Навіны вольнага ПЗ

У сённяшні агляд ВПЗ патрапілі сур'ёзныя рэчы для рознага роду адказнай працы на кампутары: скрыптовая мова вэб-распрацовак PHP 5.5, выдавецкі дыстрыбутыў TeX Live 2013, САПР QCAD 3.1 і рэдактар шрыфтоў BirdFont.


PHP 5.5

20-га чэрвеня каманда распрацоўшчыкаў скрыптовай мовы PHP выпусціла новую версію гэтага папулярнага і, можна нават сказаць, народнага сродку для вэб-распрацовак. Над выпускам PHP 5.5 праграмісты працавалі год і тры месяцы.

А ўся гісторыя распрацоўкі гэтага "прэпрацэсара гіпертэкстаў" (Preprocessor HyPertext) цягнецца ўжо амаль 20 гадоў. PHP нарадзіўся ў часы першапачатковага станаўлення "Сусветнай Павуціны", і цяпер, вобразна кажучы, гэта адзін з чатырох сланоў, на якіх спачывае свабодная праграмная платформа для Інтэрнэту LAMP: аперацыйная сістэма Linux, вэб-сервер Apache, СКБД MySQL і мова праграмавання PHP. Гэты праграмны комплекс заваяваў дамінуючае становішча ў сетцы World Wide Web дзякуючы адкрытасці, прадукцыйнасці і невялікаму кошту.

"Сусветнае Павуцінне" з цягам часу натуральным чынам развівалася, і разам з ім ўдасканальвалася мова PHP. У яе развіцці можна вылучыць тры асноўных перыяду.

 

У самым пачатку свайго жыццёвага цыклу PHP быў рэалізаваны як простая альтэрнатыва мове Perl для аўтаматызацыі працы вэб-сайтаў. Нескладаны сі-падобны сінтаксіс, лёгкасць стварэння скрыптоў дазволілі гэтай мове выцесніць Perl як сродак для дынамічных вэб-старонак, што ствараюцца на баку сервера. Невялікія скрыпты PHP проста і элегантна ўбудоўваецца ў HTML-код, дазваляючы нават непадрыхтаваным вэб-майстрам асвоіць распрацоўку інтэрактыўных вэб-сайтаў.

<?php 'Hello, world!' ?>

Менавіта ў гэты перыяд PHP стаў масавай і народнай мовай праграмавання. Упэўнены, многія чытачы "КВ", як мінімум, захапляліся стварэннем сайтыкаў з дапамогай PHP. У мяне самога, калі пашукаць, яшчэ недзе ляжыць пара просценькіх галерэй для малюнкаў, напісаных на гэтай скрыптовай мове.

Потым пачалася эпоха сістэм кіравання кантэнтам (CMS), у спіс якіх можна ўключыць форумы, вікі-рухавікі, крамы, блогі. І менавіта ў гэтай галіне сайтабудавання PHP аказаўся запатрабаваным. Напрыклад, сайт "Кампутарныя Весці" таксама працуе на CMS, напісанай на мове PHP.

А сёння на двары эпоха паўсюднага ўкаранення прадукцыйных вэб-прыкладанняў і інтэрнэт-сэрвісаў. У гэтым дачыненні распрацоўшчыкі PHP таксама спрабуюць адпавядаць духу часу, развіваючы мову ў бок большай прадукцыйнасці, але імкнучыся пры гэтым захаваць мову як мага больш простай для засваення. І новаўвядзенні PHP 5.5 гэта наглядна дэманструюць.

У версію PHP 5.5 ўключана сістэма кэшавання і аптымізацыі байткода Zend OPcache (раней Zend Optimizer), якая прызначана для паскарэння выканання скрыптоў PHP за кошт дадатковых аптымізацый. Бібліятэка апрацоўкі і стварэння малюнкаў GD абноўлена да больш прадукцыйнай версіі 2.1, у якой дададзены новыя функцыі і аптымізавана праца старых.

Пры гэтым распрацоўшчыкі не спяшаюцца нашпігаваць мову як мага вялікай колькасцю магчымасцяў, таму што рэзкае павелічэнне складанасці мовы стане для многіх бар'ерам для яе засваення. У версіі PHP 5.5 рэалізаваны каруціны і генератары, падтрымка ключавога слова "finally", хоць многія хацелі б рэалізацый большай колькасці канцэпцый праграмавання. Для спрашчэння працы з мовай дададзены новы API хэшавання пароляў, які страхуе распрацоўшчыкаў ад памылак пры выкарыстанні функцый для генерацыі і праверкі пароляў.

