Навіны вольнага ПЗ

Гэты агляд прысвяцім праграмам студзеня, што апынуліся ў цені выпуску Fedora 18 і ажыятажу вакол выхаду гульняў Valve для Linux. Гэта LTSI ядро Linux, універсальная UNIX-ўтыліта BusyBox, адкрыты драйвер для файлавай сістэмы exFAT і новая версія музычнага камбайна Amarok.


LTSI Linux 3.4

Ядро Linux абнаўляецца вельмі часта. Напрыклад, за мінулы 2012 выйшла шэсць новых версій.

Аднак не заўсёды і не для ўсіх такая хуткасць абнаўленняў з'яўляецца дабром. З кожнай новай версіяй Linux адбываюцца змены, часта вельмі істотныя, ABI і API ядра. Існуе шмат выпадкаў, пачынаючы з мабільных прылад і заканчваючы аўтамабільнымі інфармацыйна-забаўляльнымі сістэмамі, калі патрэбныя не новыя версіі Linux, а патрабуецца больш працяглая падтрымка якой-небудзь адной галінкі ядра.

Да нядаўняга часу кампаніі самастойна сваімі сіламі падтрымлівалі для сваёй спажывецкай электронікі падобныя "доўгайграючыя" ядра Linux. Таксама існавалі версіі ядраў з доўгім тэрмінам падтрымкі, суправаджэнне якіх ажыццяўлялася на ўзроўні энтузіязму асобных праграмістаў.

 

Але, пачынаючы з версіі ядра 3.1, у арганізацыі і падтрымцы LTS-ядраў адбыліся істотныя змены. Арганізацыя Linux Foundation прапанавала ініцыятыву пад назвай LTSI (Long Term Support Initiative). Гэтая ініцыятыва прадугледжвае штогадовы выпуск версій ядра, якія будуць мець працяглы тэрмін падтрымкі ў 2 гады. У гэтую падтрымку будуць уваходзіць не толькі абнаўленні бяспекі, але і даданне функцыяналу з наступных версій.

LTSI з'яўляецца галіновай ініцыятывай, у якой маюць цікавасць вытворцы бытавой электронікі, што выкарыстоўваюць ядро Linux. Да ініцыятывы падключыўся цэлы шэраг вытворцаў электронных прыладаў, сярод якіх NEC, Sony, Hitachi, LG Electronics, Renesas, Panasonic, Qualcomm, Samsung, Toshiba. Сумесная праца над адзінай кодавай базай, каардынацыяй якой будзе займацца арганізацыя Linux Foundation, дазволіць кампаніям знізіць выдаткі і больш эфектыўна выкарыстоўваць рэсурсы.

У сярэдзіне студзеня арганізацыя Linux Foundation абвясціла аб выпуску LTSI-галінкі ядра Linux, заснаваную на версіі ядра 3.4. У параўнанні з арыгінальным ядром 3.4 ў ядро LTSI дададзена шэраг удасканаленняў. Асноўнымі ўдасканаленнямі з'яўляюцца сістэма размеркавання памяці Contiguous Memory Allocator (CMA), рэалізацыя на баку ядра пратаколу D-Bus і сеткавы алгарытм кіравання чэргамі пакетаў Controlled Delay (CoDel). Таксама ў ядро LTSI у параўнанні з арыгінальным ядром 3.4 дададзены новыя драйверы і рэалізаваны аптымізацыі для розных ўбудавальных сістэм.


BusyBox 1.21

З'явілася новая галінка 1.21.системной ўтыліты BusyBox. Гэта адно з самых папулярных прыкладанняў Open Source у свеце, і яго эксплуатацыя нароўні з ядром Linux дасягнула, можна сказаць, прамысловага ўзроўню.

BusyBox - кансольная ўтыліта, распрацоўка якой была пачата ў 1996 годзе Брусам Пэрэнсам. Праграма ўяўляе сабой зборку ў адным невялікім па памеры файле мноства асноўных каманд UNIX - chmod, chown, chroot, ls, more, mount, mt, mv, rm, find, dd і г.д. Даступна каля 300 стандартных каманд UNIX. Прычым модульны характар BusyBox дазваляе інтэграваць у гатовы выкананы файл свой адвольны набор рэалізаваных у пакеце каманд.

