Беларускі софт #9

Распрацоўкі Ігара Рындзевіча

Мабыць, у нашай краіне, якая адвеку славіцца сваімі майстрамі, не так ужо і мала сапраўды цудоўных праграмістаў. З цягам часу я пачынаю разумець, што гэта сапраўды так і што айчынныя майстры кампілятара і адладчыка здольныя стварыць сапраўды карыснае і добрае праграмнае забеспячэнне, але ж... яны амаль што зусім яго не рэкламуюць. І, мусіць, іх віны ў гэтым няма, бо рэклама - гэта заўжды вялікія грашовыя і часовыя выдаткі, і не заўсёды ў чалавека ёсць грошы і час, каб рэкламаваць зроблены ўласнымі рукамі прадукт. Спадзяюся, што "Кампутарныя весткі" і асабіста я здольныя ў чымсьці паспрыяць айчынным распрацоўшчыкам. Але ж гэта, канешне, усяго толькі кропля ў моры.

Сёння я раскажу вам, паважаныя чытачы, пра праграмы, створаныя нашым з вамі земляком Ігарам Рындзевічам. Праграм гэтых так шмат, што, баюся, для кожнай з іх месца ў гэтым артыкуле не знойдзецца, але ж я паспрабую расказаць пра самыя цікавыя і карысныя.

На сайце, дзе размешчаны праграмы Ігара (а яго адрас такі: rysoft.at.tut.by), яны падзелены на некалькі груп: бухгалтэрыя і падаткі, тэлефонныя даведнікі, праграмы для хаты і сям'і, прылады для Excel і іншыя, якія не ўвайшлі ў папярэднія катэгорыі. Самая вялікая па колькасці праграм група - прылады для Excel, але ж першымі па спісе аўтар паставіў бухгалтарскія праграмы, таму з іх мы і пачнём.

Першая распрацоўка называецца проста і без хітрыкаў: "Банкаўскія плацяжы". Важыць яна ўсяго каля мегабайта, а прызначана для працы з банкаўскімі аплатнымі інструкцыямі. Асноўная рыса гэтай прылады - дакладная адпаведнасць беларускаму заканадаўству, якое дзейнічае зараз. Апошняя на момант напісання гэтага артыкула версія праграмы была за канец траўня бягучага году, і, думаю, прававыя нормы з таго часу не вельмі значна змяніліся. Акрамя гэтага, маюцца і іншыя плюсы - напрыклад, убудаваная база рэквізітаў усіх дзеючых банкаўскіх аддзяленняў і іх філіялаў у РБ з магчымасцю яе рэдагавання, магчымасць працы з чатырма выглядамі валют (беларускія, расійскія рублі, даляры, еўра), ці магчымасць вядзення аплатных дакументаў некалькіх арганізацый адначасова або па розных рахунках адной арганізацыі. Я, канешне, не эканаміст і не бухгалтар, але, думаю, праграма гэтая мае быць карыснаю для прадстаўнікоў менавіта гэтых прафесій.

 

Наступная праграма мае назву Taxonia, і патэнцыяльная колькасць яе карыстальнікаў значна большая за аналагічную для першага прадукту. Таму што спатрэбіцца яна кожнаму, хто плаціць падаткі і хоча прадставіць звесткі аб сваіх прыбытках у электронным выглядзе. Распрацаваная ў адпаведнасці з інструкцыяй аб прадстаўленні такіх звестак у электронным выглядзе, Taxonia мае ў камплекце пастаўкі арыгінальны тэкст гэтага дакумента, а таксама дазваляе адрэдагаваць звесткі як з дапамогаю спецыяльна прызначанага інтэрфейсу, так і ўручную. Думаю, Taxonia - цікавая рэч для ўсіх падаткаплацельшчыкаў.

Трэцяя праграма са спісу праграмнага забеспячэння эканамічнага прызначэння - зусім простая прылада, якая павінна перавесці нейкую суму ў айчыннай ці замежнай валюце з лічбаў у словы. Адзінае, чым гэтая прылада адрозніваецца ад шматлікіх аналагічных - магчымасць працы з буферам абмену, а таксама магчымасць хутка выклікаць праграму праз яе значок у Tray Bar (побач з га-дзіннікам Windows).

Наступная катэгорыя праграмнага забеспячэння, размешчаная на сайце Ігара - розныя даведнікі. Яны ўсе датычацца горада Вілейкі: тэлефонны даведнік прыватных тэлефонных нумароў і тэлефонных нумароў прадпрыемстваў, а таксама электронная мапа горада, на якую я забыўся ў папярэднім артыкуле цыкла "Беларускі софт", дзе распавядаў пра геаінфармацыйныя сістэмы. Дарэчы, на персанальным сайце аўтара (ry.at.tut.by) можна знайсці гэтую мапу ў фармаце Flash - яе можна праглядаць адразу, не выходзячы з браўзера. Дарэчы, сярод даведнікаў знайшлася праграма, цікавая не толькі для жыхароў Вілейкі - "Мая тэлефонная кніжка". Праграма "Мая тэлефонная кніжка" заўсёды даступная ў выглядзе значка ў Tray Bar, валодае мінімальна неабходнымі функцыямі для зручнай працы: увод, рэдагаванне і выдаленне імя абанента і нумары тэлефона, пошук нумара па імі і імя па нумары, сартаванне запісаў па імі і па нумары тэлефона. Простая, але зручная прылада.

