Навінкі вольнага ПЗ

Галоўная навінка вольнага софту мінулага тыдня — працоўнае графічнае асяроддзе GNOME 3.12 для UNIX-сістэм. У якасці бонуса ў аглядзе прысутнічае праграма Subsurface для тых, хто рыхтуецца да летняга адпускнога сезону.

GNOME 3.12

Працоўнае графічнае асяроддзе GNOME 3 абнаўляецца раз у паўгода. 27 марта выйшла новая версія гэтага графічнага асяроддзя — GNOME 3.12.

У першую чаргу GNOME 3 з’яўляе сабой графічны карыстацкі інтэрфейс новага пакалення для сістэм UNIX. Гэты сістэмны карыстацкі інтэрфейс носіць адмысловую назву — GNOME Shell.

Гэты інтэрфейс замест класічнага меню выбару праграмм мае шматфункцыянальную аглядную панэль, якая выклікаецца кнопкай «Activitis». Тут адлюстроўваюцца ўсе адкрытыя вокны прыкладанняў на бягучым працоўным стале. З правага боку тут маецца панэль пераключэння віртуальных працоўных сталоў.

 

Таксама ў гэту аглядную панэль інтэграваны сістэмны пошук, які дазваляе знаходзіць патрэбны софт і дакументы. Для запуску праграм можна выкарыстоўваць укладку «Прыкладанні», у якой адлюстроўваюцца ўсё ўсталяванае праграмнае забеспячэнне з магчымасцю сартавання па катэгорыях. На агляднай панелі з левага боку размешчаны так званы «Док» («Dash») — панэль хуткага запуску асобных праграм.

GNOME Shell засноўваецца на аконным мэнэджару Mutter, які патрабуе падтрымку ў сістэме OpenGL для розных візуальных эфектаў. Таму GNOME Shell не рэкамендуецца для старых персаналак.

Яшчэ адной асаблівасцю інтэрфейсу GNOME Shell з’яўляецца тое, што вокны праграм тут пазбавіліся некаторых звыклых кнопак кіравання, і таму ў GNOME узрасла роля жэстаў пры маніпуляцыях з гэтымі вокнамі. Напрыклад, каб мінімізаваць ці расчыняць вокны, трэба адмысловым жэстам цягаць акно праграмы мышшу па экране, ці ж трэба актыўна выкарыстоўваць кантэкстнае меню загалоўка акна. У гэтым жа кантэкстным меню можна азнаёміцца і з асноўнымі сістэмнымі «гарачымі клавішамі».

Як відаць з папярэдняга скрыншота, філасофія GNOME — гэта прастата і мінімалізм. Але функцыянал GNOME Shell можа быць павялічаны з дапамогай пашырэнняў, як, напрыклад, у браўзарах Firefox, Chrome, Opera. Для GNOME Shell у Сетцы маецца спецыяльны рэпазітар дадаткаў, якія ўсталёўваюцца ў абалонку прама з браўзара. На дадзены момант пашырэнняў створана столькі, што іх цалкам хапае, каб задаволіць нават Лінуса Торвальдса. Пры гэтым, вядома ж, у любой сістэме пашырэнняў ёсць і зваротны бок — магчыма зніжэнне стабільнасці працы і несумяшчальнасць дадаткаў ад версіі да версіі.

Таксама ў камплект працоўнага асяроддзя GNOME уваходзіць дадатковы набор прыкладнога і сістэмнага праграмнага зябеспячэння. У сутнасці, гэта аналогі джэнтльменскага набору штатных праграм Windows, пастаўляных разам з аперацыйнай сістэмай Microsoft. Мы пра іх пісалі ў мінулым нашым аглядзе і тут паўтарацца не будзем.

