Навіны вольнага ПЗ

Вольнае праграмнае забеспячэнне ў гэтым аглядзе будуць прадстаўляць: софтфон SFLPhone, дыстрыбутыў PCLinux 2012.8, генератар тэкстур Evolvotron, версія Blender для Android. Таксама на прыкладзе прылады RaspCherry Pi пераканаемся, што прынцыпы вольнага ПЗ працуюць і ў дачыненні развіцця мінікампутара Raspberry Pi.


SFLPhone 1.2

Свет тэлекамунікацый перажывае зараз бурны час пераменаў. І, калі глядзець з боку, гэта выяўляецца ў пастаянных войнах паміж сабой усіх удзельнікаў сусветнай тэлекамунікацыйнай галіны - телекомаў, вытворцаў абсталявання. Стаўкі высокія, і пераможцы атрымліваюць калі не ўсё, то вельмі многае.

За прыкладамі хадзіць далёка не трэба. Увесь Інтэрнэт цяпер абмяркоўвае вынікі разгляду ў амерыканскім судзе справы паміж дзвюмя самымі буйнымі вытворцамі смартфонаў - Apple і Samsung. Як ужо вядома, родныя сцены вельмі дапамаглі кампаніі Apple, якая атрымала перамогу ў гэтым судовым разглядзе над сваім асноўным канкурэнтам. Праўда, для гэтай перамогі прыйшлося звярнуцца да не вельмі высакароднага метада патэнтавага троллінга. Але ж на вайне ўсе сродкі добрыя.

Калі ж больш глыбока разглядаць змены ў сучасных тэлекамунікацыях, то гэтыя перамены звязаныя з развіццём новых тэхналогій. І ў першую чаргу варта сказаць аб тэхналогіях VoIP-тэлефаніі, якія забяспечваюць перадачу галасавога сігналу па сетцы Інтэрнэт або па любых іншых IP-сетках.

 

Гэта значыць, што буйнымі удзельнікамі тэлекамунікацыйнай галіны становяцца зараз і вытворцы праграмнага забеспячэння, якія яшчэ нядаўна займаліся толькі чыстым софтам. Напрыклад, сярод звычайных спажыўцоў вельмі папулярны VoIP-сэрвіс Skype, які цяпер належыць софтвернаму гіганту Microsoft.

А сярод карпаратыўных карыстальнікаў папулярнасць набыла SIP-тэлефанія, хоць і хатнія спажыўцы дзе-нідзе таксама да гэтай тэхналогіі паступова далучаюцца. Адпаведна становіцца актуальным такое праграмнае забеспячэнне, як софтфоны з падтрымкай пратаколу SIP.

Софтафонаў з адкрытым зыходным кодам існуе ўжо нямала - Ekiga, Linphone, Twinkle. У канцы першай паловы жніўня атрымаў новы імпульс у развіцці і SIP-софтфон SFLPhone, створаны канадскай кампаніяй Savoir-Faire, і які распаўсюджваецца па свабоднай ліцэнзіі.

Па-першае, SFLPhone абнавіўся да версіі 1.2. Па-другое, SFLPhone абзавёўся версіяй для працоўнага асяроддзя KDE, якое цяпер перажывае ледзь не другое нараджэнне і новы ўсплёск цікавасці з боку карыстальнікаў Linux-сістэм.

SFLPhone 1.2 зараз уваходзіць у KDE Playground - рэпазітар для прыкладанняў, якія рыхтуюцца да ўключэння ў асноўны склад платформы. Гэта значыць, што ў хуткім часе SFLPhone стане такой жа натуральнай кампанентай KDE, як файлавы мэнэджар Dolphin або прагляднік файлаў Okular. І нават можна чакацьт версіі SFLPhone для Windows, так як праект KDE рухаецца і ў напрамку падтрымкі аперацыйных сістэм Windows і Mac OS X.

Акрамя інтэрфейсу для KDE софтфон SFLPhone мае інтэрфейсы для GNOME і кансольны варыянт на Python. Софтфон падтрымлівае пратаколы SIP і IAX2, мноства акаўнтаў, танальны набор (DTFM), STUN, шыфраванне (SRTP, ZRTP, SDES, TLS), P2P-званкі, відэазванкі, абмен паведамленнямі, шматкарыстальніцкія канферэнцыі.

Асноўнай ідэяй SFLPhone з'яўляецца прастата выкарыстання софтфона. Напрыклад, у ім актыўна ўжываюцца розныя тыпы drag'n'drop.

Хіба што зараз, пасля вядомых падзей, асцярогу выклікае знешні дызайн гэтага софтфона. Падазрона выглядае тое, што ён прамавугольны па форме, і мае таксама скругленыя бакі, што маюць усе прыкладанні KDE. Як бы Apple, якой пасля перамогі над Samsung належаць цяпер усе правы на ўсе прамавугольнае са скругленымі бакамі, судовыя прэтэнзіі не прад'явіла б.


PCLinuxOS 2012.8

У працяг тэмы аб росце цікавасці да KDE варта сказаць і пра дыстрыбутыў PCLinuxOS. На мінулым тыдні было абвешчана аб выхадзе чарговай версіі PCLinuxOS 2012.8.

PCLinuxOS чымсьці падобны на Ubuntu - гэта Live-дыстрыбутыў Linux з магчымасцю ўсталёўкі аперацыйнай сістэмы на жорсткі дыск. Гэтак жа ён падобны на расійскі дыстрыбутыў ALTLinux, так як, застаючыся RPM-based дыстрыбутывам, PCLinuxOS выкарыстоўвае менеджэр APT і яго графічны інтэрфейс Synaptic ў якасці ўтыліт кіравання пакетамі. Гэтак жа гэты дыстрыбутыў чымсьці падобны на Mandriva, так як у ім выкарыстоўваецца той жа, што і ў Mandriva Linux, адзіны цэнтр кіравання сістэмай drakconf.

