Навіны вольнага ПЗ

Найбольшую ўвагу карыстальнікаў GNU/Linux на мінулым тыдні прыцягнуў новы стабільны выпуск "неэмулятара" Wine 1.4. Таксама ў гэтым аглядзе адзначым выхад СКБД MariaDB 5.3, першае з'яўленне музычнага камбайна Nightingale 1.11 і сістэму кантролю версій Bazaar 2.5.


Wine 1.4

Пасля дваццаці месяцаў распрацоўкі выйшла чарговая новая стабільная версія Wine 1.4 - вольнага эмулятара Windows 32 API для Unix-сістэм. Таксама адначасова быў выпушчаны камерцыйны пакет Crossover 11, які заснаваны на кодзе Wine 1.4.

Wine - гэта вядомы кожнаму лінуксоіду, асабліва геймерам, набор бібліятэк і кампанентаў, які дазваляе прама ў сістэме Linux запускаць, а вельмі часта і нават эксплуатаваць праграмы, напісаныя для аперацыйнай сістэмы Windows. У лік такіх праграм, дарэчы, могуць уваходзіць і некаторыя вірусы.

Wine не з'яўляецца эмулятарам ў традыцыйным разуменні, вось як, напрыклад, VirtualBox. Гэта праграмны комплекс, які запускае прыкладанне Windows, перахапляе сістэмныя выклікі гэтага прыкладання, і падмяняе іх сістэмнымі функцыямі Linux. Версіі Wine маюцца для FreeBSD і нават для Windows.

 

У асноўным Wine выкарыстоўваецца для запуску камп'ютэрных гульняў, якія, як вядома, пішуцца ў асноўным для аперацыйнай сістэмы ад Microsoft. Асабліва Wine цэняць аматары старых алдскульных гульняў. Напрыклад, першы Diablo, у які і я сам часам люблю пагуляць, вельмі нядрэнна глядзіцца ў гэтым "неэмулятару".

Вельмі часта Wine выкарыстоўваюць для запуску не самых апошніх версій MS Office і Photoshop. Таксама ў гэты праект уваходзіць бібліятэка Winelib, пры дапамозе якой Windows-прыкладанні могуць кампілявацца спецыяльна для Linux.

Але, не гледзячы на тое, што Wine развіваецца шмат гадоў і ўяўляе сабой магутнае прыкладанне, у сілу шэрагу прычын яго прымяненне спалучана з некаторымі цяжкасцямі. Не ўсе спецыфікацыі Windows вядомыя, і для працы шматлікіх праграм патрабуецца ствараць спецыяльныя "мыліцы", ці хакі, якія дазваляюць запусціць праграму. З кожнай новай версіяй Wine шмат з гэтых "мыліц" перастаюць працаваць, і іх варта перапісваць. У выніку з новымі версіямі гэтага "неэмулятара" могуць зарабіць новыя Windows-праграмы, але пры гэтым перастаць працаваць старыя. Таму пры з'яўленні новай версіі Wine не варта спяшаецца з пераходам на яе, як бы ні цікавыя былі новыя функцыі.

І цяпер пяройдзем да гэтых самых новых функцый Wine 1.4.

У версіі 1.4 дароблена графічная падсістэма Wine DIB. Увесь гэты час гэтая новая графічная падсістэма ў эксперыментальным рэжыме пераносілася па кавалачках з камерцыйнай версіі Crossover. Новы рухавік графікі парадуе хуткасцю і магчымасцю запускаць некаторыя прыкладанні, што раней не працавалі.

Цалкам перапрацаваны аўдыё-стэк. Была выдалена падтрымка Jack, NAS, AudioIO, ESD і OSSv3. Абноўлены драйвера для Alsa, OSSv4 і CoreAudio. Дыялог наладкі гуку таксама перароблены.

Ўкаранёна поўная падтрымка вываду тэксту для моў з правабаковым напісаннем тэксту - іўрыт, арабскі. Дададзены і вывад моў з вертыкальным напісаннем, як, напрыклад, японскі.

