Навіны вольнага ПЗ

У пачатку гэтага агляду разгледзім анонс ініцыятывы па пераходзе распрацоўкі Ubuntu на мадэль rolling release. Але асноўная навіна мінулага тыдня - гэта выхад дзясятай версіі вольнага DNS-сервера BIND, без якога на дадзены момант цяжка ўявіць працу ўсёй сеткі Інтэрнэт. І з выхадам набору ўтыліт EFI Tools 1.4 адзначым, што зроблены яшчэ адзін крок у напрамку вырашэння праблем з рэжымам бяспечнай загрузкі UEFI, які так любяць у Microsoft.


Roll, Ubuntu, roll

У папярэдніх аглядах ВПЗ мы не раз звярталі ўвагу на тое, што класічная практыка стварэння GNU/Linux-дыстрыбутываў патрабуе мадэрнізацыі. І з неабходнасцю пераглядаць гэтую практыку зараз сутыкаецца ўсё больш і больш распрацоўнікаў.

Класічныя Linux-дыстрыбутывы з'явіліся даўно - яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Гэта такая форма распаўсюджвання вольнага праграмнага забеспячэння, калі ўсе праграмы сабраны з зыходных кодаў у адзіны набор узаемазвязаных бінарных файлаў. Спачатку дыстрыбутывы распаўсюджваліся на CD-дысках, а зараз, калі хуткасці Інтэрнэт выраслі, большасць пакетаў дыстрыбутыва знаходзяцца ў спецыяльных сеткавых рэпазітарах.

Адпаведна, каб усталяваць новую версію праграмы, карыстачу трэба чакаць новага выпуску дыстрыбутыва, якія з'яўляюцца звычайна з частатой раз у год або паў-года.

 

Але час мяняецца, расце колькасць свабодных праграм і хутка падрыхтоўваць новую версію дыстрыбутыва становіцца ўсё складаней. Першымі з гэтай праблемай сутыкнуліся ў праекце Debian. Мы ў мінулых нумарах "Камп'ютэрных вестак" не раз надавалі ўвагу эпапеі з пастаяннымі пераносамі выпускаў гэтай сістэмы. Таксама з гэтай праблемай у мінулым годзе сутыкнуліся і распрацоўшчыкі openSUSE. І ўжо тады было зразумела, што праблемы, якія ўсталі перад супольнасцю openSUSE, маюць больш агульную прыроду і павінны праявіцца і ў іншых праектах.

Так яно і адбываецца. Прыйшоў час, і вось зараз у супольнасці распрацоўнікаў Ubuntu таксама з'явіўся намер перагледзіць мадэль выпуску новых версій сваёй сістэмы. Віцэ-прэзідэнт кампаніі Canonical Рык Спэнсер прапанаваў адмовіцца ад звыклых шасцімесячных вяснова-восеньскіх выпускаў Ubuntu, пакінуўшы толькі LTS-рэлізы з шматгадовым тэрмінам падтрымкі, а абнаўлення паміж гэтымі LTS-выпускамі рабіць у форме rolling-абнаўленняў.

Мадэль распрацоўкі rolling release азначае, што будзе ўведзены ў строй рэпазітар з бесперапынным цыклам абнаўлення пакетаў. Новыя версіі праграм будуць дадавацца ў такой рэпазітар па меры выхаду новых версій, а новыя магчымасці дыстрыбутыва будуць інтэгравацца па меры гатоўнасці. Раз у месяц прапануецца фарміраваць ўсталявальныя снапшоты.

На думку Спэнсера, пераход на rolling-мадэль дазволіць павялічыць хуткасць распрацоўкі праекта. Адмова ад шасцімесячных выпускаў дыстрыбутыва дасць магчымасць вызваліць рэсурсы, што затрачваюцца зараз на адначасовую падтрымку адразу чатырох версій Ubuntu. Асабліва гэта актуальна пасля пачатку распрацоўкі яшчэ і рэдакцый Ubuntu для планшэтаў і смартфонаў.

