Навінкі вольнага софту

Адзін з найстарэйшых дыстрыбутыў Linux Slackware у чарговы раз прадэманстраваў сваю жывучасць і абнавіўся да версіі 14.1. У жыццеўстойлівасці Slackware і паспрабуем разабрацца ў гэтым аглядзе ВПЗ.


Slackware not dead

Другая палова восені атрымліваецца ўраджайнай на дыстрыбутывы вольнага софту. Нядаўна быў прадстаўлены выпуск Ubuntu 13.10, на найбліжэйшы час вызначаны выхад FreeBSD 10 і Linux-дыстрыбутыва OpenSUSE 13.1. На канец гэтага года таксама запланаваны выпуск камерцыйнага дыстрыбутыва Red Hat Linux Enterprise 7, які таксама можа быць афіцыйна абвешчаны ў любы дзень. А 7-га лістапада пад воклічы "Слава Патрыку!" абнавіўся дыстрыбутываў GNU/Linux Slackware. Нязменны лідар гэтай сістэмы Патрык Фолькердынг афіцыйна прадставіў новую версію Slackware 14.1.

"Слака" - адзін з найстарэйшых дыстрыбутываў у свеце Linux. Сёлета праект Фолькердынга святкаваў свой дваццацігадовы юбілей. Ужо толькі дзеля гэтага можна прысвяціць увесь агляд гэтаму дыстрыбутыву.

Але, галоўнае, выхад Slackware Linux 14.1 прыйшоўся на час крызісу дэсктопаў, што выяўляецца, напрыклад, у падзенні попыту на персаналкі і ў праблемах з развіццём не толькі дэсктопаў Linux, але і дэсктопнай версіі Windows 8. І ва ўмовах гэтага крызісу досвед доўгага жыцця Slackware можа быць вельмі каштоўны.

 


Простаць - прычына доўгажыхарства

Як вядома, вольнае ПЗ распаўсюджваецца ў зыходных кодах. Каб карыстачу спрасціць працу з зыходнікамі і ствараюцца дыстрыбутывы. У сутнасці, дыстрыбутыў вольнага ПЗ - гэта ўжо гатовая зборка ўзаемазлучаных і гатовых да ўсталёўкі і выкарыстання праграм. У якасці сістэмнай асновы для такой зборкі праграм галоўным чынам выкарыстоўваецца ядро Linux, і таму правільна зваць такія зборкі вольных праграм GNU/Linux. Хоць асновай для дыстрыбутыва можа быць і сістэма BSD. І нават MS Windows можна ператварыць у GNU/Windows, усталяваўшы на "фортачкі" вылучна ПЗ з адкрытымі ліцэнзіямі.

У любым дыстрыбутыве прысутнічаюць практычна адны і тыя ж праграмы. Адрозненні паміж дыстрыбутывамі галоўным чынам складаюцца ў розных спосабах усталёўкі, кіравання сістэмай і праграмным забеспячэннем. І, натуральна, кожны дыстрыбутыў GNU/Linux па-свойму імкнецца быць простым і зручным для карыстача.

Іншая справа, што камфорт і простасць - рэчы вельмі суб'ектыўныя, і тое, што зручна хатняй гаспадыні, можа быць зусім нязручным для суровых рускіх фізікаў. Slackware - дыстрыбутыў як раз для суровых рускіх фізікаў.

"Слака" імкнецца да простай пабудовы сістэмы, а не да аўтаматызацыі любога дзеяння карыстача, і не імкнецца папярэдзіць кожны яго чых. Заснавальнік кампаніі Slackware Linux, Inc.і Патрык Фолькердынг пры стварэнні сістэмы кіраваўся прынцыпам KISS (Keep It Simple, Stupid - "не ўскладняй, тупень"). Іншымі словамі, немудрагелістасць - асноўная якасць сістэмы Slackware.

