Навінкі вольнага софту

Тэмамі новага агляду ВПЗ сёння будуць новая версія офіснага пакета LibreOffice і набор сеткавых кансольных прылад OpenSSH.


LibreOffice 4.2

У нашых аглядах мы заўсёды надаем увагу новым значным выпускам OpenOffice і LibreOffice. Не будзем змяняць гэту традыцыю і адзначым выпуск LibreOffice 4.2, які адбыўся 30-га студзеня гэтага года.

LibreOffice - гэта форк OpenOffice, перавагу якому цяпер аддаюць у большасці дыстрыбутываў Linux - Ubuntu, Fedora, openSUSE і іншых. Хаця з выйсцем Apache OpenOffice 4 гэтая перавага хуткім часам цалкам можа і змяніцца.

Асноўныя навіны LibreOffice 4.2 агучым у канцы навіны, а для пачатку нагадаем існуючы расклад сярод асноўных офісных пакетаў для персаналак.

 

Наборы офісных праграм усталёўваюцца практычна на любы ПК, бо, нават калі чалавек і не з'яўляецца працаўніком якой-небудзь канцылярыі, неабходнасць у працы з офіснымі электроннымі дакументамі рэгулярна ўзнікае ў кожнага карыстача. Стандартам дэ факта сярод офісных праграм па-ранейшаму з'яўляецца камерцыйны прадукт MS Office, які ў свой час прапанаваў удалы набор прылад "дакументы - табліцы - прэзентацыі - базы дадзеных", што задавольвае большасць запатрабаванняў офіснага дакументазвароту.

У сваю чаргу OpenOffice і LibreOffice з'яўляюцца спробамі стварэння вольных і бясплатных альтэрнатыў MS Office. Але ў сілу гэтага дадзеныя офісныя пакеты з'яўляюцца як бы "другаснымі" ў адносінах да MS Office. Ім даводзіцца падладжвацца пад прадукт Microsoft і выступаць у ролі вечных даганяючых. Таму любы анонс OpenOffice ці LibreOffice заўсёды ўтрымоўвае вялікі блок паведамленняў пра чарговае паляпшэнне сумяшчальнасці з фарматамі і функцыямі MS Office. Але ж Microsoft не стаіць на месцы і ўвесь час развівае свой "Офіс", у тым ліку выкарыстоўваючы розныя хітрасці ў сваіх офісных фарматах, і таму сумяшчальнасць OpenOffice і LibreOffice з MS Office заўсёды будзе не поўнай.

Большасць жа карыстачоў ва ўсе гэтыя хітрасці і тонкасці не ўнікае і, абвыкшы да некаторых абавязковых функцый MS Office, чакаюць і ад вольных альтэрнатыў такога ж функцыяналу і паводзін праграмы. А ў LibreOffice гэтыя функцыі могуць быць зусім нават і не абавязковыя.

Напрыклад, у MS Office пры адкрыцці тэкставага plain text файла звычайна выскоквае акенца з выбарам кадоўкі гэтага файла. Але калі ў Windows адкрыць такі ж файл праз кантэкстнае меню файлавага мэнэджара з дапамогай LibreOffice, то ніякага акенца, хутчэй за ўсё, не з'явіцца, і тэкставыя файлы з кірыліцай могуць адлюстравацца ў выглядзе праславутых "краказябр".

Рада: акно вызначэння мовы і кадоўкі тэксту ў LibreOffice можна выклікаць пры імпарце тэкставага файла, абраўшы ў акне адкрыцця дакумента "Файл" - "Адкрыць" фільтр "Кадаваны тэкст".

Ці ж у OpenOffice і LibreOffice па ранейшаму назіраецца адсутнасць хоць бы простай кнопкі кіравання мультымедыя ў прэзентацыях. Відэаролік у прэзентацыях пачынае граць пры адкрыцці слайда аўтаматычна, што не заўсёды трэба. У прэзентацыях MS Office элементы для кіравання відэаролікам на слайдзе маюцца.

