Беларускі софт #13

Дзень добры, шаноўныя. Ці добрай раніцы, альбо добры вечар - усё залежыць ад таго, у які час вы чытаеце гэты артыкул. Спадзяюся, чарговы выпуск, прысвечаны праграмнаму забеспячэнню з Беларусі, прыйдзецца да спадобы.


Belazar Translation Server

Мабыць, тыя, хто чытае "Кампутарныя весткі" заўсёды, памятаюць, што цыкл артыкулаў "Беларускі софт" пачынаўся з расповеду аб праграме Алега Азароўскага беларуска-рускім перакладніку "Белазар". Цяпер гэтая выдатная праграма атрымала яшчэ адну карысную для карыстальнікаў магчымасць: з яе дапамогаю лёгка пракладаць web-старонкі адразу ва ўсталяваным у сістэме iнтэрнэт-аглядальніку (напрыклад, Mozilla Firefox, Opera ці Internet Explorer).

З тэхнічнага пункту погляду, сэрвер перакладаў "Белазара" - гэта служба Windows, якая выконвае беларуска-рускія і руска-беларускія пераклады з дапамогай рухавіка перакладаў "Белазара" (Belazar Translation Engine). Belazar Translation Server (BTS) функцыянуе як HTTP-сервер, атрымліваючы запыты на пераклад і адпраўляючы перакладзеныя тэксты па пратаколе HTTP. Такая пабудова працы сэрвера перакладаў дазваляе працаваць з ім прынамсі трыма спосабамі. Першы з іх я ўжо ўзгадваў - гэта праца праз iнтэрнэт-аглядальнікі. Гэта самы просты спосаб, даступны для кожнага карыстальніка iнтэрнэту. Другі спосаб - працаваць праз web-сайты, якія рэалізуюць інтэрфейс да BTS. Абмежаванні гэтага спосабу відавочныя: трэба мець сервер з усталяваным на ім перакладніку. А паколькі працуе ён толькі пад аперацыйнай сістэмай Windows сямейства NT, то і сайтаў, якія дазваляюць перакладаць тэксты праз iнтэрнэт, пакуль няма. Трэці спосаб можа падацца даволі экзатычным звычайнаму карыстальніку, але ж будзе даволі натуральным для праграмістаў і web-дызайнераў. Ён складаецца ў тым, што пераклад ідзе праз любыя прыкладанні, якія рэалізуюць пратакол абмену з BTS на HTTP.

Бягучая версія BTS мае абмежаванні функцыянальнасці ў параўнанні з "Белазарам", галоўныя з якіх такія: немагчымасць рэдагавання слоўнікаў праграмы, а таксама немагчымасць абрання іншага перакладу для слова з наяўных. Але ж, самі разумееце, гэта ўсё - вынікі таго, што пераклад павінен адбывацца ў рэжыме анлайн.

 

Так што звярніце ўвагу на гэтую новую распрацоўку спадара Азароўскага - пэўна, было б няблага, калі дзесьці ў Байнэце1 з'явіўся б анлайнавы перакладнік.


Праграмы Зміцера Спіцына

Праграмы гэтага распрацоўшчыка ўжо не ў першы раз патрапілі на старонкі "Кампутарных вестак". Але ж, зразумела, праграмы маюць такую асаблівасць, як выхад новых версій, якія утрымліваюць выпраўленні памылак і новыя магчымасці. Таму, думаю, новы агляд нікому не перашкодзіць.

Пэўна, калі вы надрукуеце ў адрасным радку iнтэрнэт-аглядальніку www.sdisle.com/rus/index.html, то на некаторы час адчуеце здзіўленне. Справа ў тым, што спадар Спіцын па прафесіі - лекар-неўролаг, а праграмаванне для яго - хобі. Але ж, трэба прызнацца, распрацоўкі, прадстаўленыя на сайце, усе даволі цікавыя.