Увогуле, гэтае пытанне актыўна будзе абмяркоўвацца ўжо з заўтрашняга дня на саміце распрацоўнікаў Ubuntu, які будзе праводзіцца 5 і 6 сакавіка ў форме відэаканферэнцыі. І мы, вядома ж, пачакаем вынікаў гэтага абмеркавання.

Можна з вялікай доляй упэўненасці меркаваць, што нейкая форма ролінг-абнаўленняў будзе ўсё ж такі прынята і для Ubuntu. Таму што і ўсе астатнія Linux-сістэмы "коцяцца" ў гэтым кірунку. Нешта падобнае на плаваючыя рэлізы можна назіраць у карыстальнікаў Debian, якія выкарыстоўваюць нестабільную галінку дыстрыбутыва, дзе пастаянна з'яўляюцца апошнія навінкі ПЗ. У openSUSE, пачынаючы з версіі 11.4, таксама развіваецца свой ролінг-рэпазітар Tumbleweed, які дазваляе выкарыстаць апошнія стабільныя версіі пакетаў, не чакаючы выхаду наступнага выпуску дыстрыбутыва. І наперадзе прагрэсу зараз сістэмы Arch Linux і Gentoo Linux, якія першапачаткова ствараліся як Ролінг-дыстрыбутывы, і якія маюць цяпер немалы лік прыхільнікаў.


BIND 10

Жыццё абнаўляецца і ў такой старажытнай і кансерватыўнай галіне камп'ютэрных тэхналогій, як сеткавая сістэма даменных імёнаў (DNS). Кансорцыум ISC пасля чатырох гадоў распрацоўкі і праз 13 гадоў з моманту выпуску BIND 9 прадставіў першы стабільны рэліз вольнага DNS-сервера BIND 10.

Служба, якую выконваюць DNS-сервера, з'яўляецца жыццёва неабходнай для працы Інтэрнэт. Амаль усе сеткавыя службы ў Сусветнай Сеткі, уключаючы Web, электронную пошту, выдалены тэрмінальны доступ, перадачу файлаў, выкарыстоўваюць DNS. Менавіта сістэма даменных імёнаў прыўнесла ў наша жыццё гэтыя цудоўныя імёны з кропкамі, як, напрыклад, kv.by. Як толькі карыстальнік набірае падобны адрас у браўзэры, у справу ўступае адзін або некалькі сервераў даменных імёнаў.

І найбольшая палова DNS-сервераў у Інтэрнэт - гэта сервер BIND. Гэты праект з'яўляецца сёння найбольш папулярнай і распаўсюджанай рэалізацыяй DNS. Пакет даступны на большасці разнавіднасцяў сістэм UNIX і Linux.

BIND - аднагодак міжнароднай сеткі Інтэрнэт, якая ў сваю чаргу пачалася з сеткі амерыканскага даследчага праекта ARPAnet. Хоць тады ніхто і не меркаваў, што стварэнне ARPAnet прывядзе да стварэння міжнароднай сеткі Інтэрнэт.

Сетка ARPAnet ўяўляла сабой некалькі сотняў вузлоў, уся інфармацыя аб якіх змяшчалася ў адзіным файле HOSTS.TXT. Так, напрыклад, вядомая ў UNIX табліца вузлоў /etc/hosts атрымала ў спадчыну сваю структуру менавіта ад гэтага файла. За файл HOSTS.TXT цэнтралізавана адказваў Сеткавы інфармацыйны цэнтр (NIC) Стэндфардскага даследчага інстытута, а адміністратары вузлоў ARPAnet проста пасылалі ў NIC змены электроннай поштай і перыядычна сінхранізавалі ў сябе файлы HOSTS.TXT.

Але потым адбыўся выбухны рост Сеткі, і гэтая схема стала непрацаздольнай. У 1984 годзе ў амерыканскім Інстытуце інфармацыйных навук (ISI) была распрацавана сістэма даменных імёнаў (Domain Name System, або DNS), якая дзейнічае і дагэтуль. А для забеспячэння працы гэтай сістэмы ў сценах гэтага ж інстытута быў напісаны сервер JEEVES, які пазней атрымаў назву BIND (Berkeley Internet Name Domain), так як прызначаўся для легендарнага стварэння універсітэта Каліфорніі ў Берклі аперацыйнай сістэмы BSD UNIX.

