Навіны вольнага ПЗ

Мінулы тыдзень прайшоў пад знакам выставы спажывецкай электронікі CES 2013 у Лас-Вегасе, дзе было паказана нямала прылад, якія выкарыстоўваюць праграмнае забеспячэнне з адкрытым кодам і ядром Linux. Увагі заслугоўваюць таксама медыяцэнтр RasPyPlayer, як новы кірунак распрацоўкі ПЗ і новая версія OpenVPN для арганізацыі "Віртуальных Прыватных Сетак".


Прыставак больш чым гульняў

Казаць пра кампутарныя забаўкі трэба, вядома ж, у апошнюю чаргу. Але на гэты раз агляд пачнем менавіта з навін са свету кампутэрных гульняў. Вельмі ўжо раптам вырасла цікавасць распрацоўшчыкаў гульняў да Linux. Нават Blizzard, дзе створаны Diablo, Starcraft і Warcraft, калі верыць чуткам, у гэтым годзе рыхтуе нейкі буйны Linux-праект. А на выставе спажывецкай электронікі CES 2013 было прадстаўлена адразу некалькі гульнявых кансоляў з аперацыйнымі Linux-сістэмамі.

Хоць, па праўдзе кажучы, з'яўленне такіх прыставак цалкам лагічна. Гэты сектар забаў перажывае зараз трансфармацыю, і гульнявая індустрыя спрабуе пашырыцца на новыя платформы. Тым больш, відавочна, што платформа PC, як гульнявая сістэма, здае свае пазіцыі. Падагравае ажыятаж у гэтай галіне і папулярны сэрвіс краудфандынга Kikstarter, дзе што ні праект, то гульня ці чарговая прыстаўка на аснове Android.

На мой погляд, самай цікавай прыстаўкай для лінуксоіда з'яўляецца варыянт пад імем Piston, які ствараецца Valve сумесна з кампаніяй Xi3. Па-першае, гэта будзе магутны мініятурны кампутар з чатырохядзерным працэсарам і з цвёрдым дыскам памерам 1 Тб. "Пістон" будзе пабудаваны на модульным прынцыпе, які дапускае абнаўленне памяці і CPU.

 

Па-другое, гульнявая кансоль Valve будзе заснаваная на Linux. І, самае галоўнае, "Пістон" будзе адкрытай для карыстальнікаў платформай, дзе застанецца магчымасць усталёўкі любой іншай АС замест стандартнай прашыўкі.

Свой прататып кансолі прадставіла і кампанія NVIDIA. Прататып называецца SHIELD і заснаваны на працэсары Tegra 4. Гэта новае пакаленне высокапрадукцыйных мабільных працэсараў архітэктуры ARM.

SHIELD будзе працаваць на мабільнай платформе Android. Патчы з пачатковай падтрымкай Tegra 4 для ядра Linux ужо апублікаваныя, як і апублікаваны код для падтрымк кантролераў APB DMA і i2c, што і выкарыстоўваюцца ў Tegra 4.

І, нагадаем, што ў канцы снежня была выпушчана першая партыя прыстаўкі Ouya, якая сабрала на Kickstarter больш за восем з паловай мільёнаў народных даляраў на сваё развіццё. Настолькі яна спадабалася народным фінансістам.

Прыстаўка Ouya заснавана на NVIDIA Tegra 3 і працуе пад кіраваннем Android. На ўмовах ліцэнзіі Apache 2.0 адкрыты зыходныя тэксты інструментара для распрацоўкі гульняў, а самі гульні будуць распаўсюджвацца праз уласны магазін прыкладанняў.

Рабіць якія-небудзь прадказанні аб будучыні гэтых прылад пакуль рана. Магчыма, што ў выніку канкурэнцыі да канца года пра многія з іх прыйдзецца забыцца. Але ўсё роўна, як кажуць у такіх выпадках, свет ужо не будзе такім як раней.