Першая праграма, якую прапануе нам Зміцер, называецца SDATimer. Яна аб'ядноўвае ў сабе функцыі таймера з зваротным адлікам, лічбавага гадзінніка і секундамера. Па словах аўтара, таймер хутка і лёгка наладжваецца пад неабходны прамежак часу і ў патрэбны момант нагадвае аб неадкладных справах гукам, паведамленнем альбо выключэннем кампутара. Прыемна тое, што маецца падтрымка "скіноў", якая дае кожнаму карыстальніку магчымасць наладзіць знешні выгляд праграмы. Галоўнае акно праграмы можна схаваць, каб не перашкаджала. Існуюць тры магчымых шляху налады таймера і падтрымка гарачых клавіш. Таксама маецца ўбудаваны каляндар з указаннем часу ўзыходу і заходу Сонца, фазы Месяца. Для карэктнага адлюстравання часу ўзыходаў і заходаў неабходна толькі паказаць шырату і даўгату месца. Праграма распаўсюджваецца як умоўна-бясплатная, але з неабмежаваным часам выкарыстання.

Другая праграма - калькулятар для мабільных тэлефонаў. Канешне, сёння нават у самых простых і танных мадэлях мабільнікаў ёсць убудаваная прылада-калькулятар, але ж SDCalc мае перавагі перад большасцю з іх. Па-першае, гэты арыгінальны і больш зручны рэжым уводу лічбаў. Па-другое, пашыраная колькасць функцый, якія можна падлічыць: трыганаметрычныя функцыі, корані, працэнты... Для працы з гэтаю праграмай неабходна мець тэлефон з падтрымкаю MIDP 2.0 CLDS 1.1.

Трэцяя праграма датычыцца больш прафесійнай дзейнасці Зміцера і будзе, пэўна, цікаваю для некаторых медыкаў. Праграма SDHormons дазваляе прамадэляваць якасна дзейнасць эндакрыннай сістэмы чалавека. Не гледзячы на тое, што праграме ўжо больш за 9 гадоў, яна па сённяшні дзень карысная: самі разумееце, што чалавечы арганізм змяняецца не так хутка, як інфармацыйныя тэхналогіі.

Наступная прылада падаецца даволі цікаваю і арыгінальнаю, таму раю звярнуць на яе увагу. SD Screen Saver Launcher (SDSSL) - праграма, якая дазваляе выклікаць "хавальнік экрану" (screensaver) адзіным рухам курсору мышы. На экране (напрыклад, у левым верхнім куце) ствараецца актыўная кропка, якая пры навядзенні курсора мышы адразу звяртаецца да screensaver'а.

SDAssistant, апошняя з праграм сённяшняга агляду, таксама створана лекарам для лекараў. Гэта тэкставы рэдактар, які прыстасаваны для хуткага уводу паўтаральнай інфармацыі, якая часта сустракаецца ў медыцынскай дакументацыі. Заснавана функцыянальнасць лекарскай прылады на гнуткай сістэме шаблонаў стандартных выразаў, якія заўсёды сустракаюцца ў медыцынскіх дакументах. Таксама праграма дазваляе надзвычай хутка дадаць змесціва ўжо адрэдагаванага дакументу ў новы. Да SDAssistant'у даданая прылада RTF2TXT, якая дазваляе хутка у пакетным рэжыме перавесці тэкст з фармату RTF у фармат TXT.

Што ж, на гэтым чарговы выпуск "Беларускага софту" скончаны. Калі ласка, калі вы ведаеце нейкія цікавыя і карысныя праграмы, распрацаваныя жыхарамі Беларусі, дашліце мне спасылку на іх (мая электронная паштовая скрыня: dreamdrusch@tut.by). І я, і чытачы будзем вам вельмі ўдзячныя.

Вадзім СТАНКЕВІЧ

1 Байнэт - назва беларускага сектара iнтэрнэту

Версия для печатиВерсия для печати

Номер: 

41 за 2006 год

Рубрика: 

Software
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!