Гэтая ўтыліта ўваходзіць у любы дыстрыбутыў Linux і выкарыстоўваецца практычна ўсюды. Напрыклад, большасць уладальнікаў рутованых смартфонаў і планшэтаў Android ўсталёўваюць сабе і BusyBox. У сілу сваёй кампактнасці гэтую ўтыліту вельмі зручна выкарыстоўваць ва ўбудавальных сістэмах у якасці асяроддзя ядра Linux, і BusyBox даўно працуе на карысць спажыўца ў шматлікіх мадэлях сучасных лічбавых прылад.

Праўда, вытворцы лічбавай тэхнікі не заўсёды адчыняюць доступ да зыходнікаў BusyBox, як таго патрабуе ліцэнзія GPL. Таму пастаянна адбываюцца спрэчкі паміж гэтымі вытворцамі і цэнтрам абароны вольнага ПЗ SFLC, які рэгулярна судзіцца з многімі кампаніямі за парушэнне ліцэнзіі.

У новай галінцы BusyBox 1.21 з'явілася новая каманда sha3sum для працы з новым стандартам крыптаграфіі SHA-3. Гэты стандарт ідзе на змену сямейства крыптаграфічных алгарытмаў SHA-2.Таксама дададзены новыя опцыі для каманд tar, sysctl, ln, sed, wget.

Версія BusyBox 1.21 пакуль з'яўляецца нестабільнай. Стабілізацыя галінкі чакаецца ў версіі 1.21.1.


FUSE-exFAT 1.0

Асноўнай файлавай сістэмай для флэш-назапашвальнікаў па ранейшаму з'яўляецца FAT, створаная яшчэ самім Білам Гейтцем, і якая вядзе сваю гісторыю з дыскет. Перасягнуць на флэшках па папулярнасці гэтую ФС да гэтага часу не ўдаецца ні адной іншай файлавай сістэме. Хоць FAT мае абмежаванні пры працы з вялікімі па памеры файламі.

На змену FAT кампанія Microsoft не першы год актыўна прасоўвае для флэш-назапашвальнікаў файлавую сістэму новага пакалення exFAT (Extended FAT - "пашыраная FAT"). Падтрымка exFAT ўбудаваная ў Windows Vista і Windows 7.

У параўнанні з NTFS файлавая сістэма exFAT больш простая. А ў параўнанні з FAT мае такія магчымасці, як адсутнасць ліміту памеру аднаго файла і падтрымку тэхналогій змяншэння колькасці перазапісаў аднаго і таго ж сектара, што важна для даўгавечнасці флэш-назапашвальнікаў.

Для карыстальнікаў сістэм GNU/Linux ужо каля трох гадоў існуе свабодны драйвер exFAT які працуе праз модуль ядра FUSE. (Гэты модуль дазваляе карыстачам без прывілеяў ствараць уласныя файлавыя сістэмы.) Праект вядзе расійскі распрацоўнік Андрэй Наенка. І на мінулым тыдні праект дасягнуў статусу першай стабільнай версіі.

Бінарныя зборкі падрыхтаваны для Ubuntu, Arch Linux і Debian "sid". З ppa-рэпазітара ўстанаўліваюцца пакеты exfat-fuse і exfat-utils. Для іншых дыстрыбутываў можна сабраць пакет з зыходных тэкстаў.

Дадзены драйвер падтрымлівае як чытанне, так і запіс. Для мантавання трэба выкарыстоўваць каманду "sudo mount.exfat-fuse /dev /sdXn /mnt/exfat", дзе /dev/sdXn - флэшка, а /mnt/exfat - каталог мантавання.

У першай стабільнай версіі на платформе Linux па змаўчанні актываваны рэжым big_writes, які дазваляе дамагчыся павышэння прадукцыйнасці пры запісе дадзеных. Выкарыстоўваецца павялічаны памер блока, што прыводзіць да памяншэння ліку пераключэнняў паміж ядром і прасторай карыстальніка.