Прасцей кажучы, PHP - гэта прыклад такога анархістычнага і кан'юнктурнага праекта, калі распрацоўшчыкі арыентуюцца ў першую чаргу на бягучыя запыты і сярэдні ўзровень карыстальнікаў. Нягледзячы на тое, што такая стратэгія часта з'яўляецца непаслядоўнай, PHP да гэтага часу паспяхова выкарыстоўваецца для вэб-распрацовак.

Хоць няма ўпэўненасці, што PHP паўторыць свой поспех і ў галіне стварэння прадукцыйных вэб-прыкладанняў. І справа нават не ў самой мове, а ў тым, што стварэнне вэб-прыкладанняў само па сабе не з'яўляецца масавым і народным захапленнем, як гэта было у першыя гады існавання Інтэрнэту ў дачыненні да стварэння вэб-сайтаў.


TeX Live 2013

Ёсць яшчэ больш старажытнае праграмнае забеспячэнне, чым нават PHP, якое ўсё яшчэ знаходзіць сабе прымяненне. Гэта, напрыклад, адкрытая сістэма вёрсткі тэхнічных дакументаў TeX, якая была створана Дональдам Кнутам ў далёкім 1977 годзе. І хоць ўсюдыісны MS Office ўсё шырэй выкарыстоўваецца і для стварэння навуковай дакументацыі, але сістэма TeX па ранейшаму ўсё яшчэ ў страі. Таму выхад чарговага спецыялізаванага дыстрыбутыва TeX Live 2013 - гэта зусім не падстава панастальгіраваць аб славутым мінулым, як тое любяць геймеры з нагоды старога добрага піксельарту.

TeX Live - спецыяльны дыстрыбутыў LaTeX, які змяшчае ў сабе ўсё неабходнае для працы з выдавецкай сістэмай набору навуковых тэкстаў TEX. У прыватнасці TEX Live акрамя самой выдавецкай сістэмы ўтрымлівае кампаненты LaTeX2e, ConTEXt, Metafont, MetaPost, BibTeX. Таксама сюды ўключана шырокая калекцыя макрасаў, праграм, шрыфтоў, дакументацыі, падтрымка вёрсткі на многіх мовах свету, а таксама зыходныя коды самага дыстрыбутыва.

TEX Live можна ўсталяваць з Інтэрнэту пры дапамозе спецыяльных ўсталявальных скрыптоў. Ці ж можна спампаваць DVD "TEX Collection" памерам больш за два гігабайта, які змяшчае ўсе неабходныя праграмы і актуальную копію рэпазітара CTAN. Дыстрыбутыў можна ўсталяваць на розныя аперацыйныя сістэмы. У лік падтрымоўваных сістэм ўваходзіць не толькі UNIX, але і АС Microsoft Windows.

Дыстрыбутыў абнаўляецца раз у год. Але ў новых версіях TeX Live якіх-небудзь кардынальных паляпшэнняў не варта чакаць. У дадзеным выпадку гэта сведчыць аб тым, што праграмны прадукт дасягнуў поўнай дасканаласці.


QCAD 3.1 Community Edition

Не прайшло і пяці гадоў з часу выпуску першай адкрытай версіі QCad 2.0.5, як кампанія RibbonSoft выпусціла новую адкрытую рэдакцыю свайго прыкладання для чарцёжнікаў QCAD 3.1 Community Edition. Такімі вось павольнымі тэмпамі развіваюцца адкрытыя сістэмы САПР.

QCAD - гэта прыкладанне для стварэння чарцяжоў традыцыйнымі метадамі двухмернага асяроддзя. З дапамогай QCAD можна ствараць тэхнічныя чарцяжы для прамысловасці і вытворчасці, такія як планы будынкаў і інтэр'ераў, схемы, чарцяжы механічных дэталяў.

Асноўныя магчымасці праграмы:

  • пласты;
  • блокі і групоўка элементаў;
  • больш за 30 спецыялізаваных CAD-шрыфтоў і падтрымка стандартных шрыфтоў TrueType;
  • імперскія і метрычныя адзінкі вылiчэння;
  • каля 60 інструментаў для праектавання;
  • вялікая колькасць гатовых для выкарыстання элементаў;
  • пашыральнасць пры дапамозе дапаўненняў.

