Навiны вольнага ПЗ

У новым аглядзе падзей свету ВПЗ "зазірнем на агеньчык" да арганізатараў беларускай канферэнцыі распрацоўшчыкаў і карыстальнікаў свабодных праграм LVEE 2011, канстатуем з'яўленне доўгачаканага дыстрыбутыва CentOS 6, адзначым агрэсіўныя тэндэнцыі ў развіцці WordPress 3.2, пазнаёмімся з наватарскімі ідэямі ў галіне вэб-праграмавання на прыкладзе pdf . js, прымем да ведама пазіцыю Рычарда Столмэна ў адносінах да электронных кніг і напрыканцы агляду возьмем на нататку цікавую гульнёвую прыладу nD, дзе будзе выкарыстоўвацца "Лінукс".


LVEE 2011

Арганізатары штогадовай і, ужо можна сказаць, традыцыйнай міжнароднай канферэнцыі распрацоўшчыкаў і карыстальнікаў свабоднага праграмнага забеспячэння LVEE, якая праходзіла з 30 чэрвеня па 3 ліпеня на турбазе "Хімік" недалёка ад Гродна, падвялі вынікі гэтага мерапрыемства.

Героямі канферэнцыі 2011 сталі Алег Байцоў за даклад "Арганізацыя праграмнай абароны ад DDoS-нападаў". А прыз сімпатый аўдыторыі атрымаў Іван Куцень за даклад аб распрацоўцы і прымяненні plug-кампутараў.

 

Што тычыцца падрабязнасцяў выступленняў, то, як гаварыцца, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Многія даклады ў выглядзе тэзісаў разам з прэзентацыямі даступныя на афіцыйным сайце lvee.org. Там жа ў бліжэйшы час будзе размешчана і паўнаважкае відэа выступаў, якія, упэўнены, будуць цікавыя і ў тэхнічным плане, і ў плане гісторыі грамадскага развіцця ВПЗ у Рэспубліцы Беларусь.


CentOS 6

Адбылося! Дыстрыбутыў CentOS 6 стаў даступны ўсім. Усталявальныя дыскі сістэмы жадаючыя атрымалі магчымасць спампаваць ўжо ў канцы мінулага тыдня.

Сапраўды, гэты дыстрыбутыў многія зачакаліся. CentOS 6 з'яўляецца свабоднай зборкай карпаратыўнага дыстрыбутыва Red Hat Enterprise Linux 6, які Red Hat выпусціла 10 лістапада мінулага года. Па сутнасці, CentOS з'яўляецца бясплатным RHEL. Таму сістэма карыстаецца папулярнасцю ў невялікіх арганізацыях. Нядзіўна, што ў дзень з'яўлення вобразаў наплыў жадаючых быў досыць вялікім.

Аднак з выхадам шостай версіі пытанні наконт далейшага развіцця дыстрыбутыва CentOS застаюцца. Бо Red Hat ужо як два месяцы таму назад выпусціла абнаўленне RHEL 6.1. І калі CentOS будзе і далей так "прытармажваць", то праз пару-тройку гадоў сістэма можа значна адстаць ад свайго бацькі RHEL. А вобласць ужывання CentOS - гэта ж "доўгайграючыя" сэрверы, дзе актуальнасць абнаўленняў вельмі важная. Таму нават выхад шостай версіі CentOS не зняў для многіх адміністратараў з парадку дня пытанне аб пераходзе на іншую версію свабодных зборак RHEL. Прыкладам такой альтэрнатывы CentOS можа стаць Scientific Linux.


WordPress 3.2 "Gershwin"

З распаўсюджанага вольнага ПЗ, якое сур'ёзна абнавілася на мінулым тыдні, трэба адзначыць новую версію WordPress 3.2 "Gershwin". WordPress - адзін з папулярных блогерскіх рухавічкоў, які дазваляе хутка разгортваць як персанальныя, так і карпаратыўныя блогі.

З галоўных асаблівасцяў "Гершвіна" варта адзначыць стратэгічную мэтанакіраванасць на развіццё новых стандартаў Інтэрнэта. У новай версіі спыняецца падтрымка PHP 4, MySQL 4. Але самае паказальнае - гэта аб'ява вайны Internet Explorer 6. У WordPress 3.2 дададзены вывад апавяшчэння пры выкарыстанні не падтрымліваемай версіі браўзэра.

Значныя змены зроблены ў інтэрфейсу. Адмінка абзавялася новымі шрыфтамі. Стаў даступны поўнаэкранны рэжым для візуальнага рэдактара - графічныя элементы знікаюць у верхняй частцы экрана, вызваляючы месца, што добра для розных нэтбукаў.


pdf.js

А тым часам праграмная індустрыя асвойвае новыя ўзроўні праграмавання. У старыя добрыя часы праграмы пісаліся ў машынных кодах, потым з'явіўся асэмблер, далей на арэну выйшлі кампіляваныя мовы высокага ўзроўню. І вось мы дажылі да тых дзён, калі паўнавартасныя прыкладныя праграмы пішуцца на мовах-інтэрпрэтатарах.

