Навіны вольнага ПЗ

Вольнае праграмнае забеспячэнне, навінкі якога мы разгледзім у гэтым аглядзе, не раз згадвалася ў "КВ" і павінна быць добра вядомым нашым сталым чытачам. Гэта сістэма паравіртуалізацыі Xen, працоўнае асяроддзе Cinnamon і мультымедыйная аперацыйная сістэма GeeXBoX. Таксама ў гэтым аглядзе працягнем надаваць увагу новым мабільным працэсарам Intel, якія пакуль не прызначаныя для карыстальнікаў Linux.


Куды вядзе "канюшынавая сцежка"?

Атрымала працяг тэма "дыскрымінацыі" Linux на працэсарах Intel новага пакалення Atom Clover Trail, прызначаных для планшэтаў і нэтбукаў. Як ужо паведамлялася раней, Intel абвясціла, што серыя мабільных працэсараў Clover Trail будзе паўнавартасна падтрымлівацца толькі аперацыйнай сістэмай Windows 8.Сваё рашэнне ў кампаніі патлумачылі тым, што ў гэтых працэсарах рэалізаваныя тэхналогіі кантролю і эканоміі энергіі, якія могуць выкарыстоўвацца толькі ў Windows 8, так як правы на іх належаць Microsoft.

Грамадскасць была, вядома ж, такой навіной расчараваная. Пасля чаго з боку Intel было зроблена дадатковае тлумачэнне, што "ў кампаніі ёсць планы па выпуску іншай версіі платформы, прызначанай для Linux/Android, аднак кампнія ўстрымліваецца ад каментароў адносна асаблівасцяў гэтай платформы і канкрэтнага рынкавага сегмента яе новай версіі".

На чалавечую мову гэта можна перавесці так, што калі ў Intel "фінт вушамі" з Windows 8 не пройдзе і не атрымаецца заваяваць вялікі працэнт на рынку планшэтаў, то кампанія хуценька выпусціць версію Atom Clover Trail і для Linux/Android. Бо для Intel і AMD мабільная версія Windows 8 менавіта цяпер у выпадку поспеху можа стаць сцежкай у свет мабільных прылад, дзе на дадзены момант пануюць працэсары ARM.

Хоць некаторыя лічаць, што для супольнасці Linux было б лепш наогул не ісці па гэтай "канюшынавай сцежцы". Напрыклад, на думку аднаго з галоўных лідэраў руху Open Source, Бруса Пэрэнса, Atom - гэта ў цэлым не эфектыўная працэсарная архітэктура для партатыўных прылад з абмежаваным бюджэтам магутнасці. Atom заснаваны на старой архітэктуры ia32, створанай яшчэ ў далёкія 70-ыя гады, і таму не можа прынцыпова канкураваць з архітэктурай ARM ў плане энергазберажэння, нават пры наяўнасці дадатковых тэхналогій эканоміі энергіі.


Xen 4.2

Што ж, даверымся аўтарытэтам, і не будзем моцна хвалявацца з нагоды падтрымкі ў Linux некаторых тэхналогій, практычная карысць ад якіх яшчэ не зусім ясная. Тым больш што ў ядры Linux маецца падтрымка больш практычных тэхналогій, як, напрыклад, паравіртуалізацыі Xen, што дазваляе многім хостынгавым кампаніям атрымліваць рэальны прыбытак.

На базе гіпервізара Xen пабудавана мноства публічных і прыватных "хмарных" інфраструктур. У прыватнасці Xen выкарыстоўваецца для функцыянавання "хмараў" Amazon AWS. А хакеры на аснове паравіртуалізацыі спрабуюць ствараць звышбяспечную аперацыйную сістэму Qubes.

Важнай вяхой у развіцці Xen была версія 4.1, так як у працэсе развіцця гэтай галіны была праведзена поўная інтэграцыя ў "ванільнае" ядро Linux ўсіх кампанентаў Xen, неабходных для забеспячэння работы галоўнага дамена Dom0. На мінулым тыдні прадстаўлены новы стабільны выпуск гэтага кросплатформеннага гіпервізара Xen 4.2. Праца над гэтай галіной вялася паўтара года.

Найбольшая колькасць змяненняў створана распрацоўшчыкамі з кампаніі Citrix. Што і нядзіўна, так як гэтая кампанія з'яўляецца распрацоўшчыкам камерцыйнай платформы Citrix XenServer.

Xen 4.2 адрозніваецца ад папярэдняй версіі новым дэманам кіравання віртуальнымі машынамі XL, замест раней выкарыстоўванага дэмана Xend. Новы дэман дае больш магчымасцяў для кіравання віртуальнымі машынамі, і ў прыватнасці ён падтрымлівае пратакол SPICE.

У новай версіі гіпервізара палепшана падтрымка вялікіх вылічальных вузлоў. Цяпер вузлы Xen 4.2 падтрымліваюць да 4095 фізічных працэсараў хаста, да 512 працэсараў гасцявых сістэм (vCPU) і да 5 ТБ памяці.


Cinnamon 1.6

Тэма працоўных сталоў яшчэ доўга будзе бударажыць карыстальнікаў працоўнага асяроддзя GNOME. У трэцяй версіі гэтагва асяроддзя адбыліся кардынальныя змены, якія спарадзілі не толькі гарачыя дыскусіі, але і прывялі да з'яўлення новых праектаў, якія спрабуюць захаваць традыцыі старога добрага "Гнома".

Адным з такіх праектаў з'яўляецца форк GNOME 3 пад назвай Cinnamon. Першапачаткова праект распрацоўваўся камандай праграмістаў Linux Mint - дыстрыбутыва, які атрымаў вялікую папулярнасць у апошні час.

