Навінкі вольнага софту

Ахвотнікі выкарыстоўваць сістэму Ubuntu 13.10 без Unity, але пры гэтым з прыгожым класічным інтэрфейсам у стылі GNOME 2, атрымалі на мінулым тыдні дыстрыбутыў Linux Mint 16. Акрамя таго, ў аглядзе адзначым вольнае ПЗ для стварэння шматстаронкавых файлаў PDF і DJVU, а таксама для працы з 3D-графікай.


Рэха Ubuntu 13.10

Стала ўжо звыклай справай, калі пасля кожнага выпуску Ubuntu праз некалькі тыдняў з'яўляецца і дыстрыбутыў Linux Mint. І на гэты раз у самым канцы лістапада, як рэха Ubuntu 13.10, з'явіўся новы выпуск Linux Mint 16.

Mint практычна цалкам сумяшчальны па сваіх кампанентах з Ubuntu акрамя аднаго - карыстацкага інтэрфейсу. У свой час, калі ў Ubuntu перайшлі на новы мадэрнісцкі інтэрфейс Unity, распрацоўнікі "мятнага" дыстрыбутыва ўдала скарысталіся пратэстнымі настроямі шматлікіх карыстачоў Ubuntu і прапанавалі ім тую ж "Убунту", але толькі з класічным тыпам інтэрфейсу. У камплект Mint уваходзяць графічныя абалонкі MATE і Cinnamon, якія адпавядаюць стандартнаму стылю GNOME 2. Інтэрфейс MATE працягвае развіццё кодавай базы GNOME 2, а Cinnamon - гэта пераробка GNOME 3 у стылі другога "Гнома". Абедзве графічныя абалонкі ўтрымоўваюць класічную панэль са спісам адкрытых вокнаў, вобласць апавяшчэнняў, спасылкі для хуткага запуску праграм, спіс віртуальных экранаў. Таксама тут маецца стандартнае меню, аналагічнае кнопцы "Пуск" у класічнай АС Windows.

 

Іншымі словамі, стваральнікі Mint напружваюць сябе толькі працай над стыльным выглядам сваёй сістэмы. А ўсё астатняе робіць Canonical. І трэба адзначыць, шмат хто лічыць гэты дыстрыбутыў вонкава больш элегантным, чым Ubuntu са сваім Unity. Я каля месяца правёў на Linux Mint Cinnamon 15, і сістэмай застаўся задаволены. Хаця потым усё адно вярнуўся да мадэрнісцкіх GNOME 3 і Unity. Гэтыя новыя графічныя абалонкі сталі досыць добрыя для выкарыстання, калі да іх абвыкнуцца і наладзіць.

У Mint 16 варта адзначыць варыянт сістэмы з абалонкай Cinnamon 2. Гэта версія працоўнага асяроддзя характэрна сыходам ад выкарыстання GNOME 3 у якасці залежнасці. У рамках праекта Cinnamon цяпер развіваюцца ўласныя версіі кампанентаў GNOME, што ў сваю чаргу робіць перанос гэтага графічнага асяроддзя ў іншыя дыстрыбутывы лягчэйшай справай. Таму магчыма Cinnamon з'явіцца нават у Ubuntu ці ў Red Hat Linux Enterprise 8.


GScan2Pdf

Праграму GScan2Pdf шматлікія аглядальнікі софту завуць аналогам Fine Reader для сістэм GNU/Linux. З яе дапамогай можна сканаваць ці імпартаваць малюнкі дакументаў, распазнаваць тэкст і экспартаваць адсканаваныя дакументы ў файлы PDF.

Але насамрэч GScan2Pdf - гэта ўсяго толькі графічны інтэрфейс да асобных самастойных прыкладанняў, якія ў рэжыме бэк-энду ажыццяўляюць ці сканаванне, ці распазнанне тэксту, а таксама іншыя аперацыі. Таму праца ў GScan2Pdf як з Fine Reader, калі не ўлічваць асаблівасцяў гэтых бэк-эндаў, можа расчараваць. У рэальнасці GScan2Pdf мае толькі інтэрфейс, каб склеіць сканы і тэкставыя пласты у шматстаронкавыя дакументы фарматаў PDF, DJVU і некаторыя іншых. А, напрыклад, экспарт у тэставыя рэдагуемыя фарматы DOC, ODT не падтрымліваецца. Таму GScan2Pdf можна назваць толькі частковым аналогам Fine Reader.

