Навінкі вольнага софту

Ў новым аглядзе ВПЗ адзначым значны ўнёсак кампаніі Valve у справу opensource. Таксама разгледзім прыкладанні для праслухоўвання музыкі, для працы з баркодом, для выразання ўзораў і арнаментаў. І, упэўнены, для шмат каго стане адкрыццём наяўнасць сярод вольных праграм магутнага прыкладання для аналізу спартыўных відэасюжэтаў.


SDL 2 для гульняў і мультымедыя

Даволі вядомая кампанія Valve унесла вялікі маральны ўнёсак у справу развіцця і папулярызацыі Linux-сістэм. Перанос сэрвісу лічбавага распаўсюджання кампутарных гульняў і праграм Steam на платформу Linux безумоўна спрыяў росту цікавасці публікі да апошняй.

Але на мінулым тыдні можна было назіраць ужо прыклад і больш "рэчыўнага" ўкладання з боку Valve у засекі адкрытага кода. Пасля працяглага перыяду распрацоўкі выйшла другая версія бібліятэкі SDL (Simple Direct Layer), прызначанай для гульняў і мультымедыйных прыкладанняў. Летась кампанія Гейба Ньюэла ўзяла на працу асноўнага распрацоўніка гэтай бібліятэкі Сэма Лантінга, які разам з распрацоўнікамі Valve і падрыхтаваў фінальны рэліз SDL 2.

Бібліятэка SDL 2 выкарыстоўваецца практычна для большасці гульняў, якія ствараюцца для платформы Linux. Груба кажучы, гэта штосьці накшталт MS DirectX. Бібліятэка забяспечвае аперацыі над малюнкамі, 3D-графікай, гукам, файлавай сістэмай, клавіятурай, джойсцікамі, сеткай. Таму SDL часта выкарыстоўваецца ў дадатак да стандарту OpenGL, які сам па сабе не мае функцый для працы з прыладамі кіравання. У сілу прастаты SDL часта таксама выкарыстоўваецца для вывучэння праграмаванню.

 

Насамрэч SDL з'яўляецца крос-платформным рашэннем, і маюцца версіі гэтай бібліятэкі для Windows, MacOSX і нават для Android. На афіцыйным сайце праекта можна запампаваць гатовыя файлы для ўсталёўкі ў сістэму і модулі для інтэграваных сродкаў распрацоўкі прыкладанняў.

SDL 2 у параўнанні з папярэднімі версіямі, утрымоўвае мноства актуальных для сучасных гульняў функцый:

  • поўная падтрымка OpenGL 3.0 і OpenGL ES;
  • шматваконны вывад і мультыдысплэйны рэжым;
  • функцыі для змены геаметрыі акна;
  • 32-разрадны гук і вывад на некалькі аўдыёпрылад;
  • падтрымка зваротнай сувязі для джойсцікаў;
  • API для атрымання дадзеных энергасілкавання;
  • увод з сэнсарных экранаў і API для падтрымкі "мультытач".

Увогуле SDL 2 утрымоўвае тое, што зробіць партаванне гульняў на Linux болей простай справай. Таму ўжо хуткім часам варта чакаць у Steam новых гульняў для лінуксоідаў.


Правільны музычны плэер Cantata

На мінулым тыдні таксама адбыўся чарговы рэліз працоўнага графічнага асяроддзя KDE SC 4.11. Мы не разоў пісалі пра гэта працоўнае асяроддзе, таму адзначым толькі, што гэта апошняе значнае абнаўленне чацвёртай галіны KDE. І хоць яшчэ чакаюцца выпускі KDE 4.12 і 4.13, ужо рыхтуецца працоўны стол Plasma Workspaces 2, які ўвойдзе ў склад KDE SC 5. Таму на KDE 4.11 спыняцца не будзем, а адзначым пару новенькіх прыкладанняў, якія ў першую чаргу прызначаны адмыслова для гэтай графічнай абалонкі.

Па-першае, з'явілася чарговая версія Cantata 1.1.0 - графічнага кліента для музычнага кансольнага сервера Music Player Daemon (MPD). Cantata звычайна кампілюецца менавіта з падтрымкай KDE, хоць прыкладанне можа быць сабрана і як крос-платформное прыкладанне, версія якой ёсць нават для Windows, не кажучы ўжо пра Ubuntu Unity.

