Навінкі вольнага софту

На мінулым тыдні практычна адначасова з'явіліся новыя версіі офісных пакетаў Apache OpenOffice і LibreOffice. Сённяшні агляд вольнага ПЗ і прысвецім гэтым вольным наборам офісных прыкладанняў.

На першы погляд найболей прыярытэтнай навінай са свету адкрытага софту за мінулы тыдзень трэба назваць чарговае абнаўленне мабільнай сістэмы Android - самай паспяховай Linux-сістэмы. Аднак калі судзіць па не вельмі ўражлівым спісе новых магчымасцяў новай версіі гэтай АС, то ў Google, відаць, цяпер усе сілы кінуты на гарнітуру Google Glass. Да таго ж, нягледзячы на адкрытасць, запампаваць і ўсталяваць сабе новы "Андроід" у большасці яго карыстачоў не атрымаецца - трэба чакаць, калі павязе, абнаўленні ад непасрэднага вытворцы смартфона.

Іншая справа адкрытыя офісныя пакеты Apache OpenOffice і LibreOffice, новыя версіі якіх можна усталяваць і паглядзець у справе адразу ж пасля іх афіцыйнай прэзэнтацыі на любой сістэме - Windows, Linux, Mac OSX. На мінулым тыдні практычна адначасова выйшлі новыя OpenOffice 4.0 і LibreOffice 4.1. Ніжэй разгледзім асаблівасці таго і другога набору офісных прыкладанняў.


Трохі гісторыі

Мы ў нашых аглядах не раз надавалі ўвагу гісторыі з OpenOffice. У 2010-ым годзе, калі кампанія Sun Microsystems была паглынута карпарацыяй Oracle, і OpenOffice перайшоў у рукі новага ўладальніка, частка распрацоўнікаў гэтага офіснага прыкладання арганізавалі ўласны форк пад назвай LibreOffice. На дадзены момант гэты форк перажыў некалькі важных абнаўленняў і апошняя яго версія - LibreOffice 4.1. LibreOffice сталі ўключаць замест OpenOffice у якасці асноўнага ў самыя папулярныя дыстрыбутывы Linux, і сёння LO уваходзіць у склад Ubuntu, Fedora, openSUSE і іншых дыстрыбутываў.

 

А OpenOffice увесь гэты час перажываў сур'ёзнае перараджэнне. Для пачатку ў чэрвені 2011-га года кампаніяй Oracle усе гандлёвыя маркі і код OO былі перададзены некамерцыйнай арганізацыі Apache Software Foundation.

Гэта прывяло, па-першае, да змены ліцэнзіі OpenOffice з GPL на больш ліберальныя ўмовы ліцэнзіі Apache License, якую ў карпаратыўным сектары любяць больш, чым Універсальнаую Публічную Дамову GNU. І ў траўні мінулага года выйшла версія OpenOffice 3.4 пад эгідай Apache, якая не ўтрымоўвала ніякіх спецыяльных змен за выключэннем новай ліцэнзіі на код.

Па-другое, пасля такой змены ліцэнзій у праект OpenOffice уліўся код IBM Lotus Symphony - набору офісных прыкладанняў, створаных кампаніяй IBM на аснове Workplace і OpenOffice.org 3. Разглядаўся нават варыянт, што Lotus Symphony стане базай для OO. Але потым было вырашана зрабіць код OpenOffice асноўным з паступовым даданнем функцыяналу Lotus Symphony. Версія OO 4.0 як раз і ўтрымоўвае першыя порцыі магчымасцяў, экспартаваных з Lotus Symphony.


Асаблівасці OpenOffice 4

Галоўная асаблівасць OpenOffice 3.4 - гэта, як было сказана вышэй, інтэграцыя магчымасцяў IBM Lotus Symphony. Першая такая магчымасць, якая адразу кінецца ў вочы пры запуску новага OO - бакавая панэль з наладамі параметраў дакумента.

Набор параметраў гэтай панэлі змяняецца ў залежнасці ад працы са зместам. Напрыклад, пры вылучэнні малюнка ў дакуменце на панэлі з'явяцца прылады для маніпуляцый з малюнакамі.

Нельга сказаць, каб такая панэль была чымсьці новым для офісных праграм. Наколькі я памятаю, падобны інтэрфейс быў яшчэ ў старых версіях MS Office.

Да таго ж на не шырокафарматных маніторах панэль не так ужо і зручная. Хаця памер бакавой панэлі можа змяняцца з адпаведным маштабаваннем элементаў, і яна можа быць адлучана ў выглядзе асобнага акна і перамешчана на экран другога манітора, як гэта можна рабіць з панэлямі інструментаў графічнага рэдактара GIMP.

Другой добрай асаблівасцю OpenOffice, якая з'явілася дзякуючы экспарту з Lotus Symphony, з'яўляецца больш высокая сумяшчальнасць з дакументамі MS Office 2007/2010/2013. У шматлікіх выпадках дакументы ў фармаце DOC, у якіх LibreOffice губляе фарматаванне, у OpenOffice 4 будуць выглядаць больш прэзентабельна.

Для прыкладу некалькі скрыншотаў некаторых дакументаў MS Word и Exel, адчыненых у MS Office, OpenOffice, LibreOffice і кітайскім Kingsoft Office, якім шырокая публіка пачынае ўсё больш і больш цікавіцца. (Напэўна, трэба было зрабіць скрыншоты і для Google Docs.) Прыклады дакументаў узяты са спецыяльнай старонкі праекта OpenOffice.