А для праграмістаў-распрацоўнікаў GNOME 3 — гэта яшчэ і набор бібліятэк GTK+, што ўтрымоўвае ўсе неабходныя элементы і віджэты для стварэння графічнага інтэрфейсу, на аснове якіх ствараюцца і ўсе кампаненты GNOME. Гэты набор бібліятэк дазваляе ствараць кросплатформавыя праграмы, якія могуць працаваць і на Windows. GTK+ аналагічны фреймворку Qt, але апошні больш папулярны ў распрацоўнікаў.

З выйсцем новай версіі праекту GNOME 3 споўнілася тры гады. Спачатку гэта асяроддзе перажыло перыяд непрымання ў шырокай публікі. Але з часам шматлікія карыстачы злічылі яе цалкам прымальнай і нават зручнай.

«Гном» да версіі 3.12 дасягнуў таго ўзроўня функцыянальнасці, калі ад новых выпускаў чакаецца ўдасканаленне ці выпраўленне існуючых магчымасцяў, а не з’яўленне новых. Напрыклад, «хранічнай хваробай» GNOME 3 з’яўляецца няўзгодненасць працы індыкатара пераключэння клавіятуры з клавішамі змены раскладкі. Гэту няўзгодненасць я назіраю, напрыклад, нават у бягучай бэта-версіі Ubuntu 14.04 GNOME. Хоць распрацоўнікі openSUSE 13.1 гэту праблему ў сваім дыстрыбутыве неяк паправілі. Не будзь гэтай праблемы, так я б назваў GNOME 3 лепшым карыстацкім інтэрфейсам у класе «Мадэрн».

Калі казаць пра навіны GNOME 3.12, то ў першую чаргу трэба адзначыць з’яўленне карыстацкіх катэгорый софту на ўкладцы праграм у агляднай панэлі. Раней было даступна толькі аўтаматычнае размеркаванне праграм па катэгорыях.

Палепшана падтрымка працы на экранах з высокім дазволам HiDPI. Падтрымка Retina была заяўлена яшчэ ў GNOME 3.10, але пры гэтым магла запатрабавацца пересборка і замена бібліятэк Cairo і GTK.

Спрашчэнню падвергся інтэрфейс для налады параметраў Bluetooth. Новы інтэрфейс аўтаматычна вызначае і адлюстроўвае даступныя прылады, без неабходнасці пераходу ў рэжым сканавання ці даданні новых прылад.

Працягваецца працэс спрашчэння паводле філасофіі GNOME і набору прыкладных праграм і прывядзенне іх да адзінага інтэрфейсу. Хоць гэты працэс нельга назваць адназначна добрым. Напрыклад, файлавы мэнэджар GNOME Nautilus так спрасцілі, што ў Ubuntu вырашылі напісаць уласны. На гэты раз спрашчэнню падвергся тэкставы рэдактар Gedit.

З новай версіяй GNOME распрацоўнікі прыкладанняў GTK+ могуць актыўна выкарыстоўваць новы тып усплывальных меню — Popovers. Гэта такі тып меню, які хаваецца за кампактнай кнопкай, што дазваляе спрасціць інтэрфейс праграм. Прынамсі, Popovers актыўна выкарыстоўваецца цяпер у шматлікіх праграмах з абноўленага набору софту GNOME 3.12.

Асноўнай прыладай для налады GNOME з’яўляецца кансольная ўтыліта gsettings. Але для большасці карыстачоў зручнейшай павінна быць праграма з графічным інтэрфейсам GNOME Tweak Tool («Дадатковыя параметры»), якая таксама абнавілася да версіі 3.12.

Асноўныя магчымасці Tweak Tool:

  • усталёўка і змена візуальных тэм, афармлення вокнаў, элементаў кіравання, абразкоў, курсара мышы;
  • налада клавіятуры;
  • кіраванне сілкаваннем і налада дзеянняў пры зачыненні наўтбука;
  • налада паводзін вокнаў;
  • змена параметраў і адлюстравання працоўнага стала;
  • кіраванне пашырэннямі GNOME Shell;
  • выбар шрыфтоў і налада згладжвання.