Сярод моў-інтэрпрэтатараў тон задае, вядома ж, у сілу развіцця вэб-тэхналогій, браўзэрны JavaScript. Пытанні аб праграмах на JavaScript падымаў нават Рычард Столмэн, калі сцвярджаў, што JS ўжо не толькі выкарыстоўваецца для простых дапаможных дзеянняў у браўзэры, але i для даволі складаных праграм. Таму, нагадаю, ён прапаноўваў ідэю спецыяльнага механізму ў браўзэры для дэманстрацыі ліцэнзіі карыстачу.

Калі казаць пра прыклады, то ў гэтай якасці можна прывесці наступныя праграмы, створаныя выключна сіламі JavaScrit: свабодны MP3-плэер jsmad, эмулятар JavaScrit PC.

Вось пачалася распрацоўка яшчэ адной карыснай ў народнай гаспадарцы праграмы на JS. Аўтары праекту pdf.js задаліся мэтай напісаць на скрыптовай мове рэндэр для дакументаў PDF. Сам праект быў анансаваны менш за месяц таму назад, і вось ужо дасягнуты першыя вынікі: стала магчымым адлюстраванне прасценькіх PDF-дакументаў. Хаця пакуль нармальная праца pdf.js забяспечваецца толькі ў спецыяльных начных зборках Firefox.

Але за pdf.js стаяць ўдзельнікі праекту Mozilla. Таму, нягледзячы на раннюю версію pdf.js, маюцца вялікія надзеі на тое, што праект будзе развівацца і ўдасканальвацца. Самі распрацоўнікі лічаць, што на працягу двух-трох месяцаў давядуць pdf.js да такога ўзроўню, што ён зможа добра адлюстроўваць большасць PDF-дакументаў у любым браўзэры.


Столмэн супраць Amazon Kindle

А сам лідэр руху GNU Рычард Столмэн нядаўна выступіў з чарговым выкрыццём "душыцеляў волі". На гэты раз на баку сусветнага зла апынулася кампанія Amazon са сваімі электроннымі кнігамі Kindle.

Зрабіўшы невялікі параўнальны аналіз Kindle і папяровых кніг, Столмэн прыходзіць да высновы аб тым, што электронныя кнігі - гэта крок назад у параўнанні з друкаванымі. Чытач, купляючы ў краме папяровую кнігу, з'яўляецца проста ананімным пакупніком і пры гэтым можа выкарыстаць наяўныя грошы. Пры куплі папяровай кнігі не трэба падпісваць ліцэнзійныя пагадненнi і выкарыстоўваць прапрыетарныя праграмы для чытання. Гэтую кнігу можна аддаць, абмяняць, прадаць. І праваўладальнік не можа прыйсці да чытача ноччу і знішчыць экзэмпляр.

А ў выпадку электронных кніг Amazon чытач ідэнтыфікуецца, згаджаецца з нейкімі ліцэнзіямі. Электронны варыянт кнігі ў Amazon Kindle да букініста не аднясеш. Мала таго, ваш законна набыты экзэмпляр у Amazon могуць выдаліць, як выдалілі два гады таму назад з тысяч прылад раман Джорджа Оруэла "1984".

Столмэн заклікае змагацца з такімі абмежаваннямі радыкальным спосабам, проста адмаўляючыся ад куплі прылад, падобных Kindle. Аднак у дадзеным выпадку пытанне не ў прыладах і тэхналогіях. І калі ў стратэгічным дачыненні высновы Столмэна зразумелыя, то ў тактычным плане гэтая пазіцыя падвяргаецца крытыцы. Бо, напрыклад, продаж папяровай кнігі праз інтэрнэт-крамы можна таксама абставіць драконаўскімі ўмовамі, аж да абавязковага пагаднення з ліцэнзіямі. Таму заклікамі не купляць Kindle наўрад ці атрымаецца вярнуць правы чытачоў, што "парушаюцца" Amazon.


nD

І напрыканцы аб забаўках, хоць лічыцца, што "Лінукс" і гульні - гэта паняцці не вельмі сумяшчальныя. Напрыклад, дэсктопныя версіі GNU/Linux так і не сталі платформай для кампутэрных гульняў, якой, напрыклад, з'яўляецца Windows.

І на відэапрыстаўках "Лінукс" таксама не распаўсюджаны. Нават магчымасць проста ўсталяваць на кансоль Linux, як гэта было нядаўна ў выпадку Sony Playstation 3, кампанія-вытворца абмежавала.

Аднак, ёсць яшчэ і сектар мабільных партатыўных гульнёвых кансоляў. І вось тут, думаю, у "Лінукса" нядрэнныя шанцы сябе прыбудаваць хаця б ў якасці сродку распрацоўкі гульняў.

Напрыклад, да канца гэтага года абяцаюць выпусціць гульнёвую кансоль nD. Адной з галоўных яе вартасцяў будзе кошт, які павінен скласцi 10-20 даляраў.

Пры гэтым апаратны склад кансолі - гэта экран 320 x 240 на 65 тыс. колераў, працэсар 400MHz ARM, 32 Мб памяці, 2 Гб Flash. Такое начынне дазваляе, як мінімум, эмуляваць альдскульныя гульнёвыя прыстаўкі.

Але, акрамя магчымасці пераносу старых гульняў накшталт DOOM, распрацоўшчыкам для nD будзе прадстаўлена спецыяльнае SDK на базе Linux для стварэння арыгінальных 2D-гульняў з выкарыстаннем адкрытай мультымедыйнай бібліятэкі SDL.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также