Навіны вольнага ПЗ

У гэтым аглядзе на прыкладах навінак вольнага ПЗ пазнаёмімся з трыма відамі забаў, найбольш папулярных у карыстачоў Linux. Такімі забавамі з'яўляюцца: пастаяннае абнаўленне сістэмы, запуск "фортачак" у віртуалцы і барацьба за бяспеку. Адпаведна, сёння ў аглядзе: новае абнаўленне дыстрыбутыва openSUSE, новая версія эмулятара QEMU і выпуск звышхбяспечнай сістэмы Qubes OS.


OpenSUSE 12.2

Пастаянныя абнаўлення сістэмы - адна з любімых забаў шматлікіх карыстачоў GNU/Linux. Не паспееш прызвычаіцца да адной версіі дыстрыбутыва, як ужо для тэставання гатова наступная версія. Пры гэтым абнаўленни ў новай версіі дыстрыбутыва могуць быць не толькі абнаўленнямі аптымізацыі і бяспекі, але і кардынальна змяніць саму працу з сістэмай.

Хаця ёсць, напрыклад, дыстрыбутыў Debian, з марудным выхадам новых версій якога ўжо ўсе змірыліся. А калі звярнуць увагу на паралельны сусвет Windows, то тут ёсць яшчэ вельмі шмат карыстальнікаў, што як паставілі дзесяць гадоў таму Windows XP, так да гэтага часу на ёй і сядзяць.

Вось непрыкметна прыйшоў час абнаўляцца і карыстальнікам Linux-дыстрыбутыва openSUSE. На мінулым тыдні афіцыйна убачыў свет выпуск openSUSE 12.2 з кодавым імем Mantis.

 

Дыстрыбутыў павінен быў з'явіцца яшчэ два месяцы таму назад. Але, як мы пісалі раней, дыстрыбутыў на той момант усё яшчэ утрымліваў вялікую колькасць "чырвоных" пакетаў, якія мелі нездавальняючую працаздольнасць. Таму на падрыхтоўку openSUSE 12.2 было выдаткавана дзесяць месяцаў замест васьмі дзеля стабілізацыі пакетнай базы і правядзення рэарганізацыі працэсу распрацоўкі. З гэтай нагоды нават была арганізавана публічная дыскусія, каб знайсці цывілізаванае рашэнне праблемы з пастаяннымі "чырвонымі" пакетамі.

Мяркуючы па зменах, у гэтай версіі дыстрыбутыва ўпор быў зроблены на стабільнасць, а не навацыі. Ці як выказаўся ў сваім блогу адзін з прыхільнікаў гэтай сістэмы: "Увогуле, да пары да часу ад гэтага дыстрыбутыва можна чакаць нармальнага, цывілізаванага, паступальнага развіцця на карысць звычайных карыстальнікаў, а не ультра-радыкалаў і гіпермадэрністаў."

У адносінах да рабочых асяроддзяў openSUSE 12.2 можа задаволіць шырокі спектр карыстацкіх густаў. Асноўнымі працоўнымі асяроддзямі ў Mantis з'яўляюцца GNOME 3.4.2 і KDE 4.8.4. Дадаткова забяспечана магчымасць усталёўкі KDE 4.9.1 з асобнага рэпазітара. Таксама з асобнага рэпазітара можна ўсталяваць абалонку Plasma Active, падрыхтаваную для прылад з сэнсарнымі экранамі. У якасці легкаважных дэсктоп-асяроддзяў можна абраць Xfce 4.10 і LXDE.

У склад дыстрыбутыва ўключана і эксперыментальнае дэсктоп-асяроддзе Razor-Qt. Гэты новые легкаважны графічны дэсктоп накшталт LXDE, але які заснаваны на бібліятэках Qt.

І з афіцыйнага рэпазітара нават можна ўсталяваць асяроддзе KDE 3, у якім замест архаічнага дэмана HAL выкарыстоўваюцца дэманы Udisks2 і Upower, з дапамогай якіх прадастаўляюцца інтэрфейсы для атрымання інфармацыі і выканання аперацый на прыладах захоўвання дадзеных.

Ажыццёўлены пераход на загрузчык GRUB 2.0 з магчымасцю загрузкі з раздзелаў Btrfs. Акрамя стандартнага GRUB2 маюцца таксама GRUB2-EFI, LILO і ELILO, і, зразумела, стары добры GRUB Legacy. Услед за Fedora і ў openSUSE пачалася рэарганізацыя файлавай сістэмы і перанос усіх выкананых файлаў і бібліятэк з кораня ў дырэкторыю /usr.

І, здаецца, карыстальнікам рэлізу openSUSE 12.2 не прыйдзецца больш ламаць галаву над паляпшэннем шрыфтоў. Справа ў тым, што некаторыя дыстрыбутывы, як Fedora і openSUSE, не ўтрымліваюць у сабе па змаўчанні тэхналогіі субпіксельнага рэндэрынгу шрыфтоў, так як на гэтую тэхналогію ў некаторых краінах існуюць патэнтавыя абмежаванні. І карыстачам прыходзіцца самім усталёўваць патчы, якія паляпшаюць адлюстраванне шрыфтоў. У openSUSE 12.2, па візуальным ўражанню карыстальнікаў, у гэтым неабходнасці больш няма - тэхналогіі паляпшэння выгляду шрыфтоў ўжо ёсць, што называецца, "з скрынкі", як, напрыклад, у Ubunntu.


QEMU 1.2.0

Наступнай любімай забаўкай лінуксоідаў з'яўляецца эмуляцыя ўсяго, што можна эмуляваць. І які ж карыстальнік GNU/Linux не любіць запускаць на сваёй сістэме ў віртуалцы АС Windows?!