З іншага боку гэта немудрагелістасць і мінімум аўтаматызацыі патрабуе разумення працы ўсёй сістэмы Linux і ведаў, дзе і што ў гэтай сістэме ляжыць і наладжваецца. Сістэма, вобразна кажучы, не спрабуе быць разумней свайго карыстача. Таму Slackware не варта рэкамендаваць, напрыклад, распачыналым карыстачам Ubuntu, але дасведчаныя убунтоіды могуць паспрабаваць "Слаку" хоць бы ў віртуалцы.


Распаўсюджанне

Дыстрыбутыў распаўсюджваецца з афіцыйнага сайта ў выглядзе ISO-выявы DVD памерам у 2,3 гігабайта, а таксама ў выглядзе выявы ўсталявальнага CD-дыска з мінімальнай колькасцю неабходнага ПЗ.

Зараз афіцыйна даступны і порт Slackware для архітэктуры ARM, які развіваецца праектам ARMedslack і афіцыйна падтрымлівае такія платформы, як NVidia Tegra, Raspberry Pi і Marvell SoC. Упэўнены, для мінікампутараў Raspberry Pi "Слака" апынецца адной з добрых сістэм.


Усталёўшчык

Немудрагелістасць Slackware выяўляе сябе з самага пачатку - з працэсу ўсталёўкі. Усталёўшчык сістэмы спачатку загрузіцца ў чысты камандны радок, дзе карыстачу будзе прапанавана задаць, калі трэба, спецыфічныя параметры ядра і клавіятуры. Усё гэта можна прапусціць, націскаючы Enter. Пасля чаго будзе прапанавана ўвесці лагін root і перайсці ў рэжым суперкарыстальніка.

У рэжыме root перад непасрэднай усталёўкай трэба разбіць дыск на часткі. Для гэтага ў Slackware прадугледжаны ўтыліты cfdisk і fdisk. Для GPT-частак варта выкарыстоўваць утыліты cgdisk ці gdisk.

Пасля таго, як часткі будуць створаны, варта запусціць каманду setup. З'явіцца немудрагелістае тэкставае меню на ангельскай мове. Яно нагадвае, дарэчы, усталявальнае меню сістэмы FreeBSD.

Усталёўку варта пачаць з пункта ADDSWAP для мантавання своп-раздзелу. Пасля чаго далейшыя пункты ўсталёўкі будуць самі аўтаматычна ўключацца: выбар частак для ўсталёўкі, выбар крыніцы пакетаў, выбар усталёўваных файлаў, усталёўка праграм і налада ўсталяванай сістэмы. Усталёўка праграм можа ажыццяўляцца як у пакетным рэжыме, так і ў экспертным рэжыме паштучнай усталёўкі кожнай праграмы. Калі ўсталяваць усе праграмы з усталявальнага DVD, тое гэта зойме на цвёрдым дыску каля 8-мі гігабайт.

У якасці загрузніка Slackware Linux 14.1 прапануе стары добры LILO. Мяркуючы па анонсе, для 64-бітнай версіі Slackware маецца падтрымка загрузкі на сістэмах з UEFI.


Інтэрфейсы карыстача

Выбар графічнага карыстацкага інтэрфейсу ў Slackware Linux 14.1 таксама застаўся простым і немудрагелістым, каб карыстачы не мучыліся складаным выбарам. Можна выбраць цяжкавагавы KDE 4 ці легкаважны XFCE.

Асяроддзе GNOME у Slackware неяк не прыжылася. У свой час, як толькі "Гном" з'явіўся, Фолькердынгу лянота было збіраць гэта працоўнае асяроддзе. А лянота ў слакваршчыуаў лічыцца дабрадзейнасцю і таму адсутнасць GNOME у Slackware стала традыцыяй, якая захавана і ў версіі 14.1.

Абое асяроддзя пастаўляюцца ў сваім арыгінальным выглядзе без якіх-небудзь дапрацовак і са стандартным наборам прыкладанняў. Гэта значыць, напрыклад, LibreOffice ці Firefox непасрэдна ў дыстрыбутыве няма і іх прыйдзецца шукаць асобна. Роўна як і няма ў Slackware падтрымкі беларускай мовы "са скрынкі". Таму прылзецца лезці ў Google, каб лакалізаваць "Слаку".


