Навіны вольнага ПЗ

Галоўная тэма сённяшняга агляду ВПЗ - адкрытая платформа для арганізацыі працы "разумнай хаты" openHAB. Таксама ў аглядзе прадстаўлены візуалізатар матэматычных функцый Zhu3D, прагляднік коміксаў ACBF Viewer і новая версія інтэрпрэтатара тэкставых квэстаў INSTEAD.


АС openHAB для жылля

Хаты і кватэры, нашпігаваныя высокатэхналагічнымі разумнымі прыладамі, становяцца даступнымі не толькі мільярдэру Білу Гейтсу. Усё большая колькасць камп'ютэрных гікаў закупляюць спецыяльнае абсталяванне і спрабуюць ажыццявіць сваі мары пра інтэлектуальнае жыллё ў рэальнасць, уладкоўваючы аўтаматызацыю ва ўласную кватэру.

Электронная прамысловасць ідзе насустрач гэтым марам, і ўжо распрацаваныя асобныя сістэмы аўтаматызацыі жылых і офісных памяшканняў, як, напрыклад, HomeMatic. Тэхналагічнай асновай такога аўтаматызаванага жылля з'яўляюцца так званыя палявыя шыны (field bus). Гэта спецыяльныя лакальныя вылічальныя сеткі, у якіх прыборы асвятлення, ацяплення, кандыцыянавання і іншыя сістэмы аб'ядноўваюцца ў адзіную кіраваную матрыцу.

Палявая шына для перадачы дадзеных паміж прыладамі можа выкарыстоўваць любы тып злучэння, пачынаючы з бесправадной сувязі і заканчваючы камутацыяй з дапамогай электраправодкі. Таксама хатнія палявыя шыны маюць уласныя пратаколы абмену дадзенымі. І да ўсяго гэтага хатнія прылады павінны мець магчымасць быць запраграмаванымі.

 

Груба кажучы, хутка проста так нават лямпачку на кухні не заменіш. Давядзецца для лямпачкі розныя драйвера ўсталёўваць і спецыяльныя конфігі рэдагаваць.

Да таго ж хутка гэтых палявых шын набярэцца цэлы заапарк. З найбольш папулярных пратаколаў для хатняй аўтаматызацыі можна назваць EIB/KNX, XPL, VSCP. Гіганты хатняй электронікі, як Philips, Panasonic і іншыя, таксама распрацоўваюць свае фірмовыя сістэмы аўтаматызацыі для разумнага жылля.

Дапамагчы з нараджаючымся заапаркам сістэм для хатняй аўтаматызацыі заклікана адкрытая сістэма openHAB (open Home Automation Bus). Яе сутнасць у тым, што яна ўяўляе сабой асобную абстрактную шыну, якая працуе над іншымі палявымі шынамі і пратаколамі камунікацыі. Практычна сістэма OpenHAB падобная звычайным аперацыйным сістэмам на кампутары, якія забяспечваюць адзіны абстрактны інтэрфейс для рознага абсталявання ўнутры сістэмнага блока.

Падтрымка прылад і пратаколаў у openHAB рэалізуецца праз асобныя модулі-біндзінгі. Падобныя біндзінгі створаны для падтрымкі пратаколаў KNX, XPL, VSCP, а таксама для выкарыстання прылад з праваднымі і бесправаднымі сеткавымі інтэрфейсамі.

Для карыстальніка прадастаўляецца вэб-інтэрфейс, які дазваляе кіраваць параметрамі жылля прама з браўзэра. На сайце праекту маецца дэма-версія гэтага інтэрфейсу для азнаямлення.

Код openHAB напісаны на мове Java, заснаваны на адкрытай рэалізацыі OSGi і запускаецца на вэб-сэрвэры Jetty. Распаўсюджваецца код праекта пад ліцэнзіяй GPLv3.

