Навiны вольнага ПЗ

На прайшоўшым тыдні ў свеце ВПЗ нічога эпахальнага ня адбылося, і ў асноўным пераважалі навіны практычнай накіраванасці. Хіба што можна адзначыць эпахальны халівар, які ўчыніў Лінус Торвальдс з нагоды працоўнага асяроддзя GNOME 3. Можна нават канстатаваць, што лічба "3" стала магічнай лічбай гэтага года - тут і GNOME 3, і ядро Linux 3. І нават па ходзе гэтага агляду лічба "3" будзе сустракацца яшчэ не раз.


Raw Therapee 3.0

Цікавай навіной для прасунутых фатографаў-аматараў і прафесіяналаў павінен стаць выхад фотарэдактара Raw Therapee 3.0. Бо лічбавы фотаапарат - гэта цяпер даўно не раскоша, і падобныя праграмы павінны цікавіць шырокае кола карыстальнікаў.

Raw Therapee - гэта чысты фотарэдактар для прафесійнай апрацоўкі лічбавых фатаграфій, арыентаваны на працу з файламі фармату RAW. Да нядаўняга часу Raw Therapee ўяўляў сабой закрыты праект. Але з пачатку мінулага года праграма набыла адкрыты статус, і версія 3.0 з'яўляецца першай, якая выйшла пасля публікацыі зыходнага кода.

Наколькі публікацыя кода Raw Therapee аказала пазітыўны ўплыў на праект, гэта яшчэ цяжка сказаць. Але для іншых праграм адкрыццё Raw Therapee аказалася вельмі карысным. Напрыклад, канкуруючы праект digiKam тут жа не прамінуў "скрасці" з RT некаторыя арыгінальныя алгарытмы апрацоўкі дадзеных.

У плане функцыянальнасці трэцяя версія Raw Therapee адрозніваецца ад папярэдніх версій вялікай колькасцю перапісанага кода і удасканаленняў функцыянальнасці. Асноўнае, што павінны ацаніць фатографы ў гэтай праграме, - гэта прылады для працы з колерам. Эксперты станоўча ацэньваюць новы набор інструментаў Lab Adjustments для карэкцыі колеру і працы з яркаснымі характарыстыкамі ў каляровым прасторы CIE LAB. Таксама ў якасці дасягнення адзначаецца новы інструмент HSV Equalizer, які дазваляе змяняць значэння пікселаў ў каналах тона, насычанасці і значэння/яркасці. У трэцяй версіі Raw Therapee таксама зроблены вялікі крок ва ўжыванні частотных фільтраў і вэйвлетаў, якія цяпер знаходзяць усё большае прымяненне ў апрацоўцы фатаграфій.


Scan Tailor

Аблічбоўка кніг - таксама адна з важных тэм для шматлікіх карыстальнікаў. Тым больш, праблемам аблічбоўкі тэкстаў было прысвечана нямала артыкулаў у "КВ".

Для тых, хто займаецца аблічбоўкай кніг, цікавым павінна быць першае ў гэтым годзе абнаўленне свабоднай праграмы Scan Tailor. Гэтае прыкладанне прызначана для пост-апрацоўкі сканаваных старонак. Яно робіць такія аперацыі, як разразанне старонак, кампенсацыя нахілу, даданне/выдаленне палёў і іншыя.

Праграму распрацоўвае Іосіф Арцымовіч. Яна дасягнула добрага ўзроўню развіцця і ўжо выкарыстоўваецца бібліятэкамі і іншымі ўстановамі для працы з лічбовымі выданнямі. Кнігі, апрацаваныя у Scan Tailor, можна нават знайсці на Google Books.

З асаблівасцяў новай версіі можна назваць ручную карэкцыю скажэнняў. Таксама аматары аўтаматызацыі атрымалі ў сваё распараджэнне кансольную версію ўтыліты.


Doom 3

І зноў містычная лічба "3". Джон Кармак, адзін з галоўных распрацоўшчыкаў серыі культавых гульняў Doom, Quake, Castle Wolfenstein, анансаваў на канферэнцыі QuakeCon 2011 адкрыццё гульнявога рухавіка Doom 3.

Зыходны код Doom 3 будзе адкрыты па традыцыі, якая склалася ў id Software, калі пасля завяршэнні больш за пяць гадоў гульня становіцца адкрытай. Зыходнікі Doom 3 павінны з'явіцца адразу пасля выхаду ў канцы гэтага года новай гульні Кармака Rage.