Самым простым спосабам такога фокусу зараз з'яўляецца запуск "фортачак" у VirtualBox - кросплатформенным эмулятары PC для працэсарнай архітэктуры Intel x86. Аднак у сувязі з распаўсюджваннем мабільнай электронікі паступова становіцца папулярнай працэсарная архітэктура ARM. І сярод лінуксоідаў ўваходзіць у моду запускаць Windows ўжо на розных Android-планшэтах. І для гэтага ў ход ідзе эмулятар з адкрытым кодам QEMU. Гэты эмулятар здольны эмуляваць працэсары Intel x86 і прылады уводу-вываду на многіх працэсарных архітэктурах, у тым ліку і на працэсарах ARM.

У цэлым спіс падтрымліваемых QEMU архітэктур выглядае так: x86, x86_64, ARM, SPARC, PowerPC, MIPS, m68k (Coldfire), SH-4. Таму тэхналогіі QEMU зараз часта выкарыстоўваюць у розных SDK распрацоўнікаў мабільных прылад для стварэння і адладкі мабільных праграм на персанальным кампутары.

Але галоўнай рухаючай сілай развіцця QEMU ўсё ж такі варта назваць бурнае развіццё "хмарных" тэхналогій, якія ў сваю чаргу заснаваныя на тэхналогіях віртуалізацыі. Менавіта дзякуючы цікавасці да "хмар" праект QEMU зараз перажывае новы этап развіцця. І ў цяперашні час ідзе актыўная інтэграцыя ў стандартны QEMU тэхналогій апаратнай віртуалізацыі x86-сумяшчальных працэсараў Intel і AMD. Існуе асобны форк QEMU з падтрымкай апаратнай віртуалізацыі XEN, напрацоўкі з якога цяпер паступова пераносяцца ў афіцыйны праект.

На мінулым тыдні прадстаўлены рэліз праекта QEMU 1.2.0. Гэта як раз адзін з этапаў далейшай інтэграцыі апаратнай віртуалізацыі Xen ў эмулятар. Напрыклад, цяпер QEMU дазваляе рэалізаваць механізм sVirt, які выкарыстоўваецца для ізаляванасці ў мэтах бяспекі асобных віртуальных машын адна ад адной.

У новай версіі само сабой палепшаная падтрымка архітэктур ARM, PowerPC, x86 і эмуляцыя асобных апаратных прылад. Так што на радасць лінуксоідам эмуляцыя Windows на планшэтах з Android павінна ў новай версіі QEMU палепшыцца.


Qubes OS 1.0

Яшчэ адной з любімых забў у карыстачоў GNU/Linux з'яўляецца стварэнне супербяспечных вірусанепрабівальных сістэм. Лінуксоіды увогуле вялікія аматары паганарыцца бяспекай сваіх кампутараў.

І на мінулым тыдні з'явілася чарговая нагода для гонару. Вядомая большасці спецыялістаў па бяспецы жанчына-хакер з Польшчы Джаана Руткоўска, якая праславілася стварэннем руткіта Blue Pill для Windows Vista, прадставіла першую стабільную зборку звышбяспечнай аперацыйнай сістэмы Qubes OS. Аб выхадзе бэта-версіі гэтай АС з адкрытым зыходным кодам мы ўжо пісалі паўтара гады таму.

Высокі ўзровень абароны ў Qubes OS забяспечваецца выкарыстаннем зноў-такі тэхналогіямі віртуалізацыі Xen. Qubes OS павышае ўстойлівасць да ўзломаў за кошт запуску прыкладанняў, сістэмных дэманаў, сеткавых сэрвісаў, драйвераў, графічнага інтэрфейсу ў асобных віртуальных даменах гіпервізара Xen.

Прыкладанні Qubes OS групуюцца ў дамены па ўзроўні доступу да канфідэнцыйных дадзеных. Напрыклад, у адным дамене, прызначаным для працы з банкаўскай інфармацыяй, можа быць адзін браўзэр, а ў дамене для гульняў - іншы. А для таго, каб карыстач не заблытаўся, дзе з якога дамена браўзэр, кожны дамен мае сваё каляровае афармленне вакон - банкаўскі браўзэр, напрыклад, будзе з чырвоным афармленнем, а браўзэр для іншых спраў - зялёны. Гэтыя дамены незалежныя адзін ад аднаго, таму кампраметацыя, напрыклад, дамена графічнага інтэрфейсу ніяк не закране астатнія ўзроўні сістэмы.

Вядома ж, Qubes OS не мае гарантаванай абароны ад дэфектаў у сістэме бяспекі, якая і ў гэтай АС цалкам залежыць ад дзеянняў канчатковых карыстальнікаў. У ходзе распрацоўкі аўтары знайшлі тры сур'ёзных праблемы бясекі - адну ў сваім кодзе і яшчэ дзве ў апаратных прашыўках ад Intel. Таму, каб ацаніць і пратэставаць практычную ўстойлівасць Qubes, Руткоўска звяртаецца за дапамогай супольнасці.

Але, як вядома нават геймерам, кампутарныя забавы заўсёды патрабуюць высокіх сістэмных патрабаванняў ад кампутара. Мінімальныя сістэмныя патрабаванні для таго, каб хаця б пагуляць у Qubes OS, ёсць, напэўна, і не ў кожнага лінуксоіда:

  • 4GB аператыўнай памяці;
  • працэсар 64-bit Intel або AMD з падтрымкай тэхналогій VT-d або AMD IOMMU;
  • відэакарта пераважнай ад Intel;
  • 20GB на цвёрдым дыску, настойліва рэкамендуецца SSD.

Для загрузкі даступны установачны вобраз, памерам 1.7 Гб. У якасці асновы для фарміравання віртуальных асяроддзяў выкарыстоўваецца пакетная база Fedora 17.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также