Тым не менш, бясплатнасць OpenOffice і LibreOffice бярэ сваё - асабліва ў сучасны крызісны час. І ёсць арганізацыі і ўстановы, якія з-за эканоміі выкарыстоўваюць менавіта гэтыя вольныя офісныя пакеты.

У версіі LibreOffice 4.2 шмат навін. Усе яны носяць гэтакі эклектычны характар, не змяняючы агульную канцэпцыю пакета, як бясплатнага аналогу MS Office.

У першую чаргу шмат змен зроблена ў інтэрфейсе і вонкавым абліччы пакета. Мадыфікаваны і мадэрнізаваны вонкавы выгляд вокнаў і дыялогаў, пачынальна з акна ўсталёўкі LibreOffice і сканчаючы афармленнем шматстаронкавых укладак. Заяўлена падтрымка глабальнага меню прыкладанняў GNOME 3. Дададзена новая калекцыя "плоскіх" абразкоў. З'явіўся новы стартавы экран з новай кампаноўкай элементаў, у якім паказваюцца эскізы нядаўна рэдагуемых файлаў і прадстаўлены спасылкі для хуткага стварэння розных тыпаў дакументаў.

LibreOffice даўно набыў карысную функцыю імпарту дакументаў PDF з магчымасцю рэдагавання. Зараз да гэтага дадалася магчымасць імпарту фарматаў электронных кніг: FictionBook 2, PalmDoc, eReader, Plucker TealDoc, zTXT. Гэта значыць LibreOffice ператварыўся ў магутны канвертар разнастайных дакументаў, і спіс падтрымоўваных фарматаў у акне адкрыцця файлаў уражвае.

У версіі LibreOffice 4.2 зараз выкарыстоўваецца новы турба-рухавічок інтэрпрэтатара формул для таблічнага працэсара Calc, які забяспечвае падтрымку паралельнага вылічэння формул з прыцягненнем GPU . Некаторыя формулы зараз транслююцца ў OpenCL і выконваюцца на боау відэакарты.

У LibreOffice 4.2 стартавала эксперыментальная падтрымка выкарыстання СКБД Firebird у якасці ўбудавальнай БД для LO Base. СКБД Firebird - гэта ACID-сумяшчальная, кросплатформавая, рэляцыйная сістэма кіравання базамі дадзеных. Дарэчы, Firebird карыстаецца папулярнасцю ў некаторых аўтараў "КВ", і прыклады працы з гэтай СКБД часта з'яўляюцца на нашым сайце.


OpenSSH 6.5

Адначасова з LibreOffice 4.2 выйшаў набор сеткавых кансольных прылад OpenSSH 6.5, якія выкарыстоўваюцца для абароненага доступу да аддаленых кампутараў. Прычым, калі ўважліва прыглядзецца, то, здавалася б, такія розныя праекты, як LibreOffice і OpenSSH, маюць шмат агульнага.

Па-першае, OpenSSH распрацаваны як бясплатны і вольны аналаг камерцыйнага праграмнага комплексу SSH ("Secure Shell"), які распрацоўваецца кампаніяй SSH Communications Security. Але ж таксама і OpenOffice ствараўся як адкрыты і вольны аналаг камерцыйнага праграмнага комплексу MS Office.

OpenSSH быў створаны камандай OpenBSD, і некаторы час паміж распрацоўнікамі OpenSSH і SSH Communications Security адбываўся канфлікт з нагоды выкарыстання тэрмінаў "SSH" і "Secure Shell" як гандлёвых марак. Але урэшце гэтыя тэрміны было прынята лічыць базавымі тэхнічнымі паняццямі, якія не могуць з'яўляцца гандлёвымі маркамі.

Па-другое, на першы погляд OpenSSH не прызначаны для шырокага круга карыстачоў, а толькі для барадатых сісадмінаў UNIX. Як і офісныя прыкладанні, здавалася б, з'яўляюцца доляй толькі сакратарак.