Паспрабаваць у справе новы «Гном» можна некалькімі спосабамі. Напрыклад, выпускаецца адмысловы «жывы дыск» GNOME LiveCD, які можна адшукаць на ftp-серверы gnome.org. Гэты «жывы дыск» заснаваны на дыстрыбутыве Fedora і дазваляе ацаніць навіны новай версіі працоўнага асяроддзя ў дэманстрацыйным рэжыме. GNOME LiveCD распаўсюджваецца ў выглядзе аднаго ISO-вобраза, які падтрымлівае адначасова 32-разрадныя і 64-разрадныя працэсары.

Падрыхтаваны рэпазітары з GNOME 3.12 непасрэдна і для Fedora 19 і 20, а таксама для RHEL 7. Абнаўленні будуць ажыццяўляцца да выйсця дыстрыбутыва Fedora 21, для якога, напэўна, ужо будзе актуальная версія GNOME 3.14.

Дыстрыбутыў Ubuntu 14.04 LTS, які павінен выйсці ў красавіку, не будзе пастаўляцца з GNOME 3.12. Асноўнай версіяй будзе GNOME 3.10. Аднак версія 3.12 будзе даступная ў якасці опцыі, і новую версію «Гнома» можна будзе ўсталяваць з асобнага рэпазітара PPA.

Subsurface

Між іншым, летні курортны сезон хутка набліжаецца. Шматлікія айцішнігі аддаюць перавагу высокатэхналагічным відам курортных забавак — напрыклад, дайвінгу. Мальдывы, Туніс, Аўстралія, Крым ужо гатовыя сустракаць аматараў, жадаючых прысвяціць свой летні адпачынак падводнаму плаванню. Таму пара падрыхтоўваць як рыштунак, так і адпаведнае праграмнае забеспячэнне для падводнага турызму.

Бо сапраўдны айцішніг не можа проста так плаваць у тоўшчы ввады і любавацца марскімі скалапендрамі. Сапраўдны айцішніг любіць запратакаляваць і занесці ў базы дадзеных усе параметры сваіх падводных апусканняў, каб потым гэта ўсё раздрукаваць у выглядзе прыгожых графікаў і дыяграм.

Вось і вядомы фінскі праграміст і стваральнік ядра Linux Лінус Торвальдс таксама даўно займаецца дайвінгам. Як сапраўдны айцішніг ён звярнуў увагу на тое, што няма звычайнага праграмнага забеспячэння, якое дазволіла б навочна адлюстроўваць дадзеныя статыстыкі падводных апусканняў: датчыкаў ціску, тэмпературы вады, глыбіні апускання і выдатку кіслароду. У выніку Торвальдс сам напісаў такое праграмнае забеспячэнне і назваў яго Subsurface. Гэта праграма з адкрытым кодам працуе на сістэмах Windows, MacOS і GNU/Linux — маецца ў рэпазітары Ubuntu. Нядаўна яна абнавілася да версіі Subsurface 4.03.

Subsurface — гэта дайв-логер. Праграма здольна прымаць, аналізаваць дадзеныя з рознага абсталявання для падводных апусканняў і ператвараць іх у выглядзе графікаў. У Subsurfac падтрымліваецца праца з шырокім спектрам кампутараў для падводнага плавання. У спіс вытворцаў падводных кампутараў, якія падтрымліваюцца ў Subsurface, уваходзіць больш за два дзясятка фірмаў. (Цікава, якая на іх усталявана АС?)

Праграма таксама здольна ажыццяўляць парсінг гатовых логаў у фарматах Diving Log, Suunto SDE, Uemis і uddf. Вынікі аналізу і статыстыкі можна экспартаваць і раздрукоўваць у фармаце PDF.

Карыстач можа адсочваць месцазнаходжанні апускання, уключаючы каардынаты GPS, ці ж выкарыстоўваючы адмысловае акно праграмы з інтэрфейсам у выглядзе карты.

Міхаіл Астапчык

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также