Навіны вольнага ПЗ

Мяркуючы па тым, што ўсё больш еўрапейскіх аператараў сувязі адчыняюць папярэдні заказ смартфонаў Nokia N9, засталося сапраўды нядоўга да афіцыйнага з'яўлення N9. Так як у гэтай мадэлі будзе выкарыстоўвацца мабільная версія Linux-сістэмы MeeGo, то мы, вядома, паспрабуем сачыць за далейшым лёсам гэтай цікавай мабільнай АС. Хоць ёсць і перадумовы, што MeeGo можа паўтарыць сумны лёс WebOS.


"Мігафоны" на падыходзе

Мабільны сектар ІТ-індустрыі бурліць падзеямі. Зараз, у асноўным, гэтыя навіны носяць "ваенны" характар, адлюстроўваючы бескампрамісную барацьбу кампаній на мабільным рынку.

Так, напрыклад, чарговымі ахвярамі патэнтнай агрэсіі Microsoft сталі кампаніі Acer і ViewSonic, якія пагадзіліся выплачваць кантрыбуцыю рэдманцкаму гіганту за выкарыстанне яго патэнтаў у мабільнай аперацыйнай сістэме Android.

Раней такое пагадненне з Microsoft заключыла HTC. З буйных вытворцаў мабільнай тэхнікі, якія выкарыстоўваюць Android, толькі Samsung аказвае гераічны супраціў Microsoft, называючы яе патэнтавыя і грашовыя дамаганні абсурднымі.

 

А ў якасці пазітыўных вестак з мабільнага фронту хацелася б анансаваць хуткі выхад смартфона Nokia N9, які будзе працаваць пад кіраваннем мабільнай версіі аперацыйнай сістэмы MeeGo. Афіцыйны выхад у Еўропе і ў Расіі гэтай новай мадэлі фінскага гіганта прызначаны на канец бягучага трэцяга квартала. Хаця з-за абсалютна непрадказальнай палітыкі кіраўніцтва Nokia гарантавана пазначыць дакладную дату пачатку продажаў ніхто не бярэцца.

Нагадаем, смартфон Nokia N9 стане першай прыладай фінскай карпарацыі на аснове аперацыйнай сістэмы MeeGo. Праўда - і апошняй. N9 будзе гэтакай эксклюзіўнай і адзінай у сваім родзе мадэллю з MeeGo. Па-першае, кампанія ў далейшым вырашыла сканцэнтравацца на смартфонах з аперацыйнай сістэмай Windows Phone. Па-другое, ёсць яшчэ адна рэальная прычына эксклюзіўнасці N9, пра якую мы пагаворым крыху ніжэй.

У апаратным дачыненні мадэль N9, сусветны анонс якой прайшоў у Сінгапуры 21 чэрвеня, атрымалася сапраўднай цукеркай. Аглядальнікі мабільных выданняў ці ледзь не сліной зыходзяць, гледзячы на гэты шэдэўр фінскай смартфоннай прамысловасці: тут і выдатны дызайн, і яркія колеры корпуса, і ёмістны AMOLED-дысплей са спецыяльным выпуклым шклом Gorilla Glass, і 1-гігагерцавы працэсар з графічным паскаральнікам PowerVR, і 8-мегапіксэльная камера з оптыкай Carl Zeiss, і падтрымка тэхналогіі NFC.

Але нас больш цікавіць усталяваная на гэтым цудзе тэхнікі сістэма MeeGo, якая заснавана на ядры Linux. Праект MeeGo - гэта дзіця Intel і Nokia, і ўяўляе сабой аперацыйную сістэму для шырокага спектру мабільных прылад: нэтбукаў, планшэтаў, смартфонаў, аўтамабільных кампутараў.

На дадзены момант ўзровень выкарыстання MeeGo, у сілу некотрых недапрацовак, усё яшчэ не адпавядае ўзроўню рэальнага патэнцыялу гэтай сістэмы. Так, напрыклад, на нэтбуках MeeGo часта выкарыстоўваюць у якасці "сістэмы-затычкі" для патаннення нэтбука, якую пасля куплі зносяць і ўсталёўваюць іншую АС.

Таму з'яўленне прылады з па-сапраўднаму рабочай версіяй MeeGo надало б моцны імпульс у развіцці гэтага праекта цалкам. Ды і ўсёй супольнасці лінуксоідаў наўрад ці хацелася б, каб яшчэ адна Linux-сістэма паўтарыла лёс WebOS.

