых асноўных распрацоўшчыкаў ядра. Гэтак жа некаторыя кампаніі самастойна ўтрымліваюць падобныя версіі ядра для сваёй спажывецкай электронікі. Але аб'яднанне намаганняў у гэтым напрамку дасць магчымасць значна скараціць дубляванне гэтых намаганняў і знізіць затраты па падтрымцы LTS-версій Linux.


Hubot

І напрыканцы навіна з вобласці штучнага інтэлекту, які стаў актуальным для чалавецтва дзякуючы працам Джона Макарці. Вялікі і жудасны AI трывала звязаны з кампутарнымі тэхналогіямі, і не дарма яго бачнай выявай стаў бартавы кампутар HAL 9000 у культавым фільме Стэнлі Кубрыка "Касмічная Адысея 2011".

І вось фантастыка паступова становіцца быллю. Нядаўна распрацоўшчыкі хостынгу для праграмных праектаў GitHub апублікавалі зыходны код свайго чат-робата Hubot, які цалкам можна назваць увасабленнем HAL 9000. Hubot ствараўся для аўтаматызацыі некаторых аперацый у чаце карпаратыўнай сеткі кампаніі, а таксама для забавы супрацоўнікаў GitHub.

У рэшце рэшт, скрыпты гэтага чат-робата былі перапісаныя зноўку, і цяпер Hubot прапануецца для ўсталёўкі ў любой карпарацыі ў якасці робата для кампаніі. Зыходныя тэксты распаўсюджваецца пад ліцэнзіяй MIT.

У склад робата ўваходзіць невялікая колькасць базавых скрыптоў, дзякуючы якім штучны інтэлект Hubot можа публікаваць малюнкі, перакладаць тэкст з розных моў, адказваць на простыя запыты, ўзаемадзейнічаць з картамі Google Maps. Распрацоўшчыкі сцвярджаюць, што стварэнне ўласных пашырэнняў для гэтага робата не складае вялікай працы.

Цікавай асаблівасцю Hubot з'яўляецца тое, што ён напісаны на мове CoffeeScript. Гэтая мова адносіцца да катэгорыі высокаўзроўневых - да кірунку, дзе Джон Макарці таксама быў першапраходцам.

CoffeeScript кампілюецца ў JavaScript і выпраўляе шматлікія недахопы JavaScript. Як і належыць высакароднай высокаўзроўневай мове, CoffeeScript робіць JS-код боле простымі і чытэльным, дадае прыемнасці коду, прыбірае лішнія дужкі і кропкі з коскай і г.д., у выніку чаго ў гэтую мову многія JS-распрацоўнікі проста ўлюбляюцца.

Hubot можна скампіляваць у JavaScript для JS-сервера Node.js. Стваральнікі чат-робата таксама сцвярджаюць, што яго лёгка запусціць на такіх "хмарных" платформах, як Heroku.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также