Вокны дыялогаў цяпер адлюстроўваюцца ў новым Vista-стылі. Рэалізаваны рэжым "цягні-і-кідай" для OLE аб'ектаў.

Убудаваны вэб-браўзэр "WINE Internet Explorer", што заснаваны на рухавіку Mozilla Gecko, атрымаў рэалізацыю Active X. Таксама распрацоўнікі сцвярджаюць, што цалкам рэалізавалі падтрымку мовы VBScript.

З гэтага часу Wine будзе строга правяраць наяўнасць падтрымкі шэйдараў ў відэакарце. Шэйдары версіі 3 ужо больш нельга будзе запусціць на абсталяванні, якое падтрымлівае толькі шэйдары версіі 2.

Дададзена магчымасць усталёўкі MSI патчаў. Цяпер таксама маецца падтрымка адкату пасля ня ўдалых усталёвак.

Выкарыстоўваючы Mono, можна выкарыстоўваць шматлікія версіі. Net. Таксама ў складзе Wine з'явіліся новыя ўласныя праграмы: cabarc для стварэння і распакавання архіваў cab, wscript для рэалізацыі Windows Script Host, ipconfig, hostname, taskkill, view для прагляду EMF файлаў, winemsibuilder для стварэння пакетаў інсталяцыі MSI.

І, натуральна, дададзена падтрымка запуску вялікай колькасці новых прыкладанняў, у тым ліку Microsoft Office 2010.

Як было сказана вышэй, абнавіўся і камерцыйны прадукт Crossover. Ад арыгінальнага адкрытага і бясплатнага Wine камерцыйны CrossOver адрозніваецца падтрымкай большай колькасці Windows-праграм, а прасцей кажучы - вялікай колькасцю "мыліц", якія з цягам часу пяройдуць у адкрыты доступ. Таксама ў гэтым праекце ажыццёўлена інтэграцыя з пакетам CrossOver Games для гульнёвых прыкладанняў, і цяпер гэта адзіны пакет.


MariaDB 5.3

Майкл Відэніюс, заснавальнік MySQL, паведаміў аб выхадзе новай версіі СКБД MariaDB 5.3.5. Гэта першы стабільны выпуск з галіны 5.3. Новая версія MariaDB цалкам сумяшчальная з MySQL 5.1, а таксама змяшчае некаторыя магчымасці з MySQL 6.

Па іроніі лёсу Відэніюс стварыў СКБД MariaDB як форк ўласнай жа СКБД MySQL, якая апынулася ў руках кампаніі Oracle, вядомай сваёй жорсткай манетарысцкай палітыкай. Асцерагаючыся, што свабодная версія СКБД MySQL ў выніку гэтай палітыкі апынецца ў стагнацыі, Відэніюс арганізаваў уласную кампанію Monty Program Ab для планамернага развіцця MariaDB.

За час існавання СКБД MySQL заняла даволі трывалае становішча ў сектары вэб-распрацовак. Гэтая СКБД з'яўляецца часткай стандартнага стэка Linux + Apache + PHP + MySQL, а таксама часта выкарыстоўваецца як стандартнае рэляцыйнае сховішча для прыкладанняў ў сістэме GNU/Linux.

Непасрэднай свабоднай заменай MySQL можа лічыцца PostergeSQL. Але ўсё ж PostergeSQL - гэта больш высокая вагавая катэгорыя. Таму развіццё MariaDB варта лічыць цалкам станоўчай справай.


Nightingale 1.11

Магчыма, сярод чытачоў ёсць аматары магутных музычных камбайнаў накшталт Apple iTunes. Для GNU/Linux прыкладам такога музычнага камбайна з'яўляецца плэер Amarok і яго форк Clementine.

Звычайна такія музычныя прыкладанні акрамя магчымасці прайгравання музычных файлаў ўтрымоўваюць шмат дадатковых функцый. Напрыклад, падобныя музычныя камбайны даюць магчымасць кіраваць музычнымі калекцыямі, вокладкамі, тэкстамі песень, шукаць і адлюстроўваць інфармацыю пра музыку з "Вікіпедыі", аж да камунікацыі ў сацыяльных сетках.