Смартфоны-альтэрнатывы

Вось ужо, што можна назваць нечаканым, дык гэта з'яўленне на CES 2013 у Лас-Вегасе Марка Шаттлварта са смартфонам, на якім жвава працавала мабільная рэдакцыя Ubuntu. У якасці канкрэтнай мадэлі, на якой дэманстравалася Ubuntu Phone OS, выкарыстоўваўся апарат Samsung Galaxy Nexus. Гэты тэлефон выкарыстоўваўся ў Canonical ў якасці базавай прылады для распрацоўкі Ubuntu Phone.

Аднак пакуль уладальнікам такога смартфона "памацаць" Ubuntu Phone OS і пратэставаць працу GPS, датчыкаў і камеры не атрымаецца. Распрацоўка некаторых базавых прыкладанняў яшчэ не завершана, таму зыходныя тэксты сістэмы і вобразы прашыўкі для Samsung Galaxy Nexus будуць апублікаваныя толькі ў канцы зімы. А пакуль цікавасць да мабільнай сістэмы Шаттлварта можна задаволіць з дапамогай відэаролікаў.

На гэтых роліках Ubuntu Phone OS выглядае нядрэнна. Сістэма мае такі ж вертыкальны бакавы лаунчэр, як і ў асяроддзі Ubuntu Unity. Але з іншага боку не пакідае адчуванне таго, што ў чымсьці Ubuntu Phone OS нагадвае Windows Phone 8.

Калі казаць аб далейшым практычным прымяненні Ubuntu Phone OS, то было б, вядома, выдатна, калі б гэтая аперацыйная сістэма магла спатрэбіцца для ўстаноўкі на старыя смартфоны Android. Бо ў многіх валяюцца ў хаце такія састарэлыя гуглафоны. Калі на іх можна будзе ўсталёўваць Ubuntu Phone OS, то гэта было б вельмі выдатна, як для карыстальнікаў, так і для самой Ubuntu.

І само сабой на CES 2013 быў прадэманстраваны "Лісафон" - смартфон з аперацыйнай сістэмай Firefox OS, якую распрацоўвае фонд Mozilla. Пра гэтую АС мы ўжо не раз пісалі, і нічога нечаканага ў яе чарговай дэманстрацыі няма.

На гэты раз быў прадэманстраваны апарат з Firefox OS без апазнавальных знакаў фірмы-вытворцы. Аднак першым брэндам, які ў бліжэйшы час здольны выпусціць смартфон на базе Firefox OS, можа стаць кампанія ZTE. Пра гэта стала вядома са слоў Чэнга Ліксіна (Cheng Lixin), генеральнага дырэктара аднаго з падраздзяленняў ZTE. Смартфоны з Firefox OS, у першую чаргу, будуць прызначаныя для еўрапейскага рынку.

Нягледзячы на шмат перашкод, якія прыйдзецца пераадольваць Ubuntu Phone OS і Firefox OS на шляху да сэрца карыстальнікаў, шанцы ў гэтых сістэм ёсць. На самай справе гуглафоны з Android ужо многім паднадакучылі, і хочацца чагосьці такога новенькага. Таму як раз у гэтым годзе пераможнае шэсце Android можа і запаволіцца дзякуючы новым мабільным АС.


RasPyPlayer

Тым часам, мінікампутар Raspberry Pi, які стаў адкрыццём мінулага года, спарадзіў новы напрамак у праграмаванні. Паступова з'яўляюцца праграмы, напісаныя спецыяльна для гэтай мініпрылады.

Напрыклад, многія спрабуюць выкарыстоўваць "Малінкіу" як медыяцэнтр на аснове XBMC. Але медыяцэнтр XBMC цяжка назваць эфектыўным выбарам для Raspbery Pi. Усё ж такі "Малінка" мае абмежаваную магутнасць працэсара.

Таму адзін з распрацоўшчыкаў-энтузіястаў вырашыў напісаць свой уласны медыяцэнтр RasPyPlayer. Гэты просты медыяцэнтр можа працаваць на працэсарах з ARM-архітэктурай і з 256 Мб аператыўнай памяці.