А яшчэ PCLinuxOS падобны на Arch Linux. У сістэме маецца падтрымка rolling-рэжыму, калі абнаўлення пакетаў выходзяць увесь час, і карыстач у любы момант мае магчымасць перайсці на апошнія версіі праграм без чакання чарговага стабільнага выпуску дыстрыбутыва.

Іншымі словамі, можна сказаць, што PCLinuxOS увабраў у сябе ўсё лепшае з іншых сістэм. І ў якасці лепшага рабочага асяроддзя ў дыстрыбутыву выкарыстоўваецца KDE, хоць ёсць яшчэ варыянты з абалонкамі LXDE і XFCE. Менавіта KDE-версіі PCLinux 2012.8 першымі з'явіліся 22-га жніўня,

Арыгінальнай асаблівасцю PCLinuxOS з'яўляецца наяўнасць праграмы MyLiveCD. Гэта праграма служыць для стварэння копіі ўсталяванай сістэмы, якую можна запісаць як LiveCD/DVD для наступнай ўстаноўкі на іншую машыну альбо для аднаўлення сістэмы пасля збою.


Генератар тэкстур Evolvotron

Нягледзячы на багацце хвалючых палітычных навін у свеце, павінен жа быць у чалавека і час для рэлаксацыі, медытацыі і чыстага абстрактнага крэатыву без усялякіх ідэалагічных алюзій?

Для медытацыі, рэлаксацыі і крэатыву як раз ёсць добрая свабодная праграма пад назвай Evolvotron. Гэтая праграма з'явілася ў канцы 80-х мінулага стагоддзя. Потым развіццё праграмы на некаторы час прыпынілася. Але 19 жніўня гэтага года адбылося адраджэнне праекта Evolvotron. На Sourceforge з'явіліся абнаўлення гэтай свабоднай праграмы для эксперыментальнага мастацтва. Код распаўсюджваецца пад ліцэнзіяй GPL, а само прыкладанне цяпер заснавана на фрэймворку Qt4.

Прынцып працы Evolvotron наступны: праграма генеруе выпадковыя ўзоры і ў інтэрактыўным рэжыме дае магчымасць выбраць адзін з атрыманых варыянтаў. На аснове абранага варыянту будзе створана новая серыя узораў, якія зноў мутыруюць згодна некатораму алгарытму. Параметры мутацый можна пры жаданні задаваць у наладах. І гэты "творчы" працэс можна працягваць да таго часу, пакуль не надакучыць ці ж не атрымаецца што-небудзь арыгінальнае і прыгожае.

Іншымі словамі, Evolvotron - гэта прыклад прыкладання для інтэрактыўнага "эвалюцыйнага мастацтва", у выніку працы якога можна атрымаць цікавыя абстрактныя выявы, тэкстуры, шпалеры для працоўнага стала. Ёсць магчымасць ствараць маляўнічыя анімацыі. З прыкладамі, атрыманымі ў Evolvotron, можна пазнаёміцца на сайце праграмы.


Blender на Android

Рана ці позна гэта павінна было здарыцца, і гэта здарылася, У жніўні з'явіліся паведамленні аб партаванні вядомага вольнага прыкладання для працы з трохмернай графікай Blender на мабільную платформу Android.

Ужо падрыхтаваны спецыяльныя apk-файлы, які дазваляюць ўсталяваць Blender на планшэт. Напрыклад, добра запускаецца Android-версія на планшэце Nexus 7.

Трэба, вядома, сказаць, што ў Android-версіі Blender рэалізаваны яшчэ не ўсе функцыі. Але інтэрфейс працуе, і можна запусціць анімацыю гатовай трохмернай сцэны.


RaspCherry Pi

Не перастае радаваць сітуацыя з развіццём мінікампутара Raspberry Pi. Таму як гэты праект развіваецца сапраўды па тым жа прынцыпам, што і вольнае праграмнае забеспячэнне.

У сілу адкрытасці "малінавага" мінікампутара, кожны можа на яго аснове збудаваць нешта сваё. І вось ужо ўсё больш і больш энтузіястаў дзейнічаюць на ніве субкультуры DIY (ад англ. Do It Yourself - "зрабі гэта сам").

Напрыклад, на аснове Raspberry Pi і кампутарнай клавіятуры можа атрымаць выдатны ўзор кампутара ў старастыльным формафактары Comodore 64. Гэта калі кампутарная начынне "зафаршырована" непасрэдна ў клавіятуру.

На практыцы гэта і ажыццявіў адзін нямецкі энтузіяст і ўмелец, які тут жа падзяліўся і інструкцыямі па стварэнні сваёй арыгінальнай прылады.

У якасці клавіятуры ён узяў вядомую мадэль Cherry G80-3000, унутр якой быў змешчаны непасрэдна сам "малінавы" мінікампутар, а таксама да яго былі дададзены яшчэ некалькі партоў USB. У выніку атрымаўся вельмі стыльны і кампактны хатні кампутар, які можна хутка і без праблем падключаць да любога маніторы ў доме. Дадзеная кампутарная мадэль адпаведна атрымала назву RaspCherry Pi.

Упэўнены, што і ў далейшым з'явяцца яшчэ нямала цікавых рэчаў на аснове Raspberry Pi. І, вядома ж, паспрабуем з імі пазнаёміць чытачоў і на сайце "КВ".

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также