Магчымасці інтэрфейсу Cantata шмат у чым аналагічныя функцыям медыяплэера Amarok, новая версія якога, дарэчы, таксама выйшла зусім нядаўна. Аднак Amarok - гэта штосьці накшталт Apple iTunes. У сваю чаргу Cantata разам з MPD - больш легкаважнае рашэнне. Да таго ж музычны сервер MPD - гэта класічны UNIX-way, а не перайманне Apple, што для некаторых карыстачоў мае значэнне. (Дарэчы, MPD таксама абнавіўся да новай версіі напачатку жніўня.)

Cantata прапануе некалькі тыпаў адлюстравання музычнай калекцыі: бібліятэкі, вокладкі альбомаў, файлавая сістэма MPD, плэйлісты, URL-адрасы інтэрнэт-радыё, Lyrics, адлюстраванне інфармацыі пра выканаўца з "Вікіпедыі" і Last.fm, падлучэнне прылад UMS і MTP. Гэтыя рэжымы выбіраюцца ў адмысловай панэлі, праз кантэкстнае меню якой можна змяняць іх візуальны стыль і адлюстроўваныя элементы.


Qrc для аперацый з баркодам

Па-другое, разгледзім яшчэ адзін невялікі прыкладны праект, створаны распрацоўнікам KDE прыкладанняў. Гэта прыкладанне з немудрагелістай абрэвіятурай qrc (QR-Code), якое прызначана для працы з QR-кодам (баркодам) на персанальным кампутары.

Пра баркод неаднаразова пісалася на старонках "КВ". Пры дапамозе QR-кода можна закадаваць любую інфармацыю, напрыклад: тэкст, нумар тэлефона, спасылку на сайт, візітную картку ці нават малюнак. Баркод зручны тым, што сфатаграфаваўшы яго смартфонам, можна тут жа адкрыць у мабільным браўзары закадаваную ў ім гіперспасылку. І цяпер шматлікія сайты з праграмамі для мабільных прылад дадаюць побач са спасылкамі на свае прыкладанні яшчэ і QR-код, каб іх прасцей было запампаваць.

На звычайным ПК таксама можа ўзнікаць неабходнасць працы з QR-кодам. Для яго стварэння можна, напрыклад, выкарыстоўваць адмысловыя вэб-сэрвісы. Але ёсць і звычайныя ўтыліты для гэтай справы, і qrc - адна з іх. З яе дапамогай можна стварыць сваю ўласную этыкетку з QR-кодам ці ж дэкадаваць баркод з іншых этыкетак.

Qrc - графічны фронт-энд для ўжо вядомых кансольных утыліт qrencode і zbarimg, які падае больш камфорту для працы з QR-кодам. Напрыклад, падтрымліваецца рэжым перацягвання. Таксама ў qrc забяспечана праца з вэб-камерай для сканавання баркоду.

Праграма зусім новенькая, бягучая версія за жнівень - qrc 0.5. Гатовыя версіі на афіцыйнай старонцы пакуль гатовыя толькі для OpenSuSE. Але праграма напісана на Qt і, упэўнены, хутка будуць гатовыя версіі нават для Windows.


"Карвінг" з дапамогай F-Engrave

Станкі для выразання ўзораў і арнаментаў (V-Carving) рознай складанасці па дрэве, каменю, кераміцы, гуме - гэта цяпер не такая ўжо і рэдкасць нават для індывідуальнага выкарыстання. У наш час татальнай кампутарызацыі таксама існуюць і праграмы для аўтаматызацыі "карвінга", сярод якіх ёсць і вольнае ПЗ. Прыкладам такой вольнай праграмы можна назваць прыкладанне F-Engrave, якое абнавілася на мінулым тыдні да версіі F-Engrave 1.2.

F-Engrave - гэта прыкладанне, напісанае на Python, якое здольна перакладаць тэкст, малюнкі ўзораў у адмысловы G-код для кіравання станкамі гравіроўкі і разьбы з лікавым праграмным кіраваннем. Праграма заснавана на кодзе больш старажытнага прыкладання Engrave-11, і прапануе шырэйшы функцыянал.

Асноўныя магчымасці F-Engrave:

  • разьба на аснове шрыфтоў і малюнкаў, якія маштабуюцца;
  • частковы імпарт файлаў DXF, прызначаных для абмену графічнай інфармацыяй паміж прыкладаннямі САПР;
  • імпарт малюнкаў PBM;
  • можа адкрываць раней захаваны G-код і атрымліваць параметры разьбы і тэкст;
  • падтрымка некалькіх радкоў тэксту з выраўноўваннем;
  • люстраное адлюстраванне тэксту;
  • тэкст па дузе;
  • візуалізацыя канчатковага выніку непасрэдна ў праграме.