Пры стварэнні RasPyPlayer выкарыстоўваліся Python 3, Tkinter, SQLite 3. Распаўсюджваецца код на ўмовах ліцэнзіі GNU GPL.

У якасці праграмнага ядра для прайгравання медыяфайлаў прымяняецца плэер

OMXPlayer. Гэты медыяплэер таксама распрацаваны спецыяльна для Raspberry Pi і ўмее выкарыстаць перавагі апаратнага дэкадавання, якое выкарыстоўваецца ў GPU Raspbery Pi.

Сам OMXPlayer працуе толькі з каманднага радка і кіруецца клавішамі клавіятуры. Але зараз да яго маецца і абалонка RasPyPlayer.


OpenVPN 2.3

У адрозненне ад кампутарных гульняў выхад новай версіі OpenVPN 2.3 - гэта, вядома ж, самая не забаўляльная навіна за мінулы тыдзень, але пры гэтым самая карысная. Тэхналогіі пад назвай "Прыватныя Віртуальныя Сеткі" (Virtual Private Network) дазваляюць ствараць абароненыя сеткавыя злучэння па-над ненадзейнымі публічнымі сеткамі, напрыклад, Інтэрнэт. Падобныя абароненыя сеткавыя камунікацыі шырока запатрабаваныя і ў індывідуальных, і ў карпаратыўных карыстальнікаў.

Так, напрыклад, у арганізацыях і ўстановах тэхналогія VPN выкарыстоўваецца для аб'яднання сетак цэнтральнага офіса і яго філіялаў праз Інтэрнэт. А для індывідуальных карыстальнікаў рэкамендуецца асвоіць VPN і запускаць абаронены тунэль пры падключэнні да адкрытых публічных кропках доступу Wi-Fi, каб не баяцца за свае паролі і іншую прыватную інфармацыю.

OpenVPN - гэта адна з непасрэдных рэалізацый тэхналогій "Віртуальнай Прыватнай Сеткі" з адкрытым зыходным кодам, які распаўсюджваецца пад ліцэнзіяй GNU GPL. OpenVPN забяспечвае рашэнне практычна ўсіх задач па арганізацыі шыфраваных сеткавых злучэнняў розных тыпаў: вузел-сетка, сетка-сетка. Для лінуксоіда здольнасць вырашаць хоць бы некаторыя сеткавыя задачы з дапамогай OpenVPN - гэта адно з абавязковых уменняў.

Для стварэння надзейнага сеткавага тунэлю праз Інтэрнэт OpenVPN выкарыстоўвае пратакол SSL/TLS, які рэалізуецца з дапамогай бібліятэкі OpenSSL. Падтрымліваюцца гнуткія метады аўтэнтыфікацыі кліента на аснове сертыфікатаў, смарт-карт, імя карыстальніка і пароля. Таксама даступныя палітыкі кантролю доступу карыстальніка ці групы. Кампрэсія струменя дадзеных ажыццяўляецца з дапамогай бібліятэкі кампрэсіі LZO.

Самым моцным бокам праекта OpenVPN з'яўляецца тое, што гэта кросплатформеннае праграмнае забеспячэнне, якое выкарыстоўвацца на Solaris, OpenBSD, FreeBSD, NetBSD, GNU/inux, Apple Mac OS X, QNX, Microsoft Windows, Android.

І немалаважна, што праект працягвае развівацца. Пра гэта і сведчыць выхад новай версіі 2.3.

У новай версіі рэалізавана поўная падтрымка IPv6, якая ўключае як злучэнне па IPv6 паміж кліентам і серверам, так і перадачу IPv6-трафіку па тунэлі.

Падтрымка SSL зараз з'яўляецца модульнай, што дае магчымасць выкарыстання ў OpenVPN розных бібліятэк SSL, не толькі OpenSSL. У цяперашні час акрамя OpenSSL дададзена падтрымка пакета PolarSSL.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также