Новае асяроддзе GNOME 3 не задавальняла сваёй канцэпцыяй распрацоўшчыкаў Mint, і яны вырашылі зрабіць у ім больш звыклы графічны інтэрфейс. Напрыклад, Cinnamon мае класічную панэль са спісам адкрытых вокнаў, вобласцю апавяшчэнняў, магчымасцю размяшчэння спасылак для хуткага запуску праграм, спісам віртуальных экранаў і падтрымкай аўтаматычнага ўтойвання панэлі. Таксама тут маецца класічнае меню прыкладанняў.

Серада Cinnamon актыўна развіваецца, і на мінулым тыдні выйшла версія 1.6. А першы раз праект быў прадстаўлены публічна 2 студзеня 2012 года.

У новай версіі Cinnamon з'явілася падтрымка ўказанні імёнаў для працоўных сталоў. Таксама ў асяроддзе дададзена некалькі новых аплетаў:

  • аплет Window Quick-List для хуткага паказу поўнага спісу вокнаў на ўсіх працоўных сталах;
  • аплет для вываду апавяшчэнняў сістэмы;
  • аплет для кіравання яркасцю экрана;
  • палепшаны аплет кіравання гукам, у якім пашыраны даступныя налады аўдыё.

У Cinnamon 1.6 дададзены новы рэжым працы Cinnamon 2D, у якім для фарміравання графічнага вываду прымяняецца праграмны рэндэрынг. Гэта дазваляе выкарыстоўваць Cinnamon і на сістэмах без падтрымкі OpenGL.

І ў новай версіі асяроддзя зараз выкарыстоўваецца файлавы мэнэджар Nemo. Гэта форк "Наўтылуса" з GNOME 3. Распрацоўнікі Nemo вырашылі не спрашчаць файлавы мэнэджар і захаваць такія магчымасці, як панэль інструментаў і меню, дзвюхпанэльны рэжым, меню са спасылкамі для хуткага пераходу і бакавую панэль.

На мой погляд, атрымалася працоўнае асяроддзе, якое знойдзе яшчэ нямала сваіх прыхільнікаў ці ж хаця б выкліча жаданне пазнаёміцца з ім бліжэй на практыцы. Нягледзячы на тое, што Cinnamon з'яўляецца распрацоўкай ў першую чаргу для дыстрыбутыва Linux Mint, зборкі гэтага графічнага асяроддзя ёсць для Fedora, Arch Linux, openSUSE, Gentoo. І, вядома ж, ёсць PPA-рэпазітар для дыстрыбутыва Ubuntu, форкам якога і з'яўляецца Linux Mint.


GeeXBoX 3.0

І завершым агляд навіной некатарым чынам звязанай з модным захапленнем многіх гікаў мінікампутарамі. З ростам папулярнасці прылад тыпу Raspberry Pi становіцца цікавым пытанне аб нішах практычнага прымянення гэтых мінікампутараў.

У першую чаргу, вядома ж, мінікампутары цікавыя як клас прылад для навучання працы на вылічальных машынах. Для гэтага яны ўласна і ствараліся.

Але паступова многія знаходзяць іх прыдатнымі ў якасці тэлевізійных медыя-цэнтраў. Тым больш што існуе вялікая колькасць праграмных медыя-цэнтраў, як, напрыклад, GeeXBoX, новая версія якога выйшла на мінулым тыдні.

GeeXBoX - не пачатковец у свеце свабодных праграм. Аб гэтай мультымедыйнай сістэме калісьці падрабязна распавядалася яшчэ ў старой папяровай версіі "Камп'ютэрных вестак".

GeeXboX з'яўляецца свабодным праграмным медыя-цэнтрам, які прызначаны для ўбудавальных прылад і настольных кампутараў. GeeXboX - не асобнае прыкладанне, а гэта поўнафункцыянальная АС, якая мае свой уласны мэнэджар пакетаў OPKG Package Manager.

Гэтая мультымедыйная АС можа загружацца як LiveCD, з USB-flash, з SD/MMC картаў. Сістэма таксама можа ўсталёўвацца на жорсткі дыск.

GeeXboX - легкаважны дыстрыбутыў, прызначаны для адной мэты: ператварыць ваш PC ў сістэму, абсталяваную праграмным забеспячэннем, што дазваляе выкарыстоўваць е `ў якасці хатняга кінатэатра (HTPC). З дапамогай GeeXboX можна глядзець фільмы (у тым ліку з HD-дазволам), слайдшоў з любімых фатаграфій ці слухаць музыку. Падтрымліваюцца сеткавыя падлучэння да агульных рэсурсаў сеткі і інтэрнэт-станцыях.

Асноўным прыкладаннем ў GeeXboX для прагляду мультымедыя з'яўляецца адкрыты медыяцэнтр XBMC. У GeeXboX 3 выкарыстоўваецца апошняя версія XBMC 11.0 "Eden". Акрамя гэтага ў склад сістэмы ўваходзяць ядро Linux, Systemd, BusyBox, Connman Network Manager, Xorg Server, Mesa, ALSA, свежыя версіі адкрытых і прапрыетарных відэадрайвероў.

Працай GeeXboX можна кіраваць праз любую клавіятуру або пульт дыстанцыйнага кіравання. У якасці такога пульта можна выкарыстоўваць смартфоны на базе iOS або Android.

Сістэма GeeXBoX даступная ў зборках для платформаў x86, ARM TI OMAP4 Pandaboard, ARM nVidia Tegra2 Harmony, ARM Cubox (armada5xx) і ARM Snowball ux500. Памер усталявальнай iso-выявы 136 Мб.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также