Для распазнання знакаў у GScan2Pdf могуць выкарыстоўвацца розныя праграмы. Па змаўчанні выкарыстоўваецца Tesseract, у якой ёсць і падтрымка распазнання рускай і беларускай мовы. Толькі для гэтага трэба самастойна пры дапамозе мэнэджара прыкладанняў усталяваць у сістэму адмысловыя пашырэнні tesseract-ocr-bel і tesseract-ocr-rus.

Але можна выкарыстоўваць і іншыя сістэмы распазнання - напрыклад, калі ўсталяваць сістэму Cuneiform, якая, што немалаважна, распазнае кірыліцу. Трэба сказаць, да Cuneiform склалася вельмі несправядлівае стаўленне, бо ў сутнасці гэта толькі рухавічок распазнання без якіх-небудзь дадатковых функцый папярэдняй падрыхтоўкі малюнкаў. Гэта значыць, недастаткова падсунуць гэтай праграме проста фатаграфію з тэкстам. Малюнкі дакументаў перад распазнаннем у Cuneiform павінны быць спецыяльна падрыхтаваны: дазвол усталяваць ў 300 dpi, малюнак перавесці ў фармат Gray і г.д. Інакш параўноўваць Cuneiform і, напрыклад, Fine Reader таксама недарэчна, як параўноўваць браўзар Google Chrome і html-рухавічок WebKit.

Але хоць у GScan2Pdf і ёсць прылады для мінімальнай апрацоўкі малюнкаў - павароты, нярэзкая маска і кадраванне - гэтага часта недастаткова, каб падрыхтаваць малюнак з тэкстам, калі ён быў зроблены, напрыклад, не сканарам, а фотакамерай. У гэтым выпадку трэба запускаць рэдактар Gimp і ў ім апрацоўваць малюнкі.

Што ж датычыць працэссу сканаванні, то GScan2Pdf кіруе сканарамі, выкарыстоўваючы падсістэму SANE. Гэта значыць, у праграме падтрымліваецца праца толькі са SANE-сумяшчальным сканарамі.

Такім чынам, можна, ў прынцыпе, абыйсціся і без GScan2Pdf, выкарыстоўваючы для стварэння электроннай копіі дакумента асобныя праграмы: Xsane, GIMP, Tesseract, Cuneiform, Scan Tailor, а таксама іншыя адмысловыя ўтыліты і прыкладанні. Напрыклад, калі проста трэба склеіць файлы малюнкаў у адзіны PDF-файл, то ў Linux досыць каманды

convert *.jpg xxx.pdf

Але ў GScan2Pdf гэта ўся праца можа быць зручнейшай. У акне праграмы маецца панэль мініяцюр адсканаваных старонак, з якімі можна выканаць усе патрэбныя аперацыі па стварэнні шматстаронкавых электронных дакументаў. Тутака ж маецца і адмысловая ўкладка для стварэння і карэкцыі тэкставага пласта да файлаў PDF і DJVU.

26-го лістапада выйшла апошняя версія праграмы - GScan2Pdf 1.2. Карыстачы Ubuntu/Mint для ўсталёўкі самай свежай версіі GScan2PDF могуць выкарыстоўваць адмысловы рэпазітар PPA:

sudo add-apt-repository ppa:jeffreyratcliffe/ppa
sudo apt-get update
sudo apt-get install gscan2pdf

Карыстачы OpenSUSE могуць знайсці апошнія версіі праграмы праз спецыялізаваны сэрвіс пошуку пакетаў.


Wings 3D

Пасля таго як рэдактар 3D-графікі Blender стаў магутным прафесійным прыкладаннем з поўным цыклам стварэння эфектаў для кінастужак, шмат карыстачоў жадалі б знайсці сабе 3D-рэдактар папрасцей для ўсякіх асабістых патрэб. Пажадана, каб гэты рэдактар быў з ліцэнзіяй open source і бясплатна распаўсюджваўся. Магчыма такім прыкладаннем можна назваць рэдактар Wings 3D, што абнавіўся нядаўна да версіі 1.5.2.