Некаторы час таму назад з'явіўся свабодны музычны прайгравальнік Songbird. Яго асаблівасцю з'яўляецца тое, што ён ствараўся на базе тэхналогій браўзэра Mozilla Firefox. Спачатку гэты праект быў кросплатформенным, але праз некаторы час аўтары Songbird спынілі падтрымку версіі для GNU/Linux.

Аднак прыхільнікі Songbird для Linux з такім становішчам спраў не змірыліся і спачатку рабілі Linux-версіі прайгравальніка ўласнымі сіламі. І вясной 2010-га года ўтварыўся форк Songbird пад назвай Nightingale.

Развіццё гэтага праекта было не вельмі роўным. Але ўсё ж на працягу гэтых двух гадоў удалося падрыхтаваць першы выпуск плэера, які адбыўся на мінулым тыдні, і які адразу ж атрымаў нумар версіі з трох адзінак 1.11.

Nightingale выкарыстоўвае Mozilla Gecko 1.9.2, уключае ў сябе змены апошніх версій Songbird, а таксама мае функцыю аўтаматычнага абнаўлення да наступных выпускаў. У першую чаргу Nightingale арыентаваны для працы з вялікімі музычнымі калекцыямі з магчымасцю разбіцця дадзеных на часткі па аўтарам, жанрах і г.д.

Дадатковая функцыянальнасць Nightingale, як і ў Songbird, нарошчваецца з дапамогай пашырэнняў, накшталт пашырэнняў браўзэра Firefox. На дадзены момант гэтыя пашырэнні прызначаны для арганізацыі працы з рознымі музычнымі вэб-сэрвісамі і сацыяльнымі сеткамі. Ёсць таксама пашырэння, што павялічваюць інфарматыўнасць галоўнага акна праграмы.


Bazaar 2.5

Навіна са свету сістэм кантролю версій. Кампанія Canonical прадставіла рэліз новай стабільнай галінкі размеркаванай сістэмы кіравання версіямі Bazaar 2.5.0.

Сістэмы кантролю версій (VCS) прызначаны для аўтаматызацыі працы з пастаянна зменлівымі дакументамі і інфармацыяй. Такія сістэмы дазваляюць у адзіночку або калектыўна захоўваць і кіраваць некалькімі версіямі аднаго і таго ж дакумента, вызначаць, хто і калі зрабіў тое ці іншае змяненне, і многае іншае. Падобныя сістэмы найбольш шырока выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы праграмнага забеспячэння для захоўвання зыходных кодаў.

Таму асабліва актуальныя VCS сярод распрацоўнікаў свабодных праграм. І тут маецца на выбар некалькі папулярных такіх сістэм, адной з якіх з'яўляецца Bazaar. Паводле неафіцыйных дадзеных гэтая VCS па папулярнасці займае трэцяе месца пасля Git і Mercurial.

Існуе ходкае меркаванне карыстальнікаў, што самая дасканалая сістэма кіравання версіямі пакуль яшчэ не напісана. Але ў сваю чаргу Bazaar валодае ўласнымі вартасцямі перад іншымі VCS. Гэта і арганізацыя працы з сістэмай кантролю версій у цэнтралізаваным стылі, які нашмат больш гнуткі, чым у VCS Subversion. Вартасцю лічыцца таксама і графічны інтэрфейс QBzr і Bazaar Explorer.

Асноўнай асаблівасцю Bazaar 2.5 з'яўляецца працяглы тэрмін падтрымкі. Выпраўленні памылак для гэтай галінкі 2.5 будуць выпускацца аж да красавіка 2017 года.

А з новай функцыянальнасці варта адзначыць падтрымку colocated-галінаў, якія дазваляюць размясціць некалькі галінак ў адной дырэкторыі. Раней кожная галінка размяшчалася толькі ў асобнай дырэкторыі.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также