Сістэма DNS з'яўляецца дэцэнтралізаванай, дзе інфармацыя пра ўсю іерархіі вузлоў сеткі захоўваецца на мностве DNS-сервераў, якія, пры ўзаемадзеянні паміж сабой, забяспечваюць апрацоўку сеткавых запытаў для атрымання IP-адрасы па даменнай назве хаста. Кансорцыум ISC, які зараз і займаецца распрацоўкай BIND, зрабіў нават невялікі мультфільм аб прынцыпах працы DNS і BIND.

Апошні 10-й выпуск BIND з'яўляецца кардынальнай перапрацоўкай ўсёй унутранай архітэктуры сервера. Так у дзясятую версію BIND цяпер інтэграваныя функцыі яшчэ і DHCP-сервера. Цеснае ўзаемадзеянне DHCP і DNS-сервераў - гэта патрабаванне часу, і без налады гэтых двух сервераў цяпер не разгортваецца ні адна колькі небудзь сур'ёзная сетка. Так як ISC развівае уласны DHCP-сервер ISC DHCP, то было вырашана аб'яднаць функцыі DNS і DHCP ў рамках адзінага прадукту.

BIND 10 адрозніваецца модульнай архітэктурай. Рэзолвер, падсістэма для захоўвання дадзеных, сістэма абслугоўвання DNS-зон, дынамічны DNS-сервер і іншы функцыянал - гэта ўсё цяпер асобныя кампаненты. Для распрацоўкі дапаўненняў і новых модуляў падрыхтаваны C++ бібліятэка libdns++, а таксама Python-біндзінг.

Забяспечана падтрымка розных мадэляў захоўвання дадзеных. У камплект модуляў BIND 10 маюцца кампаненты для захоўвання дадзеных даменнай зоны ў файлах, у ўбудаванай SQL-базе, шляхам кэшавання ў памяці.

Ажыццёўлена падтрымка кластарызацыі, якая дазваляе арганізаваць працу некалькіх копій BIND, размешчаных на розных серверах, як адзінага цэлага. Цяпер, калі нават мабільнікі шмат'ядравыя, у новай версіі BIND нададзена шмат увагі эфектыўнай працы на шмат'ядравых працэсарах.

У плане кіравання ў BIND 10 рэалізавана інтэрактыўная схема кантролю і маніторынгу. Прадстаўлены сродкі для змены канфігурацыі і кіравання працай сервера без прыпынку і перазапуску.


Linux EFI Tools 1.4

На персанальных кампутарах таксама перамены, і са з'яўленнем Windows 8 пачынаецца актыўнае выкарыстанне сістэмы ініцыялізацыі UEFI замест класічнай BIOS. Аб праблемах сумяшчальнасці дыстрыбутываў Linux і бяспечнага рэжыму UEFI, які ў абавязковым парадку патрабуе Microsoft, напісана нямала, але, не гледзячы на гэта, альтэрнатывы UEFI няма, і BIOS сыходзіць у мінулае.

У парадку кароткай навіны адзначым, што Джэймс Ботамлі, вядомы распрацоўшчык ядра Linux, які ўваходзіць у каардынацыйны тэхнічны камітэт Linux Foundation, і які актыўна ў апошні час працуе над пытаннямі сумяшчальнасці Linux c UEFI, выпусціў новую версію набору ўтыліты Linux EFI Tools.

Як зразумела з назвы, набор утыліт прызначаны для аперацый з сістэмамі ініцыялізацыі UEFI. Новая версія цікавая тым, што ў яе ўваходзяць новыя ўтыліты EFI-readvar і EFI-updatevar, якія дазваляюць чытаць і маніпуляваць базай дадзеных сігнатур UEFI. З прасторы карыстальніка Linux можна выкарыстоўваць EFI-прылады чытання і запісу базы зменных для бяспечнага рэжыму UEFI і дадаваць туды свае ўласныя праверачныя ключы. Такім чынам, зроблены яшчэ адзін крок у напрамку рашэння некаторых праблем з новай сістэмай ініцыялізацыі на персанальных кампутарах.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также