Навінкі вольнага софту

Нядаўна адбылося выйсце дыстрыбутыва Ubuntu 13.10 "Дзёрзкая Саламандра". У гэтым аглядзе новую "Убунту" спачатку трошкі пакрытыкуем, потым трошкі пахвалім у параўнанні з Windows 8, а напрыканцы агляду гэту новую сістэму трошкі наладзім.


Ні тое ні сёе

Калі па праўдзе сказаць, то дыстрыбутыў Ubuntu 13.10 атрымаўся так сабе. Напачатку гэтага года распрацоўнікі сістэмы і асабіста Марк Шаттлварт абяцалі ў восень некалькі рэвалюцый: і новы дысплейны сервер Mir замест старога класічнага Xorg, і працоўную абалонку Unity 8 на бібліятэках Qt, і нават збіралі пры дапамозе Kickstarter грошы на выпуск "убунтуфона". Аднак усе гэтыя планы рэалізаваць не атрымалася. Графічны сервер банальна не хапіла сіл і сродкаў закончыць да выйсця Ubuntu 13.10, а авантура са зборам грошай на "ўбунтуфон" хоць і прыгожа, але ж такі правалілася.

У выніку "Дзёрзкая Саламандра" ў сваім развіцці недалёка адыышла ад версіі Ubuntu 13.04, якую таксама ў свой час абяцалі зрабіць рэвалюцыйнай сістэмай. Таму, калі маецца на кампутары старая версія Ubuntu, і гэта версія здавальняюча працуе, то нават няма вялікага сэнсу абнаўляцца. Хіба што калі патрэбны магчымасці новай версіі ядра Linux ці ёсць жаданне паэксперыментаваць з Unity 8 і Mir, якія можна ўсталяваць асобна. Тым больш што для Ubuntu маюцца персанальныя архівы пакетаў PPA (Personal Packages Archive), размешчаных на рэсурсе Launchpad.net. Гэта асобнае ад афіцыйнага рэпазітара сховішча пакетаў, дзе размяшчаюцца самыя свежыя праграмы для некалькіх версій Ubuntu. Што ў сваю чаргу дазваляе не спяшацца абнаўляцца з кожным новым выпускам Ubuntu, а камфортна сябе адчуваць і на LTS-версіі дыстрыбутыва з працяглым тэрмінам падтрымкі, апошняй з якіх з'яўляецца Ubuntu 12.04.


Рэгрэсіі

 

Адной з прычын застацца на мінулых версіях Ubuntu з'яўляюцца рэгрэсійныя памылкі. Гэта самыя крыўдныя памылкі ў ПЗ, калі спачатку якая-небудзь функцыя працуе, але ў новых версіях праграмнага забеспячэння раптам працаваць перастае.

Так, напрыклад, у мінулых версіях Ubuntu функцыя пераключэння раскладкі клавіятуры хоць і не была ўзорам дасканаласці, але, тым не менш, худа-бедна працавала. У Ubuntu 13.10 зроблены новы індыкатар для выбару раскладкі клавіятуры і выкліку моўных налад. Але зараз назіраюцца праблемы з індыкатарам у выпадку выкарыстання клавіш CapsLock, Alt+Shift і Ctrl+Shift. У мяне, напрыклад, індыкатар ніяк не рэагуе на камбінацыю Alt+Shift, хоць раскладка клавіятуры пры гэтым перамыкаецца. У некаторых выпадках паводзіны новай функцыі змены раскладкі зусім непрадказальныя.

У Linux заўсёды можна знайсці альтэрнатыўныя спосабы рашэння праблемы, і хітрыя лінуксоіды ў дадзеным выпадку прапануюць усталяваць праграму для аўтаматычнага пераключэння паміж раскладкамі клавіятуры X Neural Switche ці скарыстацца кансольнай утылітай gsettings для налады параметраў асяроддзя GNOME 3. Але ў любым з гэтых выпадкаў рашэнне праблемы нельга назваць здавальняючым.

І яшчэ некалькі рэгрэсій, якія раней не назіраліся.

У новым дыстрыбутыве Ubuntu у мяне бывалі выпадкі, што раптам знікала сістэмная кнопка ў выглядзе шасцярэнькі ў трэі Unity. А пасля ўсталёўкі дадатковага графічнага асяроддзя LXDE у гэтай легкаважнай абалонцы перастала функцыянаваць кнопка выключэння кампутара ў сістэмным меню.