Насамрэч, Wings 3D нельга назваць аматарскай праграмай, якой, напрыкладу, з'яўляецца Sketchup для пабудовы хатак і ялінак. Гэта невялікага памеру (15 мегабайт у архіве) праграма для 3D-мадэлявання з адкрытым зыходным кодам можа быць скарыстана для стварэння і тэкстуравання віртуальных прадметаў з нізкай ці сярэдняй колькасцю палігонаў. Праграма не падтрымлівае анімацыю і мае ў сваім складзе толькі рэндар OpenGL. Мадэлі могуць экспартавацца ў знешнія праграмы рэндэрынгу - POV-Ray і YafRay.

Wings 3D часта выкарыстоўваецца як маленькая сыстэма CAD для стварэння прататыпаў прыбораў ці механізмаў. Выкарыстоўваюць яго і стваральнікі гульняў у камбінацыі з іншымі праграмамі, якія з'яўляюцца больш прасунутымі ў стаўленні сістэмы рэндэрынгу і анімацыі.

Інтэрфейс у праграмы без панэляў і шматлікіх кнопак. У Wings 3D для большасці аперацый выкарыстоўваецца рэжым кантэкстнага меню, які выклікаецца правай кнопкай мышы. Маштабаванне адбываецца па кручэнні колца мышы. Рэдагаванне 3D-аб'екта можа адбывацца ў чатырох рэжымах: вертэксы, рэбры, грані і аб'екты. Скінуць бягучае вылучэнне ў кожным рэжыме можна клавішай прабелу.

З іншага боку, інтэрфейс Wings 3D пасля выкарыстання іншых праграм трохмернага мадэлявання можа апынуцца зусім нязвыклым. Асабліва гэта дакранаецца функцый павароту, перасоўвання аб'екта, якія трэба рабіць праз кантэкстнае меню з выкарыстаннем поля ўводу, якое выклікаецца клавішай Tab. Таксама праграма не лакалізавана на беларускую і рускую мову.

Wings 3D з'яўляецца кросплатформавым прыкладаннем. Ёсць варыянты праграмы для Windows, MacOS, Linux. Але ў большасці рэпазітароў Linux гэтай праграмы няма ў наяўнасці, і яе дыстрыбутыў трэба запампаваць з афіцыйнага сайта Wings 3D.


Ogre

І працягваючы тэму 3D-графікі, трэба адзначыць выйсце версіі графічнага рухавічка з адкрытым зыходным кодам OGRE 1.9. Зараз гэта новая стабільная і рэкамендуемая версія для распрацоўнікаў.

OGRE (Object-Oriented Graphics Rendering Engine) - напісаны на C++ аб'ектна-арыентаваны графічны рухавічок, які прызначаны для распрацоўкі прыкладанняў трохмернай графікі. Распаўсюджваецца ў выглядзе спецыялізаванага SDK.

Прыкладам вядомага праекту, створанага з выкарыстаннем OGRE, з'яўляецца кампутарная гульня Torchlight. Але пры гэтым самі аўтары рухавічка падкрэсліваюць, што OGRE сам па сабе не з'яўляецца толькі гульнявым рухавічком, а можа ўжывацца для рашэння шырокага круга задач 3D-рэндэрынгу.

Распаўсюджанне рухавічок атрымаў за кошт сваёй кросплатформавасці. З выкарыстаннем OGRE можна ствараць праграмы не толькі для платформаў Windows, Mac OS, Linux, але і для мабільных АС - Android, iOS. Адной з галоўных асаблівасцяў апошняй версіі рухавічка з'яўляецца падтрымка Windows Phone 8. З іншых навін OGRE 1.9 варта адзначыць палепшаную падтрымку OpenGL3+, DirectX11.

Праз некаторы час павінна з'явіцца версія OGRE 1.10. Але ўжо ў наступным годзе вызначаецца выйсце версіі OGRE 2, над якой цяпер актыўна ідзе праца.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также