Версія openHAB 1.2, якая выйшла на мінулым тыдні, ўтрымлівае ужо цэлых 30 біндзінгаў для падлучэння розных сістэм хатняй аўтаматызацыі. У новай версіі openHAB, у прыватнасці, адзначаюцца модулі для сістэмы кіравання домам HomeMatic, для разумных лямпачак Philips Hue, для сістэмы асвятлення DMX і для інтэрактыўнага памочніка па догляду за раслінамі Koubachi.

У Google Play Store таксама з'явіўся новы кліент openHAB для Android пад назвай HABDroid. У кароткім відэароліку ніжэй прадэманстраваны некаторыя з новых функцый HABDroid, уключаючы кіраванне Philips Hue. Як мы бачым з гэтага відэа, конфігі для разумнай хаты, на жаль, рэдагаваць ўсё-ткі давядзецца.


Візуальная матэматыка Zhu3D

Матэматычныя праграмы - гэта пакуль, на жаль, рэдкі госць у нашых аглядах. Хоць вольнага ПЗ для матэматыкаў напісана нямала. Выпраўляемся і сёння знаёмімся з візуалізатарам матэматычных функцый Zhu3D, новая версія якога была апублікаваная ў сярэдзіне красавіка бягучага года.

Zhu3D з'яўляецца інтэрактыўным дадаткам для трохмернай візуалізацыі матэматычных функцый. Гэта невялікая праграма распаўсюджваецца па свабоднай ліцэнзіі і працуе на платформах Windows, Linux, MacOS, FreeBSD.

З дапамогай праграмы можна візуалізаваць функцыі, параметрычныя сістэмы і ізапаверхні. Прыкладанне пастаўляецца з вялікай колькасцю прыкладаў, шмат з якіх робяць уражанне сваёй незвычайнасцю.

Для малявання функцый Zhu3D выкарыстоўвае ўсе магчымасці і спецэфекты OpenGL: анімацыя, морфінг, празрыстасць, тэкстуры, туман і размыццё рухаў. Для асвятлення матэматычных аб'ектаў можна ўжываць да васьмі ліхтароў. Маюцца дротавы (wire) і кропкавы (point) рэжым адлюстравання візуальных аб'ектаў.

Карыстальніцкія функцыі могуць мець любую колькасць параметраў, могуць быць укладзенымі або рэкурсіўнымі. Падтрымліваюцца лагічныя аператары.

Інтэрфейс Zhu3D шматваконны. Маюцца асобнае акно рэдактара функцый, асобнае акно параметраў візуалізацыі і непасрэдна сам візуальны прагляднік.

На жаль, сярод даступных моў лакалізацыі інтэрфэйсу прыкладання не прысутнічае беларуская мова. Таксама новая версія Zhu3D даступна пакуль толькі ў зыходніках для самастойнай зборкі. Скампіляваныя зборкі для розных аперацыйных сістэм з'явяцца крыху пазней.


Коміксы ACBF

Нягледзячы на мноства праграм і фарматаў для стварэння рознага роду лічбавых выданняў, у гэтай галіне ўсё яшчэ ёсць неабходнасць у новых фарматах і інструментах. Напрыклад, папулярны фармат EPUB добра падыходзіць для лічбавых кніг, дзе шмат тэксту і мала малюнкаў, але дрэнна падыходзіць для стварэння лічбавых альбомаў або коміксаў з вялікай колькасцю малюнкаў.

Для коміксаў ёсць, напрыклад, фармат файла Comic Book Archive. Але і гэты фармат многіх не задавальняе, бо гэта ўсяго толькі архіў адсканаваных ў графічныя файлы старонак.

У выніку такой незадаволенасці ўжо больш за год у прыватным парадку ідзе праца над адкрытым фарматам Advanced Comic Book Format. Нягледзячы на цяжкасці, праект развіваецца, і пастаянна выходзяць новыя версіі неабходнага ПЗ для працы з ACBF.