Засталіся з мінулай версіі Ubuntu 13.04 праблемы з кадаваннем відэа, калі пры перакадаванні відэароліка з'яўляюцца непрыемныя артэфакты гучання гукавых дарожак. Да гэтага часу не магу лакалізаваць гэту праблему.

Таксама, пачынаючы з версіі Ubuntu 13.04, перастаў працаваць сінтэзатар ZynAddSubFX. Гэта праграма, вядома, рэдка кім цяпер выкарыстоўваецца, але мне яна падабаецца. А ў "Дзёрзкай Саламандры" яшчэ і выдалілі выдатны набор прылад Will Godfrey Collection для гэтага сінтэзатара.

Падкрэслю, у мінулых версіях аж да Ubuntu 12.10 пералічаныя праблемы ў мяне не назіралася.


Перавага Ubuntu

Але каб не склалася ўражанне, быццам Ubuntu - гэта нейкі жах, скажу трохі і добрага ў адрас гэтай сістэмы. Бо ўсё, як вядома, спазнаецца ў параўнанні. А я, напрыклад, шчаслівы ўладальнік наўтбука з прадусталяванай Windows 8. І па асабістых назіраннях "Васьмёркі" магу сказаць, што жах - гэта зусім не пра Ubuntu.

І справа не ў нейкіх тэхнічных нескладанасцях, і нават не ў мадэрнізме сучасных карыстацкіх інтэрфейсаў. Галоўная праблема Windows 8 - гібрыдны рэжым інтэрфейсу. Гэта калі ў сістэме адначасова выкарыстоўваецца і новы інтэрфейс "Мятро", і стары працоўны стол Windows 7. Прычым сюды яшчэ і вытворцы наўтбукаў спрабуюць даўсталяваць свае нейкія "свістулькі", што яшчэ больш пагаршае сітуацыю. Падчас працы даводзіцца ўвесь час пераскокваць ад плітак да стандартнага стала і назад, што стамляе. Іншымі словамі, Windows 8 - гэта як калі, напрыклад, паспрабаваць скрыжаваць у адзіную абалонку GNOME 3 і KDE 4. На мой погляд, карыстачу трэба даць не гібрыд, а выбар: ці "Мятро", ці інтэрфейс Windows 7.

У гэтым стаўленні ў параўнанні з Windows 8 інтэрфейс Ubuntu Unity, як і GNOME 3, выглядае не перагружаным, лагічным і цэласным. І калі ў Windows 8 пакінуць адзін інтэрфейс "Мятро", выдаліўшы з яго ўсе гэтыя Snap і Charms, то "Васьмёрка" будзе практычна тая ж самая "Убунта". Іншымі словамі, "Убунту" можна рэкамендаваць нават тым, хто пачынае вывучаць прынцыпы Modern UI Windows 8, таму што прынцыпы працы ў абодвух выпадках аднолькавыя.

  • пліткі "Мятро" - тое ж самае, што і панэль лончэра Ubuntu Unity з абразкамі найболей частых прыкладанняў;
  • абедзве абалонкі разлічаны на працу з клавіятурай, ці іншымі словамі - на наўтбукі, якія цяпер і вызначаюць рынак ПК;
  • адпаведна запуск прыкладанняў і праца з дадзенымі ў абедзвюх абалонках галоўным чынам ажыццяўляецца праз сістэмны пошук.

Прычым у "Мятро" гэты пошук нават больш камфортны, бо можа ажыццяўляцца прама на панэлі "Пуск", без пераходу на дадатковую панэль, як гэта робіцца ў Ubuntu, дзе для гэтага трэба перайсці ў панэль Dash. Затое Dash у Ubuntu 13.10 стаў вельмі магутным і функцыянальным дзякуючы падтрымцы тэхналогіі "разумных абласцей" (Smart Scopes).

Smart Scopes - гэта спроба ператварыць Dash у магутную вобласць пошуку сярод мноства крыніц дадзеных. Зараз у Dash з'явілася адмысловая вобласць з фільтрамі, якія дазваляюць сартаваць як лакальныя вынікі пошуку, так і дадзеныя пошуку па анлайн-сэрвісам - IMDb, Open Clip Art, SoundCloud, Yahoostock, Amazon і іншых. Гэта вобласць з фільтрамі мае шмат кнопак, якія дазваляюць сартаваць вынікі пошуку па катэгорыях.

А для аматараў класічных інтэрфейсаў са старым добрым сістэмным меню ёсць выдатная версія Kubuntu на аснове інтэрфейсу KDE 4. І ніякіх табе гібрыдных рэжымаў.