Мяркуючы па гэтых прыкладах, прадстаўленымі распрацоўнікамі офіснага пакета, у OpenOffice больш верагоднасць, што дакумент з MS Office адкрыецца калі і не без некаторай страты фарматавання, то хаця бы без страты зместу.


Дробязі жыцця ў LibreOffice 4.1

Нягледзячы на тое, што LibreOffice і OpenOffice зараз будуць развівацца кожны сваім уласным шляхам, паміж імі ўсё адно будзе шмат агульнага. Код праектаў адкрыты, і перанос магчымасцяў з аднаго офіснага пакета ў іншы не з'яўляецца занадта складанай справай.

Так, напрыклад, адчуваецца, што і ў LibreOffice паціху перавандроўвае з OpenOffice палепшаная сумяшчальнасць з дакументамі MS Office.

У цэлым у LibreOffice 4.1 зроблена шмат працы па аптымізацыі ўнутранай архітэктуры праекта, хаця гэта ці наўрад будзе прыкметна воку карыстача. Гэта і перапісванне на Python замест Java майстроў з меню "Файл - Майстар". Гэта і пераход на новую бібліятэку пазіцыянавання тэксту для сістэм Linux. Гэта і пачатак рэфактарынгу ядра таблічнага працэсара. Таксама змены кранулі сістэму зборкі пакета, якая зараз перакладзена з dmake на выкарыстанне GNU make, што спрасціла і паскорыла працэс зборкі.

Змены, цікавыя для карыстача, у новай версіі LibreOffice 4.1 не носяць кардынальнага характару і іх можна пералічыць адным спісам.

  • з'явілася магчымасць убудавання шрыфтоў у файл дакумента, што ажыццяўляецца на ўкладцы "Шрыфт" меню "Файл - Уласцівасці";
  • інтэрфейс дыялогаў зараз аптымальней выкарыстоўвае экранную прастору;
  • з'явіўся новы набор для галерэі кліпарта з IBM Symphony;
  • рэалізавана градыентнае заліванне фону вочак табліцы;
  • з'явілася функцыя кручэння малюнкаў непасрэдна ў дакуменце з крокам у 90 градусаў;
  • каментарыі да ўчасткаў тэксту зараз могуць ахопліваць некалькі параграфаў;
  • імпарт у таблічны працэсар вялікіх HTML-дакументаў, якія змяшчаюць больш 64 тысяч вочак у табліцах;
  • у Impress створана новая функцыя "Фотаальбом" (Устаўка - Малюнак - Фотаальбом), што спрашчае стварэнне слайдаў на аснове серыі малюнкаў.

І, трэба сказаць, што з такіх дробязяў і складаецца праца ў офісным пакеце, а іх адсутнасць у першую чаргу выклікае адмоўнае меркаванне карыстача пра праграму. І ў дачыненні "дробязяў" распрацоўнікам і OpenOffice, і LibreOffice ёсць яшчэ куды развівацца.

Напрыклад, ні ў тым, ні ў іншым пакеце няма хоць бы простай кнопкі кіравання відэа ў прэзентацыях: відэаролік аўтаматычна пачынае прайгравацца пры адкрыцці слайда, што не заўсёды трэба. Няўжо гэта так складана прымайстраваць да відэароліка на слайдзе якую-небудзь прасценькую кнопку кіравання?


Модуль для грамар-нацы

І напрыканцы закранём тэму такой "дробязі" ў офісных прыкладаннях як модуль для праверкі арфаграфіі. Гэта важны модуль для пішучай браціі, хоць, лічыцца, што падобная аўтаматызацыя ў офісных праграмах толькі павялічвае непісьменнасць насельніцтва.

Напрыклад, да нядаўняга часу ўбудаваны ў MS Office модуль ОРФО расійскай кампаніі "Информатик" быў прадметам гонару для рускамоўных карыстачоў офіснага прыкладання Microsoft. Аналагічныя модулі ў OO і LO значна сціплей па сваіх магчымасцях. Рускамоўная зборка LibreOffice камплектуецца сродкамі праверкі арфаграфіі рускай мовы, якіяі ўключаюць адносна невялікі лік слоў, утрымоўваюць памылкі і абмежаванні.

І для беларускамоўных карыстачоў свабодных офісных пакетаў модуляў праверкі арфаграфіі ўзроўню ОРФО пакуль не назіраецца. На старонцы ўбудоў для LibreOffice можна запампаваць стандартныя пашырэнні для праверкі старой і сучаснай арфаграфіі беларускай мовы, якія маюць невялікую базу слоў.

Але часы змяняюцца. У апошніх версіях MS Office выкарыстоўваецца не модуль ОРФО "Информатик", а ўласныя распрацоўкі Microsoft. А "Информатик" шукае цяпер для сябе новыя сферы ўжывання, куды ўваходзяць OpenOffice і LibreOffice. Увесну гэтага года як раз адбывалася тэставанне палегчанай версіі ўбудовы ОРФО-Lite для офісных пакетаў LibreOffice і Apache OpenOffice.

Гэтыя змены, якія цяпер назіраюцца ў вобласці распрацоўкі арфаграфічных модуляў, даюць стымул памарыць, што і для беларускай мовы справа ў гэтым накірунку зрушыцца з мёртвай кропкі, і з'явяцца больш дасканалыя модулі апрацоўкі беларускіх тэкстаў для LibreOffice і Apache OpenOffice.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также