Фармат ACBF заснаваны на пашыраемай мове разметкі XML і ўключае метададзеныя пра аўтара, жанр, ліцэнзіі і г.д. Таксама фармат дае магчымасць падзяліць структуру коміксу не толькі на старонкі, але і на асобныя кадры, з дапамогай якіх будзе больш зручна глядзець комікс на мабільных прыладах. Яшчэ ACBF ўтрымлівае асобны семантычны пашыраны тэкставы пласт над фонам графікі, што дазваляе ствараць мультымоўныя версіі коміксаў.

Асноўная праграма для працы з гэтым фарматам для коміксаў - гэта, вядома ж, прагляднік коміксаў ACBF Viewer. Праграма на мінулым тыдні дасягнула версіі 0.97. Яна напісана на мове праграмавання Python і распаўсюджваецца на ўмовах GNU GPL версіі 2. У цяперашні час існуюць версіі для Linux і Windows.

У праграме ўжо рэалізаваны асноўныя магчымасці працы з ACBF - праца з тэкставымі пластамі. Напрыклад, ёсць магчымасць паказваць па кліку на дыялогу змест гэтага дыялога ў асобным акенцы.

У праграме ёсць таксама менеджэр асабістай бібліятэкі коміксаў. Падтрымліваецца навігацыя па раздзелам комікса з адмысловага меню на панэлі інструментаў. Маецца і навігацыя па асобных кадрах коміксу.

На мой погляд, у ACBF Viewer засталося дапрацаваць больш прэзентабельнае адлюстраванне шрыфтоў. А таксама зрабіць больш зразумелым пераключэнне з пакадравага рэжыму ў звычайны, якое цяпер робіцца чамусьці кнопкай Zoom. Ну, і поўная беларуская лакалізацыя праграме зусім не перашкодзіць.


Тэкставыя квэсты INSTEAD

У сілу асаблівасцяў культурнага менталітэту, у нас людзі аддаюць перавагу тэкстам, а не прыгожым малюначкам, і таму коміксы не так папулярныя, як у іншых краінах. Таму не дзіўна, што і папулярнае прыкладанне для прагляду тэкставых квэстаў INSTEAD створана праграмістамі з xUSSR.

Інтэрпрэтатар INSTEAD (Simple Text Adventure, The Interpreter) дазваляе гуляць у гульні, якія па жанры з'яўляюцца сумессю візуальнай навелы, тэкставага квэста і класічных квэстаў 90-х. Тэкставыя квэсты з'яўляюцца як самастойным жанрам, так і могуць выкарыстоўвацца ў якасці ўбудаваных мінігульняў ў іншыя кампутарныя гульні. Прыкладам такіх убудаваных мініквэстаў з'яўляюцца мінігульні ў шэдэўры расійскай гульнёвай індустрыі "Касмічныя рэйнджары". І, дарэчы, тэкставыя квэсты з "КР" можна запускаць і ў INSTEAD, выкарыстоўваючы спецыяльны модуль.

Аўтар праграмы Пётр Касых. Ліцэнзія GNU GPL. Маюцца версіі практычна для большасці кампутарных платформаў - Linux, Maemo, Windows, Mac OS X, FreeBSD і Android.

І менавіта карыстальнікаў Android павінна парадаваць у першую чаргу апошняя версія INSTEAD 1.9, якая з'явілася крыху больш за тыдзень таму назад. Мінулыя версіі гэтага інтэрпрэтатара для гуглафонаў, як я памятаю, працавалі даволі марудна, і праграму я са свайго смартфона выдаліў. Але цяпер, дзякуючы таму, што INSTEAD зараз можа быць сабраны з SDL 2.0, а таксама намаганням Аляксея Махно (SilenLexx), у новай зборцы для Android атрымалася дамагчыся прыкметнага прыросту прадукцыйнасці. Прырост хуткасці на Android-прыладах сапраўды стаў прыкметны няўзброеным вокам. Але пры гэтым старажытныя гуглафоны з Android 1.6 больш не падтрымліваецца.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также