Налада

І напрыканцы некалькі рад па наладзе Ubuntu 13.10, для тых, хто вырашыць гэты дыстрыбутыў усёткі ўсталяваць. Пачнём з практычнага прыкладу дэманстрацыі моцы сістэмы Smart Scopes, якая з'явілася ў "Дзёрзкай Саламандры".

У Ubuntu Dash пошукавыя запыты па змаўчанні адпраўляюцца таксама і на розныя камерцыйныя сэрвісы. Сярод гэтых сэрвісаў Amazon, Music Store, Popular Tracks Online, Skimlinks, Ubuntu One Music Search, Ubuntu Shop і іншыя. Вынікі апрацоўкі запытаў з гэтых сэрвісаў і з'яўляюцца ў Dash у выглядзе камерцыйных рэкламных прапаноў. У большасці выпадкаў для беларускага карыстача гэтыя сэрвісы вялікай карысці не ўяўляюць і іх можна адключыць хоць бы для павелічэння ўласнай ананімнасці ў Сетцы. З дапамогай Smart Scopes іх можна вытанчана выключаць мышкай, не звяртаючыся да каманднага радка. Для гэтага ў Ubuntu 13.10 трэба зайсці ў Dash, абраць унізе ўкладку "Пошук прыкладанняў", потым перайсці ў фільтры Smart Scopes "Адфільтраваць вынікі" і тут выбраць фільтр "Dash plugins". Пасля гэтага ў галоўным акне Dash выбіраем непатрэбную нам лінзу-ўбудову камерцыйнага сэрвісу правай кнопкай мышы і націскаем кнопку "Выключыць".

Але адключэнне збору інфармацыі вонкавымі сэрвісамі - гэта не адзіная рада па павелічэнні прыватнасці. У Ubuntu маецца адмысловы "шпіёнскі" модуль Zeitgeist, які лакальна займаецца зборам інфармацыі пра актыўнасць карыстача ў сістэме. Гэта сістэмная служба вядзе лог адкрыцця файлаў, прагляду відэа, фатаграфій і г.д. Параметры Zeitgeist наладжваюцца ў "Параметры сістэмы - Бяспека і прыватнасць". Прагледзець логі Zeitgeist можна пры дапамозе праграмы Activity Journal, якую лёгка знайсці ў стандартным рэпазітары (пакет gnome-activity-journal).

Для больш камфортнага кіравання наладамі прыватнасці і Zeitgeist рэкамендуецца аплет Privacy Indicator, які можна запампаваць непасрэдна з сайта яго аўтара. Пасля ўсталёўкі значок аплета з'явіцца ў панэлі індыкатараў і, пстрыкнуўшы па ім, можна хутка ўключыць ці выключыць не толькі логі Zeitgeist, але і пошукавыя запыты анлайн у Dash.

Трэцяя рада. Так як рэсурс Medibuntu, з якога можна было ўсталяваць у Ubuntu усе дадатковыя зачыненыя прапрыетарныя відэа- і аўдыё-кодэкі, зачынены, тое ўзяць іх прыйдзецца з афіцыйнага рэпазітара Canonical. Усталяваць усе кодэкі можна адным пакетам ubuntu-restricted-extras, у выніку чаго ў сістэме будзе ўсталяваны таксама і флэш-плагін, і нават некаторыя папулярныя шрыфты Microsoft. Дадаткова можна ўсталяваць пакет libavformat-extra-53, і, напрыклад, у рэдактарах відэа з'явіцца значна больш магчымасцяў па кадаванні відэа.

sudo apt-get install ubuntu-restricted-extras libavformat-extra-53

І апошняя рада. У мінулы раз для налады Ubuntu 13.04 мы рэкамендавалі ўтыліту Ubuntu Tweak, новая версія якой ужо гатовая і для "Дзёрзкай Саламандры". Гэтым разам адзначым утыліту для налады толькі графічнага асяроддзя Unity - Unity Tweak Tool. Гэта ўтыліта дазваляе карыстачу змяняць розныя налады графічнага асяроддзя, пачынальна з тэмы GTK+ і сканчаючы кнопкамі кіравання акном праграм. Можа спатрэбіцца тым, хто ў сілу асаблівасцяў свайго зроку спрабуе наладжваць вонкавы выгляд Ubuntu.

Unity Tweak Tool маецца ў стандартным рэпазітары дыстрыбутыва.

sudo apt-get install unity-tweak-tool

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также