Кіраванне праграмамі

Ў Slackware пакет праграмы - гэта просты tar-архіў, сціснуты gzip'ам. Немудрагелістая сістэма працы з пакетамі, якая нават залежнасці не адсочвае, проста распакуе гэты файл у каранёвы каталог, і ў базе дадзеных пакетаў будзе створаны запіс са змесцівам гэтага пакета, каб пазней яго можна было выдаліць ці абнавіць. Яшчэ ў архіве пакета маецца падкаталог install, у якім знаходзіцца скрыпт, які выканваецца пасля ўсталёўкі, пад назвай doinst.sh.

Іншымі словамі, залежнасці праграм карыстач павінен ведаць і трымаць у розуме. Хоць часта залежнасці пакуюцца разам з праграмай, і ў гэтым стаўленні пакты Slackware падобныя на ўсталявальныя архівы праграм для Windows. Таксама дыстрыбутыў Slackware у першую чаргу ўтрымоўвае бібліятэкі, неабходныя для працы іншых праграм, што спрашчае праблему залежнасцяў.

Афіцыйных рэпазітароў у Slackware, з якіх праз мэнэджар пакетаў можна ўсталяваць праграму, таксама няма. Ёсць добрыя людзі, якія арганізуюць у Сетцы сховішча пакетаў, якія трэба немудрагелістай выявай спампоўваць праз браўзар і ўручную ўсталёўваць пры дапамозе штатных сродкаў сістэмы. Прыкладам такога рэпазітара можна назваць, напрыклад, repository.slacky.eu.

Для кіравання пакетамі існуюць некалькі асноўных немудрагелістых утыліт. Яны выконваюць зборку, усталёўку, выдаленне і абнаўленне пакетаў.

Найболей правільным спосабам стварэння пакетаў для Slackware, з'яўляецца зборка з зыходнікаў. Для гэтага каманду make install, што выканваецца пасля сакраментальных configure і make, трэба выканаць у асобны каталог праз параметр DESTDIR.

make install DESTDIR=/tmp/program_name

Пасля чаго ў гэтым каталогу трэба запусціць утыліту makepkg, якая і спакуе змесціва бягучага каталога ў пакет Slackware.

Для ўсталёўкі пакета можна выкарыстоўваць утыліту pkgtool з падтрымкай меню, якая дазваляе ўсталёўваць і выдаляць пакеты. Усталёўка можа быць выканана з бягучага каталога, іншага каталога ці з дыскет.

Для кіравання праграмамі можна выкарыстоўваць і простыя ўтыліты каманднага радка installpkg і removepkg - для ўсталёўкі і выдаленні пакета адпаведна.

Такі немудрагелісты спосаб кіравання пакетамі ў Slackware мае сваі перавагі. Па-першае, можна лёгка мадыфікаваць гатовыя пакеты, уносячы змены і выпраўленні ў іх канфігурацыйныя файлы. Па-другое, у Slackware нішто не замінае ўсталёўваць некалькі версій адной праграмы. Гэта добра і для тэставання, і для выбару найболей падыходнай працоўнай версіі прыкладання. Бо магчымасць адкату на больш старыя версіі ў іншых дыстрыбутывах не з'яўляецца простай і відавочнай справай.

Таксама варта адзначыць, што ў Slackware 14.1 ужо анансавана магчымасць зборкі дыстрыбутыва з выкарыстаннем LLVM/Clang. Хоць па змаўчанні для зборкі сістэмы і пакетаў задзейнічаны кампілятар GCC. І, на мой погляд, Slackware цяпер дае найболей простую магчымасць у справе праверыць гатовасць Clang да практычнай "працы і абароне" менавіта на Linux-сістэмах, чым у іншых дыстрыбутывах.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также