На самой жа справе OpenSSH можа выкарыстоўвацца і вялікай колькасцю простых смяротных. OpenSSH уяўляе сабою комплекс прылад для розных тапаў працы ў Сетцы, якія могуць спатрэбіцца нават і хатняму "хамяку". Так што наяўнасць OpenSSH на кампутары таксама жадана, як і наяўнасць офісных пакетаў.

OpenSSH можа замяніць прылады аддаленага кіравання сістэмай rlogin і telnet, а таксама - сістэму аддаленага капіявання rcp (remote-copy) і rsh (remote-shell). Яшчэ ў гэты камплект сеткавых утыліт уваходзіць FTP-кліент і сервер, якія выкарыстоўваюць пратакол SFTP. OpenSSH падтрымлівае X11 Forwarding - аддалены доступ да асобных графічных прыкладанняў X Windows для Linux.

І ўся гэта функцыянальнасць забяспечваецца ўстойлівым шыфраваннем з дапамогай пратаколаў 3DES, Blowfish, AES, Arcfour. OpenSSH працуе па прынцыпе "кліент - сервер". Для аўтарызацыі на аддаленай сістэме OpenSSH мае цэлых тры спосабу аўтэнтыфікацыі: па ip адрасу, па публічным ключы і стандартны парольны метад.

Прасцей кажучы, OpenSSH дазволіць звычайнаму карыстачу, напрыклад, кіраваць уласным прыватным сайтам у хостынг-правайдара. Можна таксама аддалена кіраваць уласным (ці чужым) кампутарам з планшэта ці смартфона Android, усталяваўшы на апошнія тэрмінал і кліент SSH. Для падлучэння да аддаленай сістэмы можна выкарыстоўваць Windows, для якой ёсць кліент выдаленага доступу PuTTY.

Як было сказана раней, OpenSSH дазваляе аддалена запускаць асобныя графічныя прыкладанні Linux, у тым ліку - з Windows. Putty добра сябруе з форвардынгам "іксоў".

Прыкладанне будзе працаваць на вашым экране, але з дакументамі і наладамі аддаленай сыстэмы. Калі файл для апрацоўкі знаходзіцца ў вашым хатнім каталогу, тое яго трэба будзе перадаць на аддаленую машыну.

У OpenSSH 6.5 уключылі вялікую колькасць новага функцыяналу. Вылучым з новых функцый тыя, якія будуць у гэтым наборы сеткавых утыліт у далейшым выкарыстоўвацца па змаўчанні. Вялікая іх частка з'явілася ў OpenSSH дзякуючы высілкам Даніэля Бярнштэйна - прафесара кампутарных навук ва Ўніверсітэце Ілінойса ў Чыкага.

У ssh і sshd дададзены метад абмену ключамі па пратаколе Дыффі-Хеллмана на базе крыптаграфіі па эліптычным крывым.

У ssh і sshd зараз ажыццёўлена падтрымка схем лічбавага подпісу з адкрытым ключом Ed25519. Гэтыя новыя схемы лічбавага подпісу валодаюць як высокім узроўнем бяспекі, так і высокай хуткасцю верыфікацыі.

Задзейнічаны новы фармат захоўвання зачыненага ключа, які забяспечвае больш высокі ўзровень абароны ключоў. Дадзены фармат выкарыстоўваецца па змаўчанні для ключоў Ed25519, але можа быць задзейнічаны і для іншых тыпаў ключоў.

У OpenSSH 6.5 выканалі падтрымку новага пратаколу на аснове алгарытмаў струменевага шыфра ChaCha20 і аўтэнтыфікацыі паведамленняў Poly1305-AES. Дадзеныя алгарытмы былі створаны спецыяльна для забеспячэння найвышэйшай бяспекі пры найменшых вылічальных выдатках. З'яўленню новых пратаколаў у OpenSSH спрыяла нядаўняя прапанова кампаніі Google па ўкараненні алгарытмаў ChaCha20 у пратакол TLS.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также