Увогуле, каб выгрузіць файлы з флэшкі або фотаапарата, FUSE-exFAT згадзіцца. А вось для больш шырокага прымянення, асабліва камерцыйнага, у гэтага драйвера маюцца праблемы юрыдычнага характару. Варта ўлічваць, што exFAT з'яўляецца працягам FAT і ў ліцэнзійным стаўленні. Microsoft даўно і паспяхова выкарыстоўвае патэнты FAT для ціску на вытворцаў абсталявання на базе Linux. Файлавая сістэма exFAT таксама з'яўляецца прапрыетарнай і валодае закрытым ліцэнзійным статусам.

Таму, па-першае, нельга сказаць, што FUSE-exFAT з'яўляецца поўнай рэалізацыяй ўсіх магчымасцяў exFAT. Па-другое, узнікае заканамернае пытанне і аб магчымых юрыдычных наступствах для Наенка пасля публікацыі FUSE-exFAT. Да гэтага часу кампанія Microsoft не прадпрымала спробаў ціску на распрацоўніка і карыстальнікаў адкрытага пакета FUSE-exFAT. Але фармальна, пры яго выкарыстанні ў камерцыйных прадуктах, Microsoft можа ініцыяваць пазоў аб парушэнні сваіх патэнтаў.


Amarok 2.7

І апошняя навіна - выхад музычнага прайгравальніка Amarok 2.7. Гэта музычны камбайн у стылі iTunes, які мае мноства разнастайных функцый: фільтры калекцый, шматпалосны убудаваны эквалайзер, інтэграцыя з Вікіпедыяй для пошуку інфармацыі аб выканаўцы, запампоўванне вокладак альбомаў з інтэрнэту, наладжвальныя каляровыя тэмы, падтрымка сцэнарыяў, пашыраныя магчымасці тэгаў, інтэграцыя з iPod, iRiver, USB-прыладамі і многае іншае.

Прыкладанне заснавана на бібліятэках Qt4 і KDE4 і з'яўляецца кросплатформенным. Бінарныя зборкі неўзабаве будуць падрыхтаваны для розных дыстрыбутываў Linux, Windows і Mac OS X.

Я ўвогуле ў апошні час знаходжу пацешным ўсталёўваць для знаёмства многія кросплатформавыя Open Source праграмы менавіта на машыне з Windows. Адкрытыя праграмы для "фортачак" з'яўляюцца часта раней, чым у афіцыйных рэпазітарах дыстрыбутываў GNU/Linux. І асноўную сістэму засмечваць рознымі тэстамі праграм не трэба.

Праўда, Amarok 2.7 для Windows пакуль яшчэ не было, і на момант напісання агляду мелася толькі папярэдняя версія 2.6. Аднак новаўвядзенні новага Amarok як раз цікавыя ў першую чаргу карыстачам Linux.

Самае галоўнае ў новай версіі - гэта з'яўленне пачатковай версіі плагіна для арганізацыі працы калекцый з выкарыстаннем сістэмы семантычных сувязяў Nepomuk. Тэхналогіі Nepomuk інтэграваныя ў KDE і выкарыстоўваюцца для працы з метададзенымі, якія маюцца ў многіх тыпах файлаў ці створаны ўласнаручна карыстальнікам. Amarok можа зараз выкарыстаць Nepomuk для доступу да інфармацыі аб трэках і для захоўвання метададзеных (альбомы, музыкі, пазнакі, жанры) і статыстыкі. Раней для захоўвання ўсіх музычных метададзеных у Amarok выкарыстоўвалася якая-небудзь СКБД.

З астатніх новаўвядзенняў Amarok 2.7 можна адзначыць:

  • сінхранізацыю статыстыкі паміж калекцыямі, у тым ліку прывязаных да знешніх плэераў і сэрвісу Last.fm;
  • змяненне знешняга афармлення і паводзін файлавага браўзэра;
  • аднаўленне прайгравання гукавых CD.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также