QCAD адрозніваецца нядрэннай надзейнасцю і стабільнасцю ў працы, а таксама невысокімі сістэмнымі патрабаваннямі. Установачны архіў для Linux важыць каля 70-ці мегабайт.

Дадзеная сістэма праектавання існуе ў двух рэдакцыях - камерцыйнай і свабоднай, бясплатнай. Камерцыйная версія QCad 3 з'явілася год таму.

Абедзве рэдакцыі перайшлі на новы тулкіт графічнага інтэрфейсу Qt4 і з'яўляюцца кросплатформеннымі. QCAD можа працаваць як на Linux, Mac OS X, так і на Windows.

Вольная версія абмежавана ў першую чаргу адсутнасцю падтрымкі прапрыетарнага фармату Autodesk DWG, які стаў дэ-факта стандартам сярод сістэм аўтаматызаванага праектавання. Community Edition можа працаваць толькі з адкрытым фарматам дзесяцігадовай даўнасці DXF R15. Таксама Community Edition абмежавана ў рэжымах друку і экспарту ў PDF і SVG. Адсутнічаюць у бясплатнай версіі і некаторыя інструменты праектавання.

Усё, што адсутнічае ў Community Edition, можна дакупіць ў выглядзе плагінаў ці ж набыць поўную камерцыйную версію QCAD. Тым больш камерцыйная версія каштуе ўсяго 32 еўра, што для любой арганізацыі супастаўна з выдаткамі на кнопкі, сашчэпкі, дзіраколы і іншыя канцтавары.

Таксама на аснове адкрытага кода гэтай САПР утвораны форк LibreCAD, першая версія якога з'явілася тры гады таму назад. Без сумневу, будзе выпушчана і LibreQAD 2 на аснове QCAD 3.1, дзе будзе рэалізавана дадатковая функцыянальнасць. Адзінае, што трэба ўлічваць, пераробка праграмы можа значна знізіць стабільнасць працы прыкладання, а гэта ўжо вялікі недахоп для праграм, якія выкарыстоўваюцца ў прамысловасці.


BirdFont

Рэдактары шрыфтоў, як і САПР-сістэмы, таксама нельга аднесці да праграмнага забеспячэння для масавага выкарыстання. Стварэнне якаснага шрыфта - працэдура вельмі працаёмкая і акрамя спецыяльных навыкаў патрабуе яшчэ і немалога цярпення. Тым не менш, можна знайсці не вельмі складанае прыкладанне, прызначанае для стварэння ўласных карыстацкіх гарнітур.

Навінкай сярод такіх шрыфтавых рэдактараў можна назваць BirdFont. Праграма з'явілася нядаўна - каля года таму назад. І на бягучы момант маецца версія 0.9, у якой усе заяўленыя функцыі і прылады ўжо працуюць без асаблівых нараканняў.

BirdFont - гэта свабодны бясплатны рэдактар шрыфтоў, які дазваляе ствараць контуры вектарнай графікі і экспартаваць іх у выглядзе шрыфтоў TTF, EOT і SVG. Для гэтага ў праграме маецца набор спецыяльных магчымасцяў і інструментаў.

  • можна выкарыстоўваць для абводкі растравыя малюнкі ў якасці фонавых;
  • маецца інструменты маштабавання, перамяшчэння і трансфармацыі фонавага малюнка;
  • ёсць прылады для стварэння і рэдагавання вектарнага контуру.

Вядома ж, BirdFont патрабуе ад карыстальніка ўсё ж такі спрыту і ўседлівасці. Але базавыя асновы працы досыць хутка можна асвоіць па невялікім ўроку на афіцыйнай вэб-старонцы праграмы, які, як і інтэрфейс праграмы, чакае свайго беларускага перакладу.

BirdFont з'яўляецца кросплатформенным прыкладаннем і можа працаваць у аперацыйных сістэмах Windows, MacOS, Linux. Праўда версіі гатовых зборак ў раздзеле загрузкі праграмы на сайце ляжаць старыя, і новыя версіі прыйдзецца збіраць з зыходнікаў, што, напрыклад, у Ubuntu робіцца без асаблівых праблем.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также