Але для пачатку варта сказаць, што ўсё тыя ж аглядальнікі мабільнага рынка, пакруціўшы ў сваіх руках ўзоры N9, вельмі станоўча ацэньваюць працу гэтай мабільнай АС. Сістэма, па іх водгуках, працуе хутка і са мноствам анімацыйных эфектаў, а таксама паўнавартасна падтрымлівае мультымедыя.

Асноўная ж фішка MeeGo для N9 - гэта спецыяльны "глянцавы" інтэрфейс Swipe. Інтэрфейс мае ўласны арыгінальны спосаб працы з прыкладаннямі. У ім маецца тры рабочых стала, а таксама экран блакавання.

На экране блакавання адлюстроўваюцца бягучыя падзеі, час, зарад батарэі, інфармацыя аб запісах календара, прыйшоўшых паведамленнях. Першы працоўны стол - гэта стандартны спіс кнопак-абразкоў прыкладанняў, як у "айфона". Другі працоўны стол - гэта экран працуючых прыкладанняў. Яны адлюстроўваюцца ў выглядзе мініяцюр і паказваюць рэальны статус працы праграм. Трэцяе ўяўленне - гэта такі "сацыяльны" экран апавяшчэнняў: аб новых паведамленнях, аб сацыяльнай актыўнасці, пошта і г.д.

Пераключэнне паміж гэтымі трыма працоўнымі сталамі, а таксама праграмамі ажыццяўляецца "лістаннем" экрана направа або налева. Як і Android, сістэма MeeGo з'яўляецца па-сапраўднаму шматзадачнай. Самі ж прыкладанні для MeeGo ствараюцца з выкарыстаннем фрэймворка Qt.

Але, як бы ні былі добрыя апаратная і праграмная часткі N9, гэтага можа апынуцца недастаткова. Як мы ўжо пераканаліся на прыкладзе WebOS, немалаважным фактарам для мабільнай прылады з'яўляецца наяўнасць дадатковай інфраструктуры з вэб-сэрвісаў і сістэм распаўсюджвання кантэнту - гэта значыць таго, што часта называецца "экасістэмай" платформы. Такімі экасістэмамі, напрыклад, валодаюць платформы Google Android і Apple iOS.

А вось у дачыненні да дадатковай інфраструктуры "мігафоны" выглядаюць не так вясёла, як "гуглафоны" і "айфоны". Набор прыкладанняў для гэтага смартфона ў Ovi Store будзе, вядома ж, значна саступаць канкурэнтам. А Microsoft наўрад ці падзеліцца з Nokia сваімі вэб-сэрвісамі, прызначанымi для Windows Phone. Але ўжо вядома, што з вэб-сэрвісаў будзе даступна бясплатная навігацыя Ovi Maps.

І вось гэта адставанне дадатковай інфраструктуры для N9 і з'яўляецца той прычынай, па якой кіраўніцтва Nokia зрабіла N9 эксклюзіўнай адзінай мадэллю. І гэта таксама прычына, па якой маюцца асцярогі, што MeeGo паўторыць шлях WebOS. Бо развіццё дадатковых сэрвісаў для MeeGo - гэта задача, якая не можа быць вырашана ў бліжэйшыя тэрміны.

Тое, наколькi важная для мабільных прылад дадатковая інфраструктура "хмараў" і вэб-сэрвісаў, дэманструе навіна аб стварэнні найбуйнейшай кітайскай пошукавай сістэмай Baidu ў супрацоўніцтве з вытворцам абсталявання Dell ўласнага форку платформы Android пад назвай Baidu Yi.

Але на самай справе, Baidu Yi - гэта не зусім форк Android. Baidu Yi - гэта замена вэб-сэрвісаў Google, якія хоць і пастаўляюцца разам з Android, але пры гэтым не з'яўляюцца часткай гэтай сістэмы. Стэк мабільных прыкладанняў для вэб-сэрвісаў Google неабходна ліцэнзаваць, у адрозненне ад АС Android, якая распаўсюджваецца бясплатна. Таму кампанія Baidu рыхтуе свае вэб-сэрвісы для замены сэрвісаў Google, уключаючы уласны магазін прыкладанняў Yi Store, а ў самой сістэме Android будуць зроблены хіба што касметычныя змены.

У цяперашні час Baidu Yi для нас вялікага практычнага значэння не мае, так як гэтая платформа арыентавана толькі на кітайскі рынак збыту. Але сама тэндэнцыя стварэння незалежных экасістэм для мабільных прылад радуе і прымушае больш аптымістычна глядзець у будучыню і мабільнай аперацыйнай сістэмы MeeGo.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также