Навіны вольнага ПЗ

На мінулым тыдні аматары салодкага жыцця атрымалі падарунак ад Google у выглядзе новай версіі мабільнай аперацыйнай сістэмы Android 4.0 з салодкай назвай Ice Cream Sandwich і з не менш прыемнымі новаўвядзеннямі. Але, каб лічбавыя тэхналогіі мёдам не здаваліся, дадамо да гэтага агляду навіны пра першую версію прамысловай noSQL СКБД Apache Cassandra і кансольны файлавы мэнэджар для сапраўдных аскетаў-лінуксоідаў Midnight Commander. Завершым агляд навіной аб 3D-рэдактары Blender.


Android 4

Мабільная платформа для смартфонаў Android вяртаецца ў разрад адкрытага ПЗ. Зыходныя тэксты гэтай аперацыйнай сістэмы зноў становяцца даступныя. Гэта стала вядома на мінулым тыдні пасля прэзентацыі новай чацвёртай версіі мабільнай платформы з чарговай "салодкай" кодавай назвай Ice Cream Sandwich. Віцэ-прэзідэнт Google Эндзі Рубін пацвердзіў інфармацыю аб адкрыцці зыходных тэкстаў Android 4.0 праз некаторы час.

Як вядома, адкрытае ПЗ ствараецца з дапамогай двух мадэляў распрацоўкі - "сабор" і "базар". У першым выпадку ўся распрацоўка вядзецца адной фізічнай або юрыдычнай асобай, а вынікі потым робяцца даступнымі для ўсёй грамадскасці. У выпадку ж "базару" праект, як, напрыклад, ядро Linux, ствараецца агульнымі намаганнямі вялікай колькасці незалежных кантрыб'ютараў. "Андроід" - гэта "сабор", працэс распрацоўкі якога цалкам кантралюецца Google.

Нагадаем, што Google у гэтым годзе не дзялілася па сваіх меркаваннях зыходным кодам версіі Android 3, распрацаванай спецыяльна для планшэтаў. Закрыццё кода планшэтнай версіі тлумачылася неабходнасцю недапушчэння фрагментацыі платформы і пераносу на смартфоны функцый, не адаптаваных для малых экранаў.

 

Цяпер жа з выхадам чацвёртай галіны, як заяўляюць распрацоўшчыкі, працэс зліцця смартфонавай і планшэтнай версій завершаны. І цяпер "Андроід" 4 ўяўляе сабой адзіную сістэму з уніфікаваным інтэрфейсам, як для маленькіх, так і для вялікіх экранаў. Сістэма здольна маштабавацца пад усе папулярныя памеры экранаў мабільных прылад, пачынаючы з 240х320 і заканчваючы 1280х800.

Адпаведна, асноўныя змены звязаны з сістэмным інтэрфейсам, уключаючы нават экран блакавання, што стаў шматфункцыянальны. Зараз для таго, каб разблакаваць прыладу, неабходна зрушыць абразок "замка" з цэнтра экрана на патрэбнае месца. У залежнасці ад таго, у які бок менавіта перацягнуць "замок", разблакаваны тэлефон ці пакажа стартавы экран, ці неадкладна пяройдзе да выбранага прыкладання.

Экран блакавання зараз таксама мае рэжым face-unlock для праграмнага распазнання твару, які дазваляе вызначыць чалавека па здымку са ўбудаванай камеры. Па-праўдзе кажучы, спрэчная навінка.

У Android 4.0 цяпер маюцца віртуальныя кнопкі, якія заўсёды размяшчаюцца ў ніжняй частцы экрана. Іх можна адключыць, калі прылада мае рэальныя сэнсарныя або апаратныя клавішы.

Графічны карыстальніцкі інтэрфейс Android 4.0 абзавёўся дырэкторыямі. Для таго, каб стварыць дырэкторыю, трэба перацягнуць абразок аднаго прыкладанні на абразок другога.

Зведаў змены і стыль інтэрфейсу. Для прылад з вялікімі экранамі створаны спецыяльны сістэмны шрыфт Roboto.

Сістэма кіравання праграмамі "Андроіда" стала яшчэ больш прасунутай. Цяпер у дадатак да аўтаматычнага кіравання запушчанымі праграмамі з'явілася прымусовае завяршэнне асобных праграм непасрэдна самім карыстальнікам. Для кіравання гісторыяй запуску прыкладанняў з'явіўся рэжым, у якім праграмы зараз адлюстроўваюцца не ў выглядзе піктаграм, а ў выглядзе спісу эскізаў, што можна пракруціць.