Кармак вядомы як энтузіяст адкрытых кодаў. Таму ён, выступаючы на канферэнцыі, у чарговы раз зноў заклікаў астатніх распрацоўшчыкаў прытрымлівацца прыкладу id Software і апублікаваць коды сваіх старых гульняў.


Класіка і мадэрн

І ў заканчэнні агляду некалькі слоў пра халівар, які ўчыніў Лінус Торвальдс у адным з "колаў" Google +, што належыць Дэйву Джонсу - мэйнтэйнеру дыстрыбутываў Fedora і RHEL. Джонс напісаў у сваім "крузе" аб тым, што ядро 3.0 для бягучага дыстрыбутыва Fedora 15 трэба перайменаваць у 2.6.40, інакш занадта шмат патчаў прыйдзецца рабіць для астатніх пакетаў.

Джонс нават пажартаваў, што ён з нецярпеннем чакае паведамлення "OMG! Red Hat робіць форк Linux". Але дарма ён гэта сказаў.

Праз некаторы час у тэме з'явіўся Лінус Торвальдс і, не хаваючы з'едлівасці, папрасіў прысутных тут распрацоўшчкаў Red Hat у дадатак да форку Linux 2 зрабіць яшчэ і форк графічнага працоўнага стала GNOME 2, так як ён яшчэ не сустрэў нікога, каму падабаецца GNOME 3.

Лінус быў як заўсёды эмацыйны і не скупіўся на эпітэты. Напрыклад, GNOME 3 ён абазваў "бязбожнай бязладзіцай" па адносінах да старой добрай канцэпцыі графічнага асяроддзя, рэалізаванай у GNOME 2.

Варта нагадаць, што GNOME 3 з'явіўся толькі гэтай вясной. І на дадзены момант Fedora 15 - гэта адзіны дыстрыбутыў, хто рызыкнуў ўкараніць новы GNOME 3. А Лінус, як вядома, аматар "Фядоры".

На самай справе не цяжка было здагадацца, што кансерватыўнаму Торвальдсу не спадабаецца GNOME 3. Калі Торвальдс адкінуў новаўвядзенні працоўнага асяроддзя КДЕ 4, якое ў значна большай ступені з'яўляецца прыкладам класічнага працоўнага стала, то ўжо тым болей рэвалюцыйны GNOME 3 наўрад ці спадабаецца стваральніку ядра Linux. Таму Торвальдс, паводле яго слоў, цяпер перайшоў з "Гнома" на XFCE. І калі справа так далей пойдзе, то хутка, акрамя класічнага каманднага радка, ў яго выбару і не застанецца.

Сапраўды, трэці "Гном" патрабуе адмовы ад шматлікіх старых звычак. Плюс да ўсяго, бягучая рэалізацыя працы трэцяй версіі з'яўляецца далёкай ад ідэалу. Таму нядзіўна, што ў "крузе" Джонса так шмат людзей заплюсавалі выказванні Торвальдса.

Але таксама і нельга сказаць, што GNOME 3 сапраўды нікому не падабаецца. Напрыклад, вядомы і аўтарытэтны распрацоўшчык праекту Russian Fedora Аркадзь Шэйн знаходзіць канцэпцыю трэцяй версіі гэтага рабочага асяроддзя цікавай.

Аднак, акрамя суб'ектыўных меркаванняў, няхай нават і аўтарытэтных, варта звярнуць і на аб'ектыўныя моманты ў развіцці сучаснай кампутарнай тэхнікі - напрыклад, на з'яўленне новага класа мабільных кампутарных прылад. Гэта планшэты, нэтбукі, і сюды варта ўжо адносіць нават смартфоны. Сучасны графічны інтэрфейс павінен уніфікаваць і працу на гэтых прыладах. І відавочна, што не толькі для планшэта, але нават і для нэтбука класічны інтэрфейс тыпу Windows ХР - гэта ўжо не лепшая ідэя.

Вытворцы мабільных прылад знаходзяцца ў пошуку зручных інтэрфейсаў для сваёй прадукцыі. І GNOME 3 тут таксама можа разглядацца як варыянт.

Магчыма, і KDE 4, і GNOME 3 апынуцца прахаднымі версіямі, так як яны з'явіліся ў пераходную эпоху развіцця спажывецкай кампутарнай тэхнікі. Нават магчыма, што ў найбліжэйшай будучыні іх заменяць інтэрфейсы Ubuntu Unity, MeeGo і вэб-інтэрфейсы. Але ж GNOME 3 сваім з'яўленнем сапраўды зрабіў вялікі ўплыў на далейшае развіццё графічных інтэрфейсаў.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!