Цяпер колькі слоў пра праграмы для дома і сям'і. Першая па спісе - "Біярытмы". Тэорыя біярытмаў разглядае змены фізічнага, эмацыйнага і інтэлектуальнага стану чалавека, якія адбываюцца рэгулярна і са сталым перыядам. Такія змены атрымалі назву цыклаў. Фізічны цыкл характарызуе здольнасці чалавека выконваць фізічныя нагрузкі; эмацыйны цыкл вызначае псіхічнае самаадчуванне чалавека, схільнасць зрывам, дэпрэсіі; інтэлектуальны цыкл адказвае за разумовыя здольнасці чалавека, хуткасць рашэння задач, памяць, знаходлівасць. На працягу ўсяго жыцця гэтыя тры характарыстыкі праз роўныя прамежкі часу мяняюцца з дадатнай фазы ў адмоўную і наадварот. Пры знаходжанні якой-небудзь характарыстыкі ў дадатнай фазе адпаведны стан чалавека паляпшаецца; калі фаза адмоўная, адпаведныя магчымасці чалавека зніжаюцца. Прызначэнне праграмы "Біярытмы" - разлік біялагічных рытмаў чалавека па даце нараджэння на адвольны перыяд часу. Праграма забяспечаная падрабязнай даведкай па выкарыстанню і па тэорыі біярытмаў. Адлюстроўвае вынікі разліку ў выглядзе графікаў і ў лікавай форме, таксама ёсць магчымасць раздрукоўкі вынікаў.

Другая праграма для сям'і - "Бэбіплан". Яна створана для разліку перыядаў з нізкай і высокай верагоднасцю зачацця, заснавана на фізіялагічным (каляндарным) метадзе кантрацэпцыі. Дадзеная методыка можа выкарыстоўвацца і для пазбягання непажаданай цяжарнасці, і для планавання нараджэння дзіцяці, і проста для прагназавання "крытычных дзён". Вельмі актуальная рэч для моладзі. Для працы з "Бэбіпланам" трэба мець на кампутары Microsoft Office, Open Office або іншую праграму, якая падтрымлівае фармат XLS, у тым ліку і на КПК. Таксама маецца прылада "Бэбіплан Манітор" - праграма, якая адлюстроўвае розным колерам значкоў у Tray Bar прагнозныя дні з высокай, сярэдняй і нізкай верагоднасцю зачацця, дзень авуляцыі і дату наступу месячных з папярэджаннем за тры дня. Працуе толькі сумесна з "Бэбіпланам".

Прылады для Excel такія: надбудова для пераводу лічбаў у лічыльнік, "вечны" каляндар для любога года з 0 па 9999, прылада для хуткага набору спецыяльных сімвалаў, праверкі рыскавых кодаў (рус. штрих-кодов), а таксама для пераліку тэмпературы з адной шкалы ў іншую (падтрымліваюцца шкалы Цэльсія, Кельвіна, Рэамюра і Фарэнгейта).

Прылад, якія патрапілі ў катэгорыю "Іншыя", дзве. Першая - "Лічбавы альбом", якая прызначана для прагляду калекцый малюнкаў. Для прагляду падтрымліваюцца малюнкі фарматаў JPEG, BMP, TIFF, GIF, PNG, TGA, PCX, PCD, PSD. Асноўнае прызначэнне праграмы - размяшчэнне на дысках з калекцыямі малюнкаў ці фатаграфій. Знешні выгляд даволі прывабны, маюцца чатыры розных "скіна", даволі якасных. Апошняя праграма мае назву "ТурбаТэкст", якая прызначана для вызначэння хуткасці набору тэксту на клавіятуры. Яна можа выкарыстоўвацца для трэнінгу хуткасці набору.

Вось і ўсё пра праграмы. Вось колькі можа стварыць адзін чалавек, калі мае добры інструмент для працы. А карыстаецца Ігар для распрацоўкі сваіх праграм Borland Delphi. Дарэчы, на персанальным сайце аўтара можна знайсці не толькі праграмы, але і цікавыя вершаваныя і празаічныя творы, а таксама працы Ігара ў галіне дызайну. Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.

Прыём спасылак для публікацыі ў цыкле "Беларускі софт" працягваецца. Дасылайце спасылкі на свае распрацоўкі, распрацоўкі сваіх калегаў, сяброў ці знаёмых. Краіна павінна ведаць сваіх распрацоўшчыкаў!

Вадзім СТАНКЕВІЧ

Версия для печатиВерсия для печати

Номер: 

32 за 2006 год

Рубрика: 

Software
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!