На экране прыкладанняў дадаткова з'явілася і ўкладка для віджэтаў. У саміх жа віджэтах стала магчымым змяняць іх памер.

Што тычыцца новага функцыяналу сістэмы, то адной з самых цікавых магчымасцяў новага "Андроіда" можна назваць новыя тэхналогіі абмену дадзенымі на блізкай адлегласці. Па-першае, гэта функцыя Android Beam для хуткага абмену паведамленнямі і дадзенымі з іншымі Android-прыладамі, якія падтрымліваюць тэхналогію камунікацыі "блізкага поля" NFC. Гэта значыць дастаткова паднесці апараты з падтрымкай NFC адзін да аднаго і ініцыяваць перадачу, як інфармацыя перавандруе на іншы смартфон або планшэт. Перадаваць можна любую інфармацыю, уключаючы прыкладання, кантакты, музыку і відэа.

Па-другое, непасрэдна ў сістэму ўкаранілі рэжым Wi-Fi Direct. Гэты рэжым абмену дадзеных дазваляе праз Wi-Fi арганізаваць сувязь непасрэдна паміж двума прыладамі.

Павінна многіх парадаваць убудаваная сістэма кантролю расходу трафіку. Гэта сістэма робіць падрабязныя графікі і справаздачы аб "спажыванні інтэрнэта". Справаздачы фарміруюцца як для кожнага прыкладання, так і для тыпу сеткі - Wifi, 3G і інш. Але сістэма дазваляе не толькі глядзець, як выкарыстоўваецца трафік, але і дае магчымасць усталёўкі яго ліміту спажывання. Калі ліміт вычэрпваецца, сістэма сама адключае перадачу дадзеных.

Для фотакамеры было запазычана шмат функцый, раней рэалізаваных у асобных прыкладаннях. Гэта і рэжым панарамны здымкі. Гэта таксама і рэжым "скажэнняў рэальнасці", калі ў канчатковыя выявы можна ўносіць "мастацкія" змены: выдаленне і змяненне фону, скажэнне твару, каб змяніць асобныя дэталі сваёй знешнасці.

Ну, і самае "чаканае" новаўвядзенне - гэта магчымасць рабіць скрыншоты. Бо раней гэтая функцыя рэалізоўвалася праз асобныя праграмы, што маюць правы root.

Варта адзначыць новы моўны рэжым Instant Voice - распазнанне голаса ў рэжыму рэалтайм. Гэта значыць, калі раней запыт у "хмары" для распазнання гуку рабіўся пасля запісу галасавога ўводу, то зараз голас распазнаецца і адлюстроўваецца ў працэсе гутаркі.

Што тычыцца такой важнай часткі сучаснага смартфона як браўзэр, то з'явілася магчымасць сінхранізацыі закладак з Google Chrome, а таксама дададзена функцыя запісу бягучай старонкі ў файл для наступнага чытання ў off-line. Хоць апошняе даўным даўно ёсць нават у Opera Mini.

Першай прыладай з Android 4.0 на борце стане смартфон Galaxy Nexus. Android 4 у ім будзе зусім стандартны. Вырабляць гэты смартфон, як ні дзіўна, будзе кампанія Samsung, а не Motorola, якую Google нядаўна набыла.


Midnight Commander 4.8

Кансольны файлавы мэнэджар Midnight Commander па-ранейшаму жывейшы ўсіх жывых. І хаця я сам для працы з файламі ў свой хатняй дырэкторыі выкарыстоўваю стандартны "Наўтылус" з рознымі графічнымі эфектамі, але калі справа тычыцца сістэмных дырэкторый і файлаў канфігурацыі, то ў справу заўсёды ідзе Midnight Commander. Да MC вельмі добра падыходзяць словы, якія я нядаўна як-то ўбачыў на заднім шкле старажытных "Жыгулёў": "I'm not old, I'm classic".

На мінулым тыдні выйшла версія 4.8 гэтага несмяротнага, як Кашчэй, файлавага мэнэджара. Нагадаю, што ў адраджэнні і падтрымцы гэтага праекта вялікую ролю адыграў наш беларускі распрацоўшчык Вячаслаў Занько, вядомы ў Сеткі як SlavaZ.