Праграма для сваёй працы ў Linux патрабуе модуль Python-Tk, а таксама неабходна з вэб-старонкі прыкладання асобна запампаваць патрэбныя шрыфты. Версія ж для Windows утрымоўвае ў сабе ўсе неабходныя модулі і гарнітуры.


Аналіз спартыўных відэасюжэтаў у LongoMatch

І апошняя ў гэтым аглядзе праграма мяне вельмі ўразіла і ўзрадавала. Менш усяго чакаў, што сярод вольнага ПЗ маецца прыкладанне для аналізу спартыўных відэазапісаў. Завецца гэта праграма LongoMatch. У сярэдзіне лета як раз выйшла яе абнаўленне да версіі з нумарам 0.18.12.

LongoMatch - гэта такі спецыялізаваны відэарэдактар, які дазваляе аналізаваць запісы спартыўных змаганняў. Для аналізу LongoMatch дае: розныя рэжымы прагляду, стварэнне і рэдагаванне эпізодаў, магчымасць аб'ядноўваць эпізоды у катэгорыі і плэйлісты, стварэнне пазнак і рознай дадатковай інфармацыі.

Першая важная асаблівасць LongoMatch - гэта рэжымы прагляду. Напрыклад, кнопкамі "стралка ўгару", "стрэлка ўніз" можна паскараць ці запавольваць відэазапіс. Ёсць магчымасць "пераскокваць" праз папярэдне ўсталяваны лік кадраў. Колам мышы ў рэжыме паўзы можна адмотваць відэазапіс наперад ці назад.

LongoMatch дае магчымасць не толькі прайграваць ужо гатовыя відэазапісы, але і падтрымлівае працу ў рэжыме рэальнага часу. Магчымы захоп відэа з Firewire, USB-камеры, IP-камеры.

У якасці дадатковага сродку для аналізу спартыўных відэазапісаў у LongoMatch маюцца адмысловыя шаблоны, з дапамогай якіх можна скласці табліцы гульцоў каманды з іх пэўнымі параметрамі. Гэтыя шаблоны аб'ядноўваюцца з відэазапісамі, складаючы разам адзіны праект для аналізу. Для кіравання, як шаблонамі, так і праектамі, у праграме прадугледжаны адмысловыя мэнэджары ў галоўным меню "Tools".

Галоўная ж фішка LongoMatch - гэта магчымасць разбіваць відэазапіс на асобныя эпізоды і сартаваць іх па катэгорыях - напрыклад, "пенальці", "штрафныя" і г.д. Адпаведна ў кожнай катэгорыі можа змяшчацца некалькі эпізодаў. Колькасць і параметры катэгорый, пачынаючы з назвы і сканчаючы колерам, для кожнага праекта можна задаваць праз кантэкстнае меню ці ж праз галоўнае меню "Tools - Categories Template Manager".

Ствараюцца эпізоды двума спосабамі. Ці націскам на кнопкі катэгорый пры непасрэдным праглядзе відэазапісу. Ці ж можна стварыць эпізод правай кнопкай мышы прама на часавай шкале запісу, якую мае кожная катэгорыя па асобнасці. Віджэт часавай шкалы ўключаецца ў меню "View - Timeline view". Памеры эпізоду можна змяняць перасоўваючы яго межы на часавай шкале, трымаючы націснутай левую кнопку мышы.

Таксама рэдактар дае магчымасць размаляваць любы кадр відэазапісу адмысловымі знакамі - кружочкамі, стрэлачкамі і г.д. Пры прайграванні эпізоду на гэтым кадры LongoMatch будзе аўтаматычна рабіць паўзу.

Асобныя абраныя эпізоды можна арганізаваць у плэйліст. Пасля чаго гэты плэйліст можна канвертаваць у асобны відэаролік.

У прынцыпе нішто не замінае выкарыстоўваць LongoMatch і для аналізу не толькі спартыўных відэасюжэтаў. Напрыклад, яго можна прыстасаваць і для аналізу звычайнага мастацкага кіно, чым я люблю часам пазабаўляцца. Таму для мяне LongoMatch - гэта зараз праграма абавязковая.

LongoMatch заснаваны на тэхналогіі Mono - вольным аналогу MS NET Framework. Для працы відэа выкарыстоўваюцца тэхналогіі GStreamer. Праграма цалкам вольная, бясплатная і крос-платформавая. Маюцца версіі для Windows, MacOS і Linux. Для карыстачоў Ubuntu існуе адмысловы ppa-рэпазітар.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также