У сілу таго, што MC - гэта праграма-доўгажыхар, то чакаць тут нейкіх кардынальных змен не варта. У новай версіі было зменена размяшчэнне файлаў канфігурацыі згодна з рэкамендацыямі FreeDesktop.org. Цяпер канфігурацыйныя файлы перамешчаны з хатняй дырэкторыі ~/.mc ў дырэкторыю, указаную ў пераменнай асяроддзя XDG_CONFIG_HOME. Была таксама зменена ліцэнзія на сучасную GPL3+.

Так як немалаважнай часткай MC з'яўляецца ўбудаваны рэдактар, то і тут ёсць змены. З'явілася новая рэалізацыя рухавіка макрасаў, зроблены выклік знешніх скрыптоў з рэдактара, дададзена магчымасць вяртання адмененых дзеянняў.

Яшчэ б я адзначыў з'яўленне прыгожага скіна Xoria256, створанага па матывах аднайменнай каляровай тэмы vim Дзмітрыя Зцікава. У новай версіі мэнэджар з гэтай тэмай можна запусціць і паглядзець камандай:

mc -S xoria256

Калі будзе выдадзена акно з паведамленнем пра адсутнасць рэжыму 256 колераў у тэрмінале, то гэты рэжым у эмулятарах тэрмінала ў той жа Ubuntu можна ўсталяваць наступнай камандай:

env TERM=xterm-256color mc


Apache Cassandra 1.0

Здаецца, у IT-індустрыі пачынаецца эпоха noSQL СКБД. Гэты тып баз дадзеных, якія адрозніваюцца канцэптуальна ад традыцыйных СКБД, усё больш запатрабаваны, бо такія базы дадзеных больш простыя, але ў той жа час больш прадукцыйныя. А гэта патрабуецца распрацоўшчыкам буйных, маштабных інтэрнэт-праектаў, як, напрыклад, Facebook, Google і іншыя.

На днях фонд Apache прадставіў першую версію NoSQL СКБД Cassandra. Гэта размеркаваная сістэма кіравання базамі дадзеных, прамысловага ўзроўню, прызначаная для хуткай апрацоўкі велізарных аб'ёмаў інфармацыі. Непасрэдна гэтая СКБД была распрацавана ў Facebook і два гады таму перададзена для далейшага развіцця фонду Apache.

Cassandra напісаная на мове Java і выкарыстоўвае мадэль захоўвання дадзеных на базе сямейства слупкоў (ColumnFamily), што дазваляе арганізаваць захоўванне хэшаў з некалькімі ўзроўнямі ўкладанасці. СКБД мае сваю уласную мову зопытаў CQL (Cassandra Query Language), якая нагадвае спрошчаны SQL.

Cassandra 1.0 можа лічыцца цалкам гатовай для прамысловага выкарыстання. У гэтай версіі рэалізаваны наступныя магчымасці:

  • Захоўвання файлаў з дадзенымі ў сціснутым выглядзе з праверкай цэласнасці;
  • Новыя віды кэшавання памяці;
  • Новы алгарытм ўпакоўкі дадзеных з выкарыстаннем multithreaded.


Blender 2.60

На мінулым тыдні пачаў новы цыкл развіцця ўжо добра вядомы 3D-рэдактар Blender. З'явіўся першы выпуск галіны праекта 2.60.

На самай справе гэты выпуск можна назваць пакуль папярэднім. З'яўленне самай важнай часткі галінкі 2.6 намечана на версію 2.61, якая павінна з'явіцца ў снежні гэтага года. У рэдактары будзе рэалізаваны мадэрнізаваны рухавік рэндэрынгу Cycles, які, як чакаецца, будзе падтрымліваць тэхналогію разлікаў OpenCL.

У якасці новага функцыяналу ў версіі 2.60 з'явіліся трохмерны гук і аніміраваныя гучнагаварыцелі, мадыфікатары груп вяршыняў, падтрымка recast & detour для пошуку аптымальнага шляху ў гульнёвым рухавіку. Дарэчы большасць новых функцый, а таксама паляпшэнняў ўжо існуючага функцыяналу зроблена ў рамках праграмы Google Summer 2011. Для прыкладу можна паглядзець невялікі ролік, які дэманструе трохмерны гук.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также

 

Комментарии

